Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апазыцыянэраў судзяць у Берасьці


Зьміцер Шурхай

Зьміцер Шурхай

Судзьдзя Маскоўскага суду Берасьця Марыя Леванчук задаволіла скаргу начальніка Маскоўскага райаддзелу міліцыі Ігара Жыгалава і пастанавіла, што мясцовага каардынатара БХД Зьмітра Шурхая асудзілі законна.

Міліцэйскі начальнік аспрэчваў ранейшае рашэньне Маскоўскага суду, паводле якога прысуд палітыку за брыдкаслоўе быў адменены.

Пасьля судовага паседжаньня Зьміцер Шурхай заявіў, што судзьдзя ад самага пачатку прыняла бок міліцыянтаў:

"Было відавочна, што яна вынесе гэтае рашэньне. Пастанавіла, што адседзеў сем сутак законна. Ну, і мы будзем з гэтым змагацца, падаваць і ў Вярхоўны далей, і ў суд па правах чалавека ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, калі да гэтага дойдзе".

Нагадаем, што Зьміцер Шурхай быў прэвэнтыўна затрыманы 28 чэрвеня, напярэдадні маўклівай акцыі. Палітыка зьвінавацілі ў брыдкаслоўі і асудзілі на 7 сутак арышту, якія ён адбыў.

Суд над яшчэ адным грамадзкім актывістам праваабаронцам Раманам Кісьляком павінен быў адбыцца 17 кастрычніка, але паседжаньне перанесьлі. Суд накіраваў справу на дапрацоўку ў Ленінскі РАУС Берасьця.

Раман Кісьляк падчас акцыі 16 кастрычніка

Раман Кісьляк падчас акцыі 16 кастрычніка


Нагадаем, што 16 кастрычніка Раман Кісьляк у цэнтры Берасьця праз мэгафон распавядаў пра незаконнасьць утрыманьня Алеся Бяляцкага пад вартай. Раман Кісьляк кажа, што адмыслова не запрашаў іншых людзей на гэтую акцыю:

"Я, у прынцыпе, прадбачыў, што будуць затрыманьні, таму не хацеў, каб іншых затрымлівалі. За сябе я магу адказваць, а запрашаць іншых на затрыманьне і арышт неяк з маральнага пункту гледжаньня лічу недапушчальным".

Цяпер Кісьляк чакае позву ў суд за правядзеньне недазволенага масавага мерапрыемства.

20 кастрычніка ў абласным судзе будзе абскарджваць прысуд Маскоўскага суду намесьнік старшыні гарадзкой арганізацыі партыі левых "Справядлівы сьвет" Лявонцій Чыпурных. Палітык адседзеў 5 сутак за ўлёткі Народнага сходу.

20 кастрычніка ў Маскоўскім судзе Берасьця адбудзецца паседжаньне па справе старшыні аргкамітэту Народнага сходу Зінаіды Міхнюк. Яе затрымалі перад самым сходам і зьвінавацілі ў брыдкаслоўі.
XS
SM
MD
LG