Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Андросенка: "Беларускае грамадзтва малаадукаванае ў сэксуальным пляне"


Сёньня Менгарвыканкам не дазволіў шэсьце гей-прайду ў пасёлку ў мікрараёне Сосны. Радыё Свабода гаворыць з старшынём стваранай праваабарончай арганізацыі «ГейБеларусь» Сяргеем Андросенкам.

Ганна Соўсь: Сяргей, ці спадзяваліся вы, што Менгарвыканкам дазволіць гей-прайд, улічваючы апошнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, што ён не прымае гомасэксуалізм, але ня супраць гей-прайду на ўскрайку гораду. Гей-прайд плянаваўся менавіта на ўскрайку...

Андросенка: Тут вельмі складана казаць, увогуле ў нашай дзяржаве ўсё адбываецца паводле дзіўных формулаў... Магчыма, што калі прэзыдэнт выступаў перад расейскімі мэдыямі, гэта была проста імправізацыя і ён сам не разумеў што сказаў. Хоць на фоне тых ягоных слоў, што на ўскрайку хадзіць можна... - мы так і паслухаліся прэзыдэнта і вырашылі не эпаціраваць публіку - грамадзтва і ўлады - у цэнтры гораду. Вельмі сумна, што надзея наша аказалася марнай. Але мы не былі зьдзіўленыя адказам з выканкамаў - такія адказы мы атрымліваем ужо даўно. Адзінае, што гэты адказ быў адным з самых сьмешных - можаце паглядзець на нашым сайце, там ёсьць малюнак тратуару, на якім мы плянавалі праводзіць шэсьце гей-прайду, і вось, як выявілася, менавіта па гэтым тратуары рабіць нейкія маніфэстацыі незаконна. Гэта проста маразм.Там паведамляецца адна з прычын, чаму там нельга праводзіць мерапрыемства - гэта тое, што "шэсьце плянуецца на адлегласьці меншай за 50 мэтраў ад тэрыторыі арганізацый, якія забясьпечваюць жыцьцядзейнасьць насельніцтва». Там у Соснах за 50 мэтраў знаходзіцца сувэнірная крамка, рамонт абутку і пункт прыёму шклатары...

Ганна Соўсь: Кіраўнік Беларусі неаднаразова рабіў заявы гамафобнага характару. Найбольш гучная апошняя ў дачыненьні да міністра замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле пра галубятню. Як бы вы ацанілі ступень гамафобіі беларускай улады і ўвогуле беларускага грамадзтва?

Андросенка: Зразумела, што грамадзтва малаадукаванае ў сэксуальным пляне, шмат стэрэатыпаў аб "ненармальнасьці" гомасэксуалаў. Вельмі шмат уяўленьняў і размоваў пра сэксуальныя аспэкты жыцьця гомасэксуалаў, хоць іх жыцьцё складаецца ня толькі з сэксу.

Наконт гамафобіі дзяржавы - я быў нават усьцешаны тым, як Аляксандар Рыгоравіч павёў сябе з Гіда Вэстэрвэле. Гэта, ведаеце, калі б ён так выказаўся ў бок нейкага беларускага гея, хай сабе й пры пасадзе, гэта б ня выклікала такога міжнароднага скандалу і магчыма яму б не давялося пасьля шкадаваць аб сваёй заяве...

Слухаць інтэрвію цалкам:


Сяргей Андросенка, 17.10.2011
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG