Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Лукашэнка апублікаваў у “Известиях» адказ на праграмны артыкул Пуціна пра Эўразійскі саюз?

У першую чаргу – гэта спроба паказаць, што гэты інтэграцыйны праект калі і будзе рэалізаваны, то для гэтага мала жаданьня і ўзмаху рукі Пуціна, што яго, Лукашэнкі, меркаваньне мае ня меншае значэньне. У адрозьненьне ад ранейшых часоў ён ўжо не настойвае на сваім аўтарстве інтэграцыйных ідэй, а налягае ў асноўным на хваласьпевах на адрас Пуціна, але самы факт зьяўленьня такога артыкулу павінен паказаць, што Лукашэнка – суаўтар, а не выканаўца.

З другога боку, гэта безумоўна дэманстрацыя ляяльнасьці нова-старому гаспадару Крамля. Тандэм даваў магчымасьць Лукашэнку гуляць на супярэчнасьцях паміж Мядзьведзевым і Пуціным, лібэральныя рухі цела дзейнага прэзыдэнта Расеі – пазыцыянаваць сябе як змагара зь «лібэральнай заразай». Цяпер беларускі лідэр пазбаўляецца гэтых магчымасьцяў.

Поўны гаспадар у Расеі будзе толькі адзін, прычым схільнасьць яго да лібэральных спакусаў будзе прыкладна роўнай схільнасьці Лукашэнкі.

Адсюль вынікае, што калі Масква палічыць патрэбным ціснуць на Менск,
Факт зьяўленьня такога артыкулу павінен паказаць, што Лукашэнка – суаўтар, а не выканаўца.

то процістаяць гэтаму ціску будзе цяжэй, чым раней. Але Эўразійскі саюз, мяркуючы па ўсім – адна зь любімых цацак Пуціна. І падыгрываючы яму, па меншай меры ў рытарычнай сфэры, можна нечага дамагчыся.

У свой час падобны праект быў у Ельцына, што і абумоўлівала патрэбу ў Лукашэнку. Калі цяпер гэта стала патрэбна Пуціну, чаму б не пагуляць і зь ім?

Паварот Лукашэнкі да Расеі – гэта сьледзтва і крызісу, і пагаршэньня адносін з Захадам.
Рэальная інтэграцыя бачыцца Лукашэнку крыху інакш, чым Пуціну.

Умовы паляпшэньня гэтых адносін патрабуюць ад Менску калі не небясьпечных для захаваньня ўлады, то прынамсі непрыемных саступак. Але бязь іх з Захаду ня будзе грошай, а без (і да) нармалізацыі стасункаў з Захадам адзінай крыніцай дапамогі застаецца Расія.

Але калі расейцам ізноў спатрэбіўся партнэр па гульні «пацалункі ў абмен на газ, нафту і іншыя даброты», дык яны могуць абысьці сьвет, але ня знойдуць лепшага, чым беларускі прэзыдэнт.

Бо пакуль гаворка ідзе аб рытарычнай падтрымцы інтэграцыі, што заўсёды было каньком беларускага лідэра. На самай справе ў артыкуле рассыпаны шэраг намёкаў на тое, што рэальная інтэграцыя, калі Лукашэнка ў ёй наогул зацікаўлены, бачыцца яму крыху інакш, чым Пуціну.

"У Беларусі рэакцыя на ізьвесьцінскую публікацыю (Пуціна) таксама неадназначная ... ёсьць частка грамадзтва, якая шчыра заклапочаная, паколькі на коне лёс дзяржавы. Ад гэтага меркаваньня нельга проста адмахнуцца".

"Толькі роўнасьць партнэраў, у тым ліку роўнасьць умоў гаспадараньня з роўным доступам да адзінай энэргетычнай і транспартнай сыстэмы, дасьць магчымасьць стварыць надзейную аснову для нашага саюзу ... На няроўнай аснове саюз аднадумцаў і партнэраў не пабудаваць. Гэта аксіёма! Веру, што менавіта такая ідэалёгія закладваецца ў наш новы саюз".

"Кажучы па праўдзе, стварэньне АЭП стала для нас нялёгкім кампрамісам. А калі яшчэ больш прама: за адзіную эканамічную прастору Беларусь заплаціла дорага".

"Скажыце, навошта, напрыклад, на агульнай інтэграцыйнай прасторы выціскаць прадукцыю партнэраў са сваіх рынкаў нярынкавымі мэтадамі? ...Навошта штучна садзіць дублюючыя вытворчасьці там, дзе попыт можа быць задаволены з значна меншымі выдаткамі і на высокім узроўні якасьці дзейнымі прадпрыемствамі? "

"Пэрспэктыва магутнай і глыбокай інтэграцыі, якая адкрываецца сёньня, на самай справе захоплівае. Але нарожны камень усяго таго, што мы зьбіраемся пабудаваць, – сувэрэнітэт нашых дзяржаў, які не адмяняе нават самая шчыльная інтэграцыя".

Як самая шчыльная інтэграцыя можа захаваць у недатыкальнасьці сувэрэнітэт дзяржаваў,
Лукашэнка не абмяжоўвае сваю палітычную пэрспэктыву шашой Менск-Масква.

якія ўдзельнічаюць у інтэграцыі – над гэтай загадкай расейскія партнэры Лукашэнкі ламаюць галаву ўжо 18-ты год. Як у прынцыпе магчымы раўнапраўны саюз, у якім адна з частак амаль роўная цэламу – гэта таксама галаваломка, не разгаданая за тыя самыя 18 гадоў.

Сэнс гэтых шпілек Лукашэнкі ў тым, што практычныя крокі па рэалізацыі праекту Пуціна могуць і абавязкова сутыкнуцца зь пярэчаньнямі з боку беларускага кіраўніка. Ну і ў тым, што за асалоду быць інтэгратарам трэба плаціць, і ня вартымі жалю грашыма з фонду ЭўрАзЭС і «паніжальнымі каэфіцыентамі».

У тэксьце артыкулу Лукашэнкі зьвяртае на сябе ўвагу новая ідэя «інтэграцыі інтэграцыі» – інтэграцыі Эўразійскага саюзу і Эўразьвязу. Гэта – сыгнал Захаду, Эўропе, што Лукашэнка ўсё ж не абмяжоўвае сваю палітычную пэрспэктыву шашой Менск-Масква, што ва ўсім саюзе ён – можа, адзіны эўрапеец. Своеасаблівы. Але які саюз, такія і эўрапейцы. Сэнс сыгналу не ў стварэньні інтэграванай прасторы ад акіяну да акіяну, а ў тым, што Лукашэнка і Беларусь, якую ён узначальвае, усё ж ня супраць мець іншыя геапалітычныя альтэрнатывы, акрамя Эўразійскага саюзу.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG