Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка аштрафавала грамадзкага актывіста, пэнсіянэра МУС Уладзімера Няпомняшчых на 105 тысяч рублёў за лаянку. Гэта другое пакараньне Ўладзімеру пасьля Народнага сходу.

7 кастрычніка позна ўвечары спадара Няпомняшчых затрымалі супрацоўнікі Цэнтральнага райаддзелу міліцыі на праспэкце Леніна, калі ён расклейваў налепкі пра Народны сход. Уладзімер не аднекваўся: сапраўды клеіў.

У дачыненьні да яго склалі пратакол за парушэньне парадку арганізацыі й правядзеньня масавага мерапрыемства й да суду адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

10 кастрычніка судзьдзя Алена Цалкова аштрафавала Ўладзімера Няпомняшчых на 175 тысяч рублёў.

Няпомняшчых: «Тады я з палёгкай выйшаў з залі суду. Аднак у калідоры мяне перастрэла судзьдзя Дамненка й запрасіла па абедзе на новы судовы разбор — за лаянку. Я быў вельмі зьдзіўлены гэтай акалічнасьці і папрасіў перанесьці суд, каб сабраць хоць нейкія доказы сваёй невінаватасьці — зрабіць здымкі, пачытаць і капіяваць рапарты міліцыянтаў».

Другі суд завяршыўся сёньня другім штрафам. Вырак выглядаў дзіўным: выкліканыя ў суд супрацоўнікі Цэнтральнага РАУСу Віталь Ятчанка, Андрэй Казлоў, Аляксандар Дзёмін, якія прысутнічалі на затрыманьні актывіста 7 кастрычніка, засьведчылі, што лаянкі ад яго ня чулі.


Як лічыць Няпомняшчых, судзьдзя пакарала яго на падставе ілжывага рапарту маёра Амельчанкі. І пратакол пра дробнае хуліганства за лаянку, на ягоную думку, склалі на падставе загаду начальства, каб хоць неяк апраўдаць ягоны арышт да суду і ня даць магчымасьці ўзяць удзел 8 кастрычніка ў Народным сходзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG