Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У калёніі зацікавіліся здароўем Зьмітра Бандарэнкі


Адміністрацыя магілёўскай калёніі выяўляе падвышаную ўвагу да здароўя палітзьняволенага Зьмітра Бандарэнкі. Экс-кандыдату на прэзыдэнта Міколу Статкевічу на асабісты рахунак у шклоўскай турме не дайшлі дзьве пэнсіі. Маладафронтавец Эдуард Лобаў сустрэўся з маці ў турме «Ваўчыныя норы». Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў і лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч працягваюць адбываць карантын у турмах Бабруйску і Глыбокага.

Палітзьняволены Зьміцер Бандарэнка даслаў з магілёўскай турмы адразу чатыры лісты, у якіх паведамляе, што адміністрацыя разам зь лекарамі турэмнага шпіталя пачалі надзвычай цікавіцца станам ягонага здароўя, паведаміла «Свабодзе» жонка Вольга Бандарэнка:

«Піша, што апошнім часам адміністрацыя калёніі і мэдыкі настойліва распытваюць пра стан ягонага здароўя. Ён кажа, што пяць месяцаў пасьля апэрацыі ня тое што не цікавіліся і не дапамагалі, а рабілі ўсё горш — і цяжкасьці цягаў, і па лесьвіцах хадзіў — наадварот, толькі пагаршалі становішча. А цяпер рэкамэндуюць садзіцца і г.д. Кажа, што ня ведае, з чым гэта зьвязана».

Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў працягвае адбываць карантын у камэры-адзіночцы бабруйскай турмы. Днямі яго наведаў адвакат, празь якога палітвязень прасіў перадаваць яму болей літаратуры, паведаміла «Свабодзе» жонка Ірына Халіп:

«Да яго даходзяць газэты, ён атрымлівае лісты, якія яго вельмі падтрымліваюць. І яшчэ ён прасіў дасылаць часопісы, кнігі, і вось я зараз дасылаю. Бо разумею, што сядзець у чатырох сьценах увесь час — гэта можна з глузду зьехаць з-за таго, што нічога не зьмяняецца і няма чаго рабіць».

Падчас сустрэчы яшчэ аднаго экс-кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча з бацькам Віктарам Статкевічам стала вядома, што на асабістым рахунку палітвязьня не хапае дзьвюх ягоных пэнсіяў, паведаміла жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч:
Калі бліжэйшым часам грошы ня зьявяцца, то будзем судзіцца — дзе падзелі пэнсіі Міколы Статкевіча.

«Грошы на рахунку Мікалая ёсьць, у тым ліку тыя, што людзі пералічвалі яму да дня народзінаў. Але Мікола пра іх ня ведае, бо яму не паведамляюць. Дзьве пэнсіі Міколы дзесьці зьніклі, бо іх пачалі пераводзіць у калёнію без маёй, ягонай ці яшчэ чыёй-небудзь волі, яшчэ са жніўня. Але першы перавод зьявіўся толькі ў кастрычніку. Калі бліжэйшым часам грошы ня зьявяцца, то будзем судзіцца — дзе падзелі пэнсіі Міколы Статкевіча».

Доўгатэрміновае спатканьне з маці ў івацэвіцкай турме «Ваўчыныя норы» цягам трох мінулых дзён атрымаў маладафронтавец Эдуард Лобаў. Маці Марына Лобава паведаміла «Свабодзе», што на сына перасталі ціснуць у справе напісаньня прашэньня аб памілаваньні. Ён таксама ня скардзіўся на ўмовы ўтрыманьня. Але з турмы маці вярнулася ў прыгнечаным стане:

«Канечне, я задаволеная, што пабачыла яго, што ён добра выглядае. Але вельмі цяжка было яго пакідаць, калі яго вялі за краты. Там такія дзьверы закратаваныя, і яго туды за гэтыя дзьверы павялі. Гэта вельмі прыгнятае маральна, асабліва калі ведаеш, што ён ні ў чым не вінаваты. Калі ведаеш, што наступнае спатканьне ня хутка, толькі вясной. Туды я ехала з добрым настроем, шчасьлівая была, што пабачу, а цяпер вяртаюся ў прыгнечаным стане і з разьбітым настроем».

Паплечнік Эдуарда Лобава, лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч пасьля пераводу ў калёнію ў Глыбокім застаецца ў камэры-адзіночцы. Чакаецца, што ў наступным месяцы яму дазволяць сустрэчу з бацькам.

Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка
Грамадзкі актывіст, сябра ГА «БАЖ». Нарадзіўся ў Менску 28 верасьня 1963 году.

У 1984 г. скончыў Інстытут фізычнай культуры.

У 1995–1996 гг. працаваў на незалежным Радыё 101.2 FM, зачыненым уладамі.

Адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97», каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь».

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Першапачаткова ў дачыненьні да яго было высунутае абвінавачваньне па арт. 293 КК (масавыя непарадкі), які прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі, аднак 4 красавіка яно было перакваліфікавана на больш мяккае.

Зьміцер Бандарэнка абвінавачваецца па ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам, або арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.

Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.

Мікола Статкевіч

  • 12 жніўня 1956 году Нарадзіўся ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.
  • 1978 Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.
  • 1986 Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
  • Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.
  • Люты 1991 На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.
  • 1991 Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
  • 1995 Старшыня БСДП (НГ).
  • 1991-1995 Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
  • 2000 Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.
  • 2005 Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.
  • Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).​
  • 2010 Статкевіч вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты. Пасьля пратэстаў на Плошчы яго арыштавалі і затым асудзілі да 6 гадоў з адбыцьцём тэрміну пакараньня на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). З тэрміну ён адседзеў 5 гадоў, катэгарычна адмовіўся пісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні, аднак усё адно выйшаў на волю пасьля ўказу апошняга.
  • 2011 Адбываючы тэрмін зьняволеньня, Мікола Статкевіч узяў шлюб з Марынай Адамовіч. Дзьве ягоныя дачкі ад першага шлюбу жывуць у Нямеччыне.
  • 2017 Статкевіча затрымліваюць і зьмяшчаюць у СІЗА перад Днём Волі.
  • 31 траўня 2020 Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ столькі ж. Аднак па адбыцьці гэтага тэрміну палітыка ня вызвалілі, а перавялі ў СІЗА № 1 Менска і выставілі абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу 342. Ён зноў адмаўляецца пісаць Лукашэнку прашэньне на памілаваньне, называе яго ўзурпатарам і дыктатарам, вітае канвой на закрытым судзе ў Гомлі нацыянальным воклічам «Жыве Беларусь!»​.

Эдуард Лобаў


Эдуард Лобаў
Нарадзіўся ў Менску ў 1988 г. З 8-га кляса марыў зьвязаць сваё жыцьцё з войскам. Служыў тэрміновую службу ў спэцназе. Тамсама, у войску, пазнаёміўся з маладафронтаўцам з Гомелю, дзякуючы якому далучыўся да "Маладога фронту". Быў абраны кіраўніком менскай гарадзкой арганізацыі МФ. Надалей цікавіцца ваеннай справай і марыць пра адраджэньне беларускага войска.

Затрыманы 18 сьнежня разам зь лідэрам МФ Зьмітром Дашкевічам, абвінавачаны ў хуліганстве. У Жодзінскім СІЗА за адмову сьведчыць супраць маладафронтаўцаў Эдуарда пагражалі перавесьці ў камэру, дзе зь ім жорстка расправяцца.

Зьміцер Дашкевіч


Зьміцер Дашкевіч
Нарадзіўся 20 ліпеня 1981 г. у вёсцы Кушняры Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Да пяці гадоў жыў у Расеі на Далёкім Усходзе. Потым сям’я перабралася ў Старыя Дарогі. Там скончыў школу № 2. Вучыўся ў Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. У 2001 годзе прыйшоў у "Малады фронт". Увосень 2001 г. быў адным з абаронцаў Курапатаў. Пазьней паступіў у Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт на факультэт славістыкі. Быў абраны кіраўніком Менскай гарадзкой арганізацыі "Маладога фронту". Актыўны ўдзельнік і арганізатар масавых акцыяў і мерапрыемстваў. За сваю палітычную дзейнасьць неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. У 2004 г. абраны старшынём "Маладога фронту".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG