Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Санкт-Пецярбургу кіраўнікі шэрагу ўрадаў краін СНД падпісалі Дамову аб стварэньні зоны вольнага гандлю. Паводле заявы Ўладзімера Пуціна, гаворка ідзе аб стварэньні новага падмурку гандлёва-эканамічных адносінаў у рамках СНД.

“У выніку доўгіх, вострых, але ўсё-ткі канструктыўных перамоваў мы прыйшлі да вырашэньня галоўнага пытаньня, дзеля якога мы сёньня сабраліся. Мы дамовіліся аб падпісаньні сёньня дамовы аб зоне свабоднага гандлю ў СНД”, – заявіў прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін.

“Гэта фундамэнтальны дакумэнт, які будзе ляжаць у аснове адносін на працяглую пэрспэктыву”, – дадаў Пуцін.

Ён адзначыў, што яшчэ ў 1994 годзе краіны СНД падпісалі дамову аб стварэньні зоны свабоднага гандлю, аднак той дакумэнт ня быў ратыфікаваны многімі дзяржавамі, у тым ліку Расеяй. Праца над новым дакумэнтам вялася амаль дзесяць гадоў, а з 2009 года ішла ў інтэнсіўным рэжыме, вынік дасягнуты, паводле прэм'кр-міністра, "дзякуючы кваліфікаванай экспэртнай працы".

“Сёньня можна выказаць здагадку, як і якімі тэмпамі рос бы наш тавараабарот, калі б такая зона свабоднага гандлю ў нас працавала”, – заявіў Пуцін.

Паводле яго, вынік працяглых дыскусій у аўторак стаў нечаканым. “Мы дамовіліся, узгаднілі, паправілі тэкст і ўзгаднілі яго канчаткова”, – сказаў кіраўнік расейскага ўраду.

Дамова прадугледжвае спрашчэньне прававых асноў гандлёва-эканамічных адносін паміж краінамі, якія яго падпішуць, замену цэлага шэрагу шматбаковых і каля 100 двухбаковых дакумэнтаў, якія рэглямэнтуюць сёньня рэжым свабоднага гандлю на прасторы СНД.

Пуцін таксама падкрэсьліў, што пагадненьне аб зоне вольнага гандлю не супярэчыць ніякаму з абавязаньняў перад Сусьветнай гандлёвай арганізацыяй (СГА), да якой Масква спадзяецца далучыцца ў найбліжэйшай будучыні:

"Стварэньне зоны свабоднага гандлю ніякім чынам не супярэчыць прынцыпам і нормам СГА Больш за тое, некаторыя краіны, якія цяпер падпісалі дагавор – а менавіта Кыргызстан, Армэнія, Украіна і Малдова – ужо зьяўляюцца членамі Сусьветнай гандлёвай арганізацыі".

Тым ня менш, былі засьцярогі, што такія пагадненьні ў рамках СНД могуць абцяжарыць намаганьні такіх краін, як Украіна і Малдова, у справе далейшай інтэграцыі з Эўрапейскім зьвязам. Украіна знаходзіцца ў заключнай стадыі перамоваў аб зоне свабоднага гандлю і Пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ, хоць статус гэтых пагадненьняў пастаўлены пад сумнеў прысудам былому прэм'ер-міністру Юліі Цімашэнцы, які многія на Захадзе разглядаюць як палітычна матываваны.

18 кастрычніка былі таксама падпісаныя пагадненьне аб асноўных прынцыпах палітыкі ў галіне валютнага рэгуляваньня і валютнага кантролю ў краінах СНД і рашэньне аб канцэпцыі стратэгічнага разьвіцьця чыгуначнага транспарту дзяржаў СНД да 2020 г. Усяго ў Санкт-Пецярбургу падпісана 28 дакумэнтаў.


***

Паводле Вікіпэдыі, зона свабоднага гандлю – гэта тып міжнароднай інтэграцыі, пры якім у краінах-удзельніцах адмяняецца мыта, падаткі і зборы, а таксама колькасныя абмежаваньні ва ўзаемным гандлі ў адпаведнасьці зь міжнароднай дамовай. Гэта больш глыбокі тып інтэграцыі, чым прэфэрэнцыйныя пагадненьні. За кожнай краінай-удзельніцай захоўваецца права на самастойнае і незалежнае вызначэньне рэжыму гандлю ў адносінах да трэціх краін. У большасьці выпадкаў умовы зоны свабоднага гандлю распаўсюджваюцца на ўсе тавары акрамя прадуктаў сельскай гаспадаркі. Зона свабоднага гандлю можа каардынавацца невялікім міждзяржаўным сакратарыятам, разьмешчаным у адной з краін-членаў, але звычайна абыходзяцца без яго, а асноўныя парамэтры свайго разьвіцьця краіны ўзгадняюць на пэрыядычных нарадах кіраўнікоў адпаведных ведамстваў. Паміж краінамі-ўдзельніцамі захоўваюцца мытныя межы і пасты, якія кантралююць праходжаньне тавараў, якія перасякаюць іх дзяржаўныя мяжы.

Прыклады зонаў свабоднага гандлю:

Паўночнаамэрыканская зона свабоднага гандлю – НАФТА (North American Free Trade Agreement - NAFTA) – пагадненьне паміж ЗША, Канадай і Мэксыкай, якое уступіла ў сілу з 1994 г. Пагадненьне прадугледжвае паэтапную ліквідацыю мытных тарыфаў і нетарыфных бар'ераў як для прамысловых, так і для сельскагаспадарчых тавараў, абарону правоў інтэлектуальнай уласнасьці, выпрацоўку агульных правіл для інвэстыцый, лібэралізацыю гандлю паслугамі і стварэньне эфэктыўнага мэханізму для дазволу гандлёвых спрэчак паміж краінамі-ўдзельніцамі;

Эўрапейская асацыяцыя свабоднага гандлю – у 1960 г. падпісана пагадненьне паміж Ісьляндыяй, Ліхтэнштэйнам, Нарвэгіяй, Швэйцарыяй;

Балтыйская зона свабоднага гандлю – пагадненьне паміж Латвіяй, Літвой і Эстоніяй, падпісанае ў 1993 г. (страціла сілу ў 2004 г., з дня уступленьня краін-удзельніц у Эўрапейскі Зьвяз);

Цэнтральна-эўрапейскае пагадненьне аб свабодным гандлі – пагадненьне паміж Вугоршчынай, Польшчай, Румыніяй, Славакіяй, Славеніяй і Чэхіяй, падпісанае ў 1992 г. (страціла сілу ў 2004 г., з дня уступленьня краін-удзельніц у Эўрапейскі Зьвяз);

Аўстралійска-Новазэляндзкія гандлёвае пагадненьне аб паглыбленьні эканамічных сувязяў – падпісанае гэтымі дзьвюма краінамі ў 1983 г.;

Зона свабоднага гандлю паміж Калюмбіяй, Эквадорам і Вэнэсуэлай – пагадненьне было падпісана ў 1992 г.;

Бангкокскае пагадненьне – пагадненьне паміж Банглядэш, Індыяй, Рэспублікай Карэя, Лаосам і Шры-Ланкай, падпісанае ў 1993 г.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG