Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя папраўкі ў Савеце Рэспублікі разгледзяць 21 кастрычніка

  • БелаПАН

Законапраекты, якія ўзмацняюць жорсткасьць умоваў грамадзка-палітычнай дзейнасьці і якія атрымалі вялікі грамадзкі рэзананс, будуць разгледжаныя 21 кастрычніка на другім пленарным пасяджэньні восеньскай сэсіі Савету Рэспублікі.

Гаворка ідзе аб праектах законаў "Аб унясеньні зьменаў і дадаткаў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" і "Аб унясеньні зьменаў і дадаткаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь".

У апараце Савету Рэспублікі паведамілі, што абмеркаваньне гэтых законапраектаў уключана ў парадак дня сэсіі, аднак, у якім рэжыме яны будуць разглядацца – закрытым, як у Палаце прадстаўнікоў, або адкрытым, – пакуль невядома. Плянуецца, што першы законапраект парлямэнтарыям будзе прадстаўляць міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў, другі – намесьнік міністра юстыцыі Ігар Тушынскі.

Абодва законапраекта былі прыняты Палатай прадстаўнікоў у двух чытаньнях 3 кастрычніка.

Законапраект аб унясеньні паправак у закон аб масавых мерапрыемствах прадугледжвае, у прыватнасьці, што арганізацыя любога збору грамадзян павінна быць санкцыянаваная ўладамі. Гэта датычыцца і флэшмобаў, і збору грамадзян, у тым ліку з выкарыстаньнем інтэрнэту.

Другі законапраект зацьвярджае папраўкі ў шэраг законаў, паводле якіх любыя пратэсты без дазволу забароненыя, а замежнае фінансаваньне недзяржаўных арганізацый у парушэньне заканадаўства Беларусі становіцца крымінальна каральным. Дакумэнт забараняе рэспубліканскім і мясцовым грамадзкім аб'яднаньням, іх саюзам захоўваць грашовыя сродкі, каштоўныя мэталы і іншыя каштоўнасьці ў банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях, якія знаходзяцца на тэрыторыі замежных дзяржаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG