Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэхіі знайшлі радыяцыю з дапамогай беларускага гадзіньніка


Нечаканую разьвязку мела нядаўняя гісторыя з радыяцыйнай знаходкай у Празе. У чэскай сталіцы паблізу дзіцячай пляцоўкі на глыбіні 8 сантымэтраў пад зямлёй знайшлі невялікі металічны стрыжань з радыем-226, які ўтвараў высокі радыяцыйны фон. Знаходку зьліквідавалі, але дагэтуль ня могуць вызначыць яе паходжаньне. Таму ўвага мэдыяў зьвярнулася на той прыбор, які радыяцыю першапачаткова зафіксаваў. Ім аказаўся гадзіньнік беларускай фірмы «Polimaster» з убудаваным дазымэтрам.

Высокі радыяцыйны фон заўважыў быццам бы выпадкова малады чалавек Павал Быкаў, ураджэнец Украіны, як зь сям’ёй уцёк ад чарнобыльскай радыяцыі. Ён заўсёды носіць на руцэ гадзіньнік з дазымэтрам. На дзіцячай пляцоўцы прыбор пачаў падаваць сігнал небясьпекі...

Чэскія журналісты выклалі вэрсію, што гэта хітры рэклямны ход — маўляў, фірму «Полимастер», вытворцу гадзіньніка з дазымэтрам, ніхто ня ведае, гэта яе раскрутка ў Эўразьвязе. Тым больш, што нядаўна выбухнула Фукусіма, а вырабляюцца гадзіньнікі ў Беларусі, якая таксама некалі пацярпела ад радыяцыі. Прычым кошт гадзіньніка з дазымэтрам немалы — каля 20 тысяч чэскіх крон, гэта прыкладна 1100 даляраў.

Фірма «Полимастер» працуе ў Беларусі ўжо больш як 15 гадоў. Асноўны кірунак дзейнасьці — распрацоўка і вытворчасьць прыбораў радыяцыйнага кантролю. Ці мог згаданы ў чэскім друку Павал Быкаў прасоўваць яе прадукцыю ў Чэхіі і што за фірма «Empos», якая так дорага яе там прадае? Начальнік аддзелу зьнешнеэканамічных сувязяў «Полимастера» Сяргей Лукаш гэтую вэрсію абверг:

«Такога супрацоўніка ў нас ніколі не было, з такім прозьвішчам. І наагул, нашых супрацоўнікаў у Чэхіі ніколі не было, у нас там і дылераў нават няма».

Спажыўцы прадукцыі «Полимастера» — у асноўным войска, мытныя і памежныя службы, паліцыя, ратавальнікі, пажарныя. Ёсьць і прадукцыя для шырэйшай публікі — тыя ж з гадзіньнікі з дазымэтрам, якія папулярныя ў пілётаў, вандроўнікаў, мэдыкаў, спэцыялістаў атамных станцыяў, кажа Сяргей Лукаш:
Цяпер дазымэтар для вымярэньня гама-радыяцыі ў такім мініятурным аб’ёме, які дазволіў уставіць яго ў наручны гадзіньнік, выпускае толькі наша прадпрыемства.

«Цяпер дазымэтар для вымярэньня гама-радыяцыі ў такім мініятурным аб’ёме, які дазволіў уставіць яго ў наручны гадзіньнік, выпускае толькі наша прадпрыемства. Гэта сэрыйная вытворчасьць „Полимастера“. Ніводзін вытворца ў сьвеце пакуль нічога падобнага не вырабляе».

«Полимастер» супрацоўнічае зь вядомай ганконгскай фірмай, якая распрацавала дызайн гадзіньніка-дазымэтра і пастаўляе карпусы і мэханізмы. А «Полимастер» усталёўвае туды мініятурны дазымэтар уласнай вытворчасьці. Сёлета попыт на гадзіньнікі вырас — прададзена каля 5 тысяч штук. Да аварыі ў Японіі было менш, на ўзроўні 2-3 тысяч у год. Пакупнікі ў асноўным — зь Японіі, Карэі, краін Заходняй Эўропы. Што да цэнаў, Сяргей Лукаш тлумачыць:

«Кошт іх цяпер пры продажы ў інтэрнэце — гэта не ад вытворцы — даходзіў нават да двух тысяч даляраў і больш, пасьля аварыі ў Японіі. Мы як вытворцы прадаем дылерам, натуральна са зьніжкай. Але наша рэкамэндаваная цана — на ўзроўні 900 даляраў».

На пытаньне, ці ведаюць пра такую прадукцыю ў Беларусі і ці ёсьць тут цікавасьць да яе, Сяргей Лукаш адказаў так:

«Попыт павялічваецца ўвесну, з пачаткам пасадачнага сэзону, крыху з грыбной парой. Але аб’ёмы, вядома, непараўнальныя — мы ў асноўным на экспарт працуем. Калі б было жаданьне, маглі б купляць і ў Беларусі, таму што цэны для сваёй краіны мы трымалі значна ніжэйшыя за тыя, што на экспарт прадавалі. Ёсьць і іншыя вырабы, якія маюць крыху іншы фармат, але яны таньнейшыя — на ўзроўні 200-300 даляраў каштуюць. Але і там аб’ёмы продажу зусім невялікія».

Дырэктар недзяржаўнага інстытуту радыяцыйнай бясьпекі «Белрад» Аляксей Несьцярэнка кажа:
Дазымэтры ў нас прыватныя асобы, беларусы не куплялі дастаткова даўно.

«Дазымэтры ў нас прыватныя асобы, беларусы не куплялі дастаткова даўно. Купляюць у асноўным замежнікі, людзі, зьвязаныя зь японскімі падзеямі. Павальнай цікавасьці адсюль няма. Хаця ўзроўні ёсьць высокія, па грыбах, да прыкладу. Што да дароў лесу, да спакою яшчэ шмат і шмат гадоў».

Выходзіць, што ў Беларусі, якая сур’ёзна пацярпела ад Чарнобылю, прыборы, што вымяраюць узровень радыяцыі, попытам амаль не карыстаюцца. І пра прадукцыю беларускіх вытворцаў, якая папулярная ў сьвеце, беларусы даведваюцца праз публікацыі ў замежнай прэсе, як сталася і з гадзіньнікам-дазымэтрам айчыннай фірмы «Полимастер».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG