Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Беларусь рушыць у 1937 год? Чаму? Таму, што Палаце прапанаваныя папраўкі ў заканадаўства пра органы дзяржбясьпекі? Ці таму, што мы паўсюль кажам пра тое, што Беларусь рушыць у 1937 год? Што там у тых дадатках, чаго не было дагэтуль? Тое, што цяпер службоўцы могуць пранікаць у жылыя ды офісныя памяшканьні з пашкоджаньнем замкоў? А хіба не было таго раней? Ці мы забыліся на фоткі жалезных дзьвярэй кватэры Міхалевіча, якія, як той кажа, былі ўзламаныя? Ці можа ўсіх так засмуціў пункт пра «любы час», у які цяпер могуць «прыходзіць» нечаканыя госьці? Дык хіба ў ноч на 20 сьнежня 2010 Някляева, Фядуту ды іншых «бралі» ня значна пазьней, чым у 22.00? Дзе тут навіна, з-за якой трэба тэлефанаваць адзін аднаму ды крычаць: ты чуў? Чууууў ты? Аааа!

Уявіце сабе: Палата прымае папраўкі ў партыйнае заканадаўства, якія забараняюць замежнае фінансаваньне рухаў, а мэдыі і экспэрты супольна кажуць: ды лухта гэтыя папраўкі! Нічога ня зьменіцца ў горшы бок, бо ўжо гадоў пяць, як горш быць ня можа! Усё нармалёва, працуем як працавалі! І не баімся мы нічога! Падатрыцеся гэтымі папраўкамі! Або: прымаюцца гэтыя зьмены ў заканадаўства па дзяржбясьпецы, а ў Інтэрнэце пішуць: ведаеце, у нас насамрэч – дэмакратыя. Правы грамадзян на жыцьцё ды недатыкальнасьць маёмасьці гарантаваны Канстытуцыяй. І мы верым у Канстытуцыю і перавагу законаў у Беларусі. Таму давайце забудземся пра новыя паўнамоцтвы праваахоўнікаў і будзем жыць, пісаць, змагацца – як змагаліся. Бо ніхто нам нічога ня зробіць. Я не сьцьвярджаю, што так было б правільней, бо можа быць гэткія рэакцыі наўпрост скажалі б рэальнасьць. Аднак я адназначна сьцьвярджаю, што так у грамадзтве было б меней страху. Асьвятляючы гэтыя папраўкі, недзяржаўныя мэдыі несьвядома сыгралі на руку беларускай «стабільнасьці», распаўсюдзіўшы мэсыдж аб тым, як дрэнна ў бліжэйшым часе будзе ўсім змагарам.

Заўважце, афіцыйныя мэдыі папраўкі ў законы амаль што не кранулі. Навошта пужаць бюргераў пашыранымі паўнамоцтвамі органаў бясьпекі, калі гэтыя бюргеры нічым не пагражаюць? Хай сабе глядзяць сіткомы ды рагочуць пад Петрасяна! А вось з мэтавай групай, чытачамі «палітызаваных» сайтаў, інфа пра папраўкі зрабіла вялікую працу. Усіх зноў скаланула ад пачуцьця экзыстэнцыйнага неспакою ды ўласнай неабароненасьці.

Ніхто з рэдактараў, якія зьмяшчалі ў сябе на сайтах ды ў газэтах жахлівыя камэнтары з нагоды гэтых паправак, ніколі б не надрукаваў тэкст з такім мэсыджам: рэжым перамагчы немагчыма. КДБ і міліцыя мацнейшыя за тых, хто змагаецца. Лепей за ўсё схавацца ў бульбу і чакаць, пакуль гэтая навала ня пройдзе сама сабой. Бо ў іншым выпадку вас могуць пазбавіць волі за што заўгодна. Такі мэсыдж альтэрнатыўнай мэдыйнай тусоўкай кансалідавана лічыўся б здрадніцкім і заклікаючым да палітычнай пасіўнасьці. Аднак разгромны артыкул, прысьвечаны асаблівасьцям існаваньня Беларусі як апошняй дыктатуры Эўропы, артыкул пра «неабмежаваныя паўнамоцтвы рэпрэсіўнага апарату» - праходзіць на старонкі газэт і ў сеціве. Таму што аб'ект крытыкі – дзяржава. Як жа яе ня пнуць? Тое, што гэта вядзе да аналягічных вынікаў у чытацкай сьвядомасьці, разумеюць ня ўсе.

Зноў: за апошнія гады ў палітычным сэнсе ў Беларусі мала што зьмянілася – мы існуем прыкладна там, куды трапілі пасьля зьняволеньня кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна ў 2006 годзе. Закручваньне гаек пачынаецца там, дзе мы пачынаем енчыць пра закручваньне гаек і пужаць адзін аднаго 1937 годам.

Нататкі кшталту «невядомымі зьдзейсьнены напад на апазыцыйнага палітыка Н. калі той ішоў дадому напярэдадні Народнага сходу» працуюць на беларускую стабільнасьць значна больш, чым самі падобныя напады. Атрымаў па галаве? Дык абараняйся! Шахні ў адказ! Калі ня маеш моцы, ці паважаеш закон, ці па-хрысьціянску адмаўляеш гвалт – падстаў другую шчаку! Падай, у рэшце рэшт, заяву ў міліцыю! Моўчкі! Аднак навошта адразу запруджваць мэдыі гэтай навіной? Цьмяна намякаючы на тое, што нападнікі мелі дачыненьне да праваахоўных органаў? Ты разумееш, што, нават калі тыя злодзеі сапраўды жадалі цябе «правучыць», найлепшае, што можна зрабіць – нічога не казаць пра гэты напад? Нікому! Нават суседзям! Бо ў гэтым выпадку іх мэта будзе нявыкананая – яны ж, на тваю думку, ня нос жадалі табе расквасіць, а запужаць цябе ды такіх як ты!

Згадваюцца словы журналіста Максіма Сакалова аб тым, што мэдыі ўскосна спрыяюць тэрарызму, бо распаўсюджваюць патрабаваньні тэрарыстаў ды інфу пра іх палітычныя погляды. Разьбітае шкло ў машыне арганізатара Народнага сходу само па сабе не заахвочвае да палітычнага ўдзелу ды не засьцерагае ад палітычнага ўдзелу. А вось артыкул пра разьбітае шкло ў машыне арганізатара Народнага сходу, які перадрукавалі ўсе незалежныя сайты – гэта моцны раздражняльнік, які вымусіць любога, хто не жыве з палітыкі і ня мае прамога дачыненьня да сходу, быць як мага далей ад гэтага мерапрыемства. Бо раптам і тваю машыну паб'юць! Запчасткі ж такія дарагія!

Усё гэта можа падацца блюзьнерствам. Аднак думаць трэба ня толькі пра тое, якія факты, камэнтары, меркаваньні распаўсюджваеш, аднак і пра тое, які эфэкт такім чынам ствараеш. І часам маўчаньне мае больш моцы, чым словы. І тым больш – чым жалобны енк.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG