Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Днямі мы станем сьведкамі аднамомантавай дэвальвацыі ў 55—60%


За два дні да абвешчанага ўладамі выхаду на адзіны раўнаважны курс нацыянальная валюта працягвае ўмацоўвацца. Па выніках сёньняшніх таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы рубель вырас на 100 пунктаў, цяперашні курс — 8890 рублёў за даляр. У абменных пунктах амэрыканскія грошы можна прадаць у прамежку 8300—8500 рублёў — істотная розьніца супраць 9200 на мінулым тыдні.

Намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Тарас Надольны выказвае ўпэўненасьць: выхад на адзіны курс станоўча адаб'ецца на ўсіх сфэрах беларускай эканомікі:

Тарас Надольны

Тарас Надольны

"Пасьля аб'яднаньня афіцыйнай гандлёвай сэсіі і дадатковай у адзіную ўзьнікне дадатковая прапанова на рынку. Яна будзе прадыктаваная перадусім экспартэрамі, якія сёньня прытрымліваюць валюту. У сувязі з курсавой розьніцай паміж афіцыйным курсам і рынкавым экспартэры павінны аплачваць дадатковы падатак з прыбыткаў. І як толькі гэтыя два значэньні курсаў будуць зьведзеныя да аднаго, адпаведна, неабходнасьць сплаты падатку зьнікае, што будзе стымуляваць экспартэра да прыходу на сэсію. Ну і ня трэба забывацца, што абавязковы продаж таксама перамесьціцца на адзіную гандлёвую сэсію, што таксама будзе спрыяць росту прапановы".

Экспэрты адзначаюць, што ўлады надзвычай позна схамянуліся ў справе выхаду на адзіны курс — толькі празь сем месяцаў пасьля страты кантролю над фінансавымі працэсамі. Такая непасьпешлівасьць, на думку аналітыка дасьледчай групы BusinessForecast.by Аляксандра Мухі, пагражае эканоміцы чарговай дэвальвацыяй, памер якой можа быць супастаўны з травеньскай:

Аляксандар Муха

Аляксандар Муха

"Уніфікацыя абменнага курсу, безумоўна, прывядзе да абвастрэньня інфляцыйных і дэвальвацыйных рызыкаў — пра гэта трэба гаварыць адкрыта. У цэлым сярэднетэрміновае ўмацаваньне беларускага рубля да асноўных замежных валют выглядае малаверагодным, бо насамрэч відавочна: уніфікацыя абменнага курсу адбудзецца коштам рэзкай дэвальвацыі афіцыйнага курсу Нацбанку. Нават паводле стану на 17 кастрычніка (сёньня пакуль не падлічыў) спрэд паміж афіцыйным курсам беларускага рубля да даляра ЗША ў 5725 і курсам дадатковай гандлёвай сэсіі ў 8990 склаў 57%. Што практычна супастаўна зь першапачатковым значэньнем, усталяваным 14 верасьня. І відавочна, што гэтая розьніца будзе пакрывацца за кошт рэзкай, па сутнасьці, аднамомантавай дэвальвацыі афіцыйнага курсу. Іншымі словамі, у бліжэйшыя дні нам можна чакаць дэвальвацыі афіцыйнага курсу Нацбанку адразу дзесьці на 55—60% — у залежнасьці ад таго, які курс будзе афіцыйны, які курс рынкавы. Але ў любым выпадку гэтыя лічбы будуць дзесьці супастаўныя ў межах 55—60%".

На якім узроўні зафіксуецца новы раўнаважны курс беларускага рубля — экспэрты прагназаваць не сьпяшаюцца. Але пераважная большасьць сыходзіцца на думцы, што прынамсі бліжэйшым часам рубель будзе ўмацоўвацца. І, як лічыць эканаміст Уладзімер Карагін, ня толькі дзякуючы адміністрацыйнаму ўмяшаньню:

Уладзімер Карагін

Уладзімер Карагін

"Ну дык гэта ж увогуле добра! Рэаліі сьведчаць, што так і павінна быць. І трэба зразумець, што працуе ня толькі адміністрацыйны рэсурс. Бо калі глядзець аб'ектыўна, першая палова году заўсёды рэальна дэпрэсіўная ў нашай эканоміцы, перадусім з-за таго, што яна дэпрэсіўная ў нашага расейскага партнэра. Але зараз — збор ураджаю, канчатковы выхад з адпускнога сэзону, што спрыяе найбольшай прадукцыйнасьці працы прадпрыемстваў, і г.д. Зноў жа, разьлік па падатках. Натуральна, што большая ўпэўненасьць прысутнічае ўва ўсіх сфэрах, у тым ліку ў фінансавай. Канечне ж, восень непараўнальная зь веснавым пэрыядам. Гэта нашмат больш прадуктыўны з эканамічнага гледзішча пэрыяд".

Ці паспрабуюць фінансавыя ўлады максымальна ўмацаваць рубель пры дапамозе інтэрвэнцый? Эканамічны аглядальнік Зьміцер Заяц ставіць такую магчымасьць пад сумнеў. Па яго словах, Нацбанк цяпер зьвязаны істотнымі абавязаньнямі перад партнэрамі, таму раскідацца грашыма ня будзе:

"Нацбанк, канечне, зараз можа прадаць сваю валюту на дадатковую сэсію, але дзе потым яе знойдзеш і як разьлічвацца з камэрцыйнымі банкамі?
Нацбанк цяпер увогуле баіцца раскідацца тымі невялікімі рэсурсамі, якія ў яго ёсьць ...

Сутнасьць свопаўскіх кантрактаў якраз у тым, што Нацбанк даваў рублі камэрцыйным банкам для падмацаваньня ліквіднасьці, і ў той жа час банкі перадавалі Нацбанку валютныя дэпазыты. На пэўны момант гэта было выгадна абодвум бакам: Нацбанк павялічваў такім чынам свае золатавалютныя рэзэрвы (коштам валюты камэрцыйных банкаў), а апошнія бралі ў яго рублі, каб выдаваць крэдыты — то бок рабіць бізнэс. Яшчэ ў 2010-м гэта ўсім было выгадна. Цяпер жа склалася сытуацыя, што, апроч усяго іншага, ёсьць яшчэ гэты фактар — вялікія абавязаньні Нацбанку перад камэрцыйнымі банкамі. Таму Нацбанк, ня бачачы вялікай пэрспэктывы ў пляне атрыманьня жывых грошай, цяпер увогуле баіцца раскідацца тымі невялікімі рэсурсамі, якія ў яго ёсьць".

У адпаведнасьці з сумесным рашэньнем Савету міністраў і Нацбанку, пачынаючы з 20 кастрычніка таргі на Беларускай валютна-фондавай біржы будуць праходзіць у рамках адной сэсіі. Прычым асноўная гандлёвая сэсія з заніжаным курсам Нацбанку будзе зьліквідаваная, а ўсе апэрацыі будуць ажыцьцяўляцца на пляцоўцы цяперашняй дадатковай сэсіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG