Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюзьнікі — кантрабандысты


Расейскія ўлады чарговы раз абвінавацілі Беларусь у кантрабандзе на сваю тэрыторыю грузінскай і малдаўскай алькагольнай прадукцыі. Масква абяцае жорсткія захады супраць кантрабанды.

Новая заява расейскай санітарнай службы адрозьніваецца ад папярэдніх. Раней афіцыйны Менск дакаралі, што ён парушае гандлёвыя нормы ў дачыненьнях з суседняй дзяржавай. Цяпер Масква заяўляе, што «беларускі бок не выконвае абавязкаў, якія прынятыя ў рамках Мытнага саюзу. Нягледзячы на неаднаразовыя папярэджаньні, павялічваецца аб’ём грузінскай і малдаўскай кантрабанднай алькагольнай прадукцыі празь Беларусь».

Уладзімер Жарыхін
Намесьнік дырэктара маскоўскага Інстытуту краін СНД Уладзімер Жарыхін лічыць, што сытуацыя не такая простая і відавочная, як гэта выглядае ў заяве. Ён адзначае, што спачатку трэба прыняць агульнае рашэньне, якое стане абавязковым для ўсіх трох краін Мытнага саюзу:

«Інакш атрымліваецца пэўная нестыкоўка. У Беларусі няма забароны на грузінскі і малдаўскі алькаголь. Ён свабодна паступае ў Беларусь. Але паколькі ў нас адзіная мытная прастора, то ў прынцыпе якіх-небудзь перашкод, каб каньяк і віно рухаліся далей па гэтай тэрыторыі, фармальна няма».

Сёньня ў менскіх крамах можна свабодна купіць разнастайныя грузінскія і малдаўскія віны і каньякі, а таксама грузінскую мінэральную ваду. А вось у Расеі значную частку гэтага асартымэнту для продажу забаранілі. Паводле афіцыйнай вэрсіі — з-за дрэннай якасьці, паводле неафіцыйнай — з-за складанасьцяў у дачыненьнях паміж Масквой і Тбілісі.

Леанід Заіка
Гандаль алькаголем дае высокія прыбыткі ў любой краіне, адзначае кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка. Таму ў гэтай галіне паўсюль існуюць жорсткія правілы і нормы:

«І такой фільтрацыі, у прынцыпе, не павінна быць. Аднак трэба разабрацца, зь якім мытам алькаголь прадаецца. Калі з мытам Мытнага саюзу, то тут нічога надзвычайнага няма. А вось калі тут ужываюцца нейкія адмысловыя схемы, то тады трэба адмаўляцца ад імпарту грузінскага і малдаўскага алькаголю ў Беларусь».

Уладзімер Жарыхін зьвяртае ўвагу на тое, што тут спалучыліся адразу дзьве праблемы — мытная і праблема якасьці:

«Забарона ў Расеі ўведзеная з-за якасьці напояў. І я ня думаю, што гэта можна лічыць кантрабандай. Таму сытуацыю трэба адрэгуляваць. Магчыма, гэта зробяць на наступным этапе — у рамках Адзінай эканамічнай прасторы. Так, як гэта зрабілі ў Эўразьвязе».

Эканаміст Заіка лічыць, што падобная сытуацыя можа неўзабаве ўзьнікнуць і ў іншых галінах. Справа ў тым, што ў Беларусі, Казахстане і Расеі існуюць розныя стандарты якасьці: дзесьці яны супадаюць, дзесьці — не:

«Цяпер абмяркоўваецца пытаньне, каб яны былі адзінымі. І каб абсталяваньне ў іх і мэтады працы адпавядалі эўрапейскім».

Раман Якаўлеўскі
Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі апошнім часам быў і ў Грузіі, і ў Малдове. Ён кажа, што там балюча ставяцца да такой забароны, бо пастаўкі на экспарт мясцовых напояў — значная крыніца папаўненьня дзяржаўнага бюджэту. «Мне падаецца, што зусім не выпадкова Масква ставіць бар’еры менавіта грузінскім і малдаўскім вытворцам», — адзначае спадар Якаўлеўскі:

«І Грузія, і Малдова — сябры Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. А адрозьненьне гэтай арганізацыі і Зоны вольнага гандлю Эўразьвязу ад „пуцінскай“ прасторы — у тым, што Адзіная эканамічная прастора прадугледжвае абарону ад іншых. А тыя гандлёвыя арганізацыі, наадварот, — далучэньне іншых».

У прэсавых службах Міністэрства замежных спраў, Мытнага камітэту, канцэрну «Белдзяржхарчпрам» ад камэнтароў па гэтай праблеме ўстрымаліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG