Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Галоўнае ў артыкуле — пасланьне расейскаму кіраўніцтву, што так проста ён ня здасца»


Сьвятлана Калінкіна

Сьвятлана Калінкіна

У расейскай газэце «Известия» надрукаваны артыкул Аляксандра Лукашэнкі «Пра лёс нашай інтэграцыі» — адказ на апублікаваны раней у той жа газэце артыкул прэм’ер-міністра Расеі Ўладзімера Пуціна. Якія асноўныя ідэі выклаў беларускі кіраўнік у сваёй публікацыі? Ці ўдасца Аляксандру Лукашэнку перахапіць статус галоўнага інтэгратара на постсавецкай прасторы?


На гэтыя пытаньні адказвае шэф-рэдактар газэты «Народная Воля» Сьвятлана Калінкіна.

Цыганкоў: Дзеля чаго, на вашую думку, Лукашэнка напісаў гэты артыкул?

Калінкіна: Я думаю, мэтаў было некалькі. Па-першае, Уладзімер Пуцін адабраў у Лукашэнкі сьцяжок «лідэра інтэграцыі». І Лукашэнка ня хоча аддаваць лідэрства на гэтай прасторы, бо раней менавіта за ім была слава галоўнага інтэгратара, і на гэтым ён аб’ядноўваў вакол сябе многіх палітыкаў былога Савецкага Саюзу. І калі яго адсоўваюць на другі плян, то гэта Лукашэнку, вядома, не падабаецца.

Па-другое, Лукашэнка хацеў пазначыць некаторыя прынцыповыя пазыцыі для беларусаў, бо вельмі шмат хто занепакоены гэтым праектам, і найперш размова ідзе пра бізнэс і пра чыноўнікаў. Яны баяцца страціць свой статус, і Лукашэнка мусіў нешта ім патлумачыць.
Лукашэнка ня хоча аддаваць лідэрства на гэтай прасторы, бо раней менавіта за ім была слава галоўнага інтэгратара.

І па-трэцяе, Лукашэнка пазначыў прынцыповыя моманты, на якіх ён будзе настойваць на якіх, як я лічу, ён з Пуціным разыдзецца ў поглядах на эўразійскую прастору.

Цыганкоў: У артыкуле Лукашэнкі сустракаюцца вельмі рознанакіраваныя тэзісы. З аднаго боку, ён піша пра стварэньне наднацыянальных ворганаў і клянецца ў вернасьці інтэграцыі, зь іншага — клянецца ў вернасьці беларускаму сувэрэнітэту, з трэцяга — піша пра агульнаэўрапейскі рынак ад Лісабону да Ўладзівастоку. Як гэта патлумачыць?

Калінкіна: У першую чаргу гэта зьвязана з тым, што ў Лукашэнкі няма дакладнага разуменьня таго, што ён хоча атрымаць ад Адзінай эканамічнай прасторы. Бо ў такіх праектах ён найперш бачыць не краіну, а самога сябе і сваё месца.

Цыганкоў: Было ўражаньне, што ў артыкуле Лукашэнка імкнуўся спадабацца ўсім, што артыкул — ня нейкая канкрэтная пазыцыя, а набор добрых пажаданьняў.

Калінкіна: Такое ўражаньне ёсьць. Але Лукашэнка заўсёды, дарэчы, спрабуе спадабацца. Калі сустракаецца з заходнімі палітыкамі — гаворыць адно, з расейскімі — другое, тут, у Беларусі — трэцяе. І часам у адной прамове ён можа сур’ёна абгрунтоўваць процілеглыя тэзісы.

Але, на мой погляд, галоўнае — ён хацеў пазначыць сваё месца. Нават калі Лукашэнка гаворыць пра наддзяржаўныя органы, ён гэта абсталёўвае ўмовамі. Так што галоўнае ў артыкуле — гэта пасланьне расейскаму кіраўніцтву, што так проста ён ня здасца. Што павінны быць выкананыя нейкія ўмовы, пра якія мы ня ведаем.

А пасыл расейскаму народу — што ён па-ранейшаму рыдае па СССР і будзе першым бегчы ў любыя інтэграцыйныя ўтварэньні.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG