Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя - БНФ мае намер правесьці ў Менску два шэсьця і два мітынгі, прысьвечаныя Дню памінаньня продкаў "Дзяды".

Адказны сакратар Управы КХП-БНФ Алесь Чахольскі заявіў, што у Менгарвыканкам і Менскі абласны выканаўчы камітэт пададзеныя заяўкі на правядзеньне шэсьця 30 кастрычніка да ўрочышча Курапаты.

"Маршрут - традыцыйны. Збор 30 кастрычніка ў 10.30 каля гадзіньнікавага завода "Прамень", потым шэсьце па праспэкце Незалежнасьці, па вуліцах Каліноўскага, Сядых, Гамарніка, Мірашнічэнкі. Пачатак мітынгу ў Курапатах запланавана на 15 гадзінаў", - сказаў Чахольскі БелаПАН.

Акрамя таго, у Менгарвыканкам пададзеная заяўка на другое традыцыйнае шэсьце, якое праводзіць КХП - БНФ.

"На 6 лістапада пададзеная заяўка на шэсьце ад камвольнага камбінату да памятнага крыжу ў Лошыцкім яры. Таксама традыцыйна збор у 12 гадзінаў каля камвольнага камбінату, рух па вуліцы Маякоўскага да яра", - паведаміў прадстаўнік КХП-БНФ.

Пакуль адказу на абедзьве заяўкі няма, адзначыў Алесь Чахольскі.

"У Менску мы далучаемся да шэсьця ў Курапаты, якое ладзіць КХП-БНФ. А ў рэгіёнах нашыя актывісты будуць арганізоўваць талокі ў месцах, дзе пахаваныя ахвяры палітычных рэпрэсіяў", - заявіў у інтэрвію «Свабодзе» кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, адказваючы на пытаньне пра пляны ПБНФ.

"Мы падтрымаем акцыю як шараговыя ўдзельнікі. Наша кіраўніцтва таксама разглядае прапанову жыхароў Вялейкі далучыцца да ўпарадкаваньне мясцовасьці, дзе ў 1943 годзе была спаленая вёска Боркі.", — паведаміла прэсавы сакратар АГП Ганна Красуліна.

Былы кандыдат на прэзыдэнта, адзін з кіраўнікоў аргкамітэту стваранай партыі БХД Віталь Рымашэўскі паведаміў: "Звычайна мы далучаемся да шэсьця, якое ладзіць КХП-БНФ. Мы ня лічым патрэбным рабіць некалькі акцыяў на Дзяды. Я быў на шэсьці ў Курапаты летась, пляную яго наведаць і сёлета".

Мапа шэсьця ў Курапаты

Глядзець вялікую мапу Дзяды - 2011. Шэсьце ў Курапаты

Мапа шэсьця ў Лошыцкі Яр

Глядзець вялікую мапу Дзяды - 2011. Акцыя ў Лошыцы

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG