Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН прапануе забараніць адзіночнае зьняволеньне


Вядучы спэцыяліст ААН у расьсьледаваньні катаваньняў, прафэсар права Амэрыканскага ўнівэрсытэту ў Вашынгтоне Хуан Мэндэс заклікаў усясьветную супольнасьць спыніць практыку выкарыстаньня працяглага адзіночнага зьняволеньня ў турмах.

Выступаючы на пасяджэньні Камітэту па правах чалавека Генэральнай асамблеі ААН, Мэндэс заявіў, што поўная ізаляцыя можа стаць прычынай сур'ёзных псыхічных расстройстваў і хваробаў і таму па сваёй сутнасьці можа быць прыроўненая да катаваньняў.

У тым выглядзе, у якім адзіночнае заключэньне практыкуецца ў большасьці краінаў, яно "зьяўляецца прадметам маштабных злоўжываньняў", сьцьвярджае прафэсар.

Прафэсар Мэндэс лічыць, што адзіночнае зьняволеньне можна ўжываць, каб захаваць бясьпеку вязьня. Аднак тэрмін такой ізаляцыі не павінен перавышаць 15 сутак.

Паводле дасьледаваньняў, на якія спасылаецца Мэндэс, нават некалькі дзён у адзіночнай камэры адбіваюцца на псыхалягічным самаадчуваньні і псыхічным здароўі, перадае BBC.

"У адзіночцы карысна пасядзець дзён 10—15, падумаць... Але зь цягам часу знаходжаньне ў адзіночнай камэры пераўтвараецца ў катаваньне. Папраўдзе пачынае "ехаць дах". Вельмі цяжка, калі доўга няма навінаў, калі ты ўжо не арыентуесься, што адбываецца. Так, я пацьвярджаю, што гэта форма катаваньняў. Калі яе скасуюць, то ў беларускіх калёніях прыдумаюць нешта новае, каб ціснуць на вязьняў", — заявіў "Свабодзе" былы палітвязень Мікіта Ліхавід, які шмат сутак правёў у адзіночцы.
XS
SM
MD
LG