Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец эпохі льготных крэдытаў


З 10 кастрычніка спынена ільготнае крэдытаваньне жытла, якое будзе пабудаванае ня сёлета, а ў наступным годзе і пазьней. Праўда, улады запэўніваюць, што пры канцы кастрычніка можа быць прынята рашэньне аб аднаўленьні ільготнага крэдытаваньня, але ўжо на зусім іншых умовах.

Дольшчыкі, чые дамы ўводзяцца ў эксплюатацыю ў 2012 годзе, цяпер у складаным становішчы. Спадарыня Ірына з мужам на пачатку году два месяцы кругласутачна дзяжурыла пад дзьвярыма офісу забудоўцы, каб трапіць у лік 48 шчасьліўцаў-ільготнікаў у доме, у якім каля 200 кватэр. Ірына пасьпела ўскочыць, як кажуць, у апошні вагон — у траўні маладая сям’я пачала будаваць аднапакаёўку ў сталічным мікрараёне Кунцаўшчына. Дом абяцалі здаць у лістападзе 2012 году. Ірына заплаціла пачатковую рату — амаль 10 тысяч даляраў па курсе траўня. Дапамаглі бацькі, уклалі ўсё, што маладой сям’і падаравалі на вясельле. А цяпер…

«Банк не пералічае грошы, і, адпаведна, мы або вымушаны плаціць свае грошы, альбо запазычанасьць вялікая расьце… Невядома, што будзе. Ці будуць скасаваныя дамовы, ці ўздымуцца кошты… Мы зараз у падвешаным стане».

Карэспандэнтка: «А крэдыт у вас валютны ці рублёвы?»

«Рублёвы. Пад 5%. Але яшчэ ж ёсьць пагроза (пакуль што гэта на ўзроўні чутак), што крэдыт будзе прывязаны да стаўкі рэфінансаваньня. Гэта, канечне, вельмі турбуе: ці адкладаць грошы, ці наагул ужо адмаўляцца, каб ня страчваць на росьце курсу даляра. Усе цяпер у нэрвовым стане».

Цяпер Ірына плаціць 800 тысяч у месяц. Калі ільготныя крэдыты скасуюць ці прывяжуць іх да стаўкі рэфінансаваньня, давядзецца плаціць у 7 разоў больш — для яе гэта будзе непад’ёмна.

Што да жытла, якое падлягала крэдытаваньню ў 2011 годзе, яно будзе здадзенае своечасова і ў поўным аб’ёме, запэўніў міністар архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Анатоль Нічкасаў.

«На канец верасьня 2011 году ў Беларусі было ўведзена ў эксплюатацыю 3,923 мільёна кв.м жыльля. Рэшта крэдытных рэсурсаў на пачатак кастрычніка склала крыху больш за 3 трыльёны рублёў. Аблвыканкам і Менскі гарвыканкам падрыхтавалі адрасны пералік усіх жылых дамоў, і на сёньня выпрацаваны дакладны графік тэрмінаў здачы гэтых дамоў і разьмеркаваньня рэсурсаў пад іх будаўніцтва».

Цяпер ставіцца задача — штогод скарачаць ільготнае крэдытаваньне. Калі сёлета аб’ём уведзенага зь дзяржаўнай падтрымкай жыльля складзе 75%, у 2012 годзе гэтая лічба не павінна перавышаць 50%.

Эканаміст, экс-міністар працы Аляксандар Сасноў лічыць, што ільготныя крэдыты былі вялікім цяжарам для дзяржавы:
Калі дзяржава хоча дапамагчы, да прыкладу, моладзі, каб нараджальнасьць падвысіць ці яшчэ штосьці, яна дае грошы гэтай моладзі, толькі і ўсяго.

«Думаю, гэта звычайны папулізм, які выкарыстоўваўся, каб падтрымаць нават ня імідж сацыяльна арыентаванай дзяржавы, а імідж кіраўніка дзяржавы. Вось ён які добры, можа даваць палёгку з крэдытам. Звычайна ў цывілізаваных краінах даюць банкі, а ня ўрад. Калі дзяржава хоча дапамагчы, да прыкладу, моладзі, каб нараджальнасьць падвысіць ці яшчэ штосьці, яна дае грошы гэтай моладзі, толькі і ўсяго. Адмысловыя праграмы існуюць для гэтых мэтаў, а моладзь сама вырашае, куды ўкласьці гэтыя грошы. А ў нас ёсьць такі „бацька“, які вырашыў, што ён можа… Пакуль мог — нешта даваў. А цяпер ён ня можа — фіяска, банкрут! Ну, што яму засталося зрабіць? Толькі забраць тое, што раней абяцаў!»

Таму прынята рашэньне скараціць некалькі катэгорый грамадзянаў, якія раней мелі права на ільготы. З 833 тысяч чалавек, што стаяць у чарзе, прэтэндаваць на ільготы змогуць толькі 260 тысяч.

Плянуецца, што выдавацца крэдыты будуць толькі людзям, якія пражылі ў інтэрнатах больш за 10 гадоў, якія жывуць у аварыйных памяшканьнях, шматдзетным, вайскоўцам, маладым спэцыялістам і інвалідам. Да таго ж, паводле начальніка ўпраўленьня жыльлёвага будаўніцтва Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры Аляксандра Горваля, у 2012 годзе істотна зьменяцца ўмовы ільготнага крэдытаваньня.

«Прапануецца крэдытаваць ня 100%, кошту аб’екта, а 90%. Наступная пазыцыя — зыходзячы з таго, што сацыяльныя санітарныя нормы забесьпячэньня жытлом у нас усталяваныя ў межах 15 квадратных мэтраў, гэтая ж норма пераносіцца і для крэдытаваньня, то бок ня 20 квадратаў, а 15».

Падрасьце і стаўка крэдыту. Яшчэ больш жорсткія ўмовы для крэдытаваньня плянуюцца ў сталіцы, кажа Аляксандар Горваль:

«Зыходзячы з даручэньняў кіраўніка дзяржавы, што да абмежаваньня прытоку насельніцтва ў сталіцу, і ўлічваючы больш высокі ўзровень даходаў, тут мяркуецца і норма пастаноўкі на ўлік — толькі калі менш за 10 квадратных мэтраў, і крэдытаваньне таксама 15 квадратных мэтраў на чальца сям’і».
Мы хочам пабудаваць кватэру. Але ў банку нам прапануюць браць пад нейкія шалёныя 35%.

Алё ёсьць і праціўнікі ільготнага крэдытаваньня. У Тацяны двое дзетак, і жыве яна разам з бацькамі ў даволі вялікай кватэры. У яе сям’і няма шанцаў на ільготнае крэдытаваньне:

«А чаму ўвогуле павінна існаваць гэтае ільготнае крэдытаваньне? У нас хапае па 15 мэтраў на чалавека, але ў мяне ў сям’і з адной кухняй, з адной ваннай, з адной прыбіральняй жывуць мама, тата, я, муж і яшчэ двое дзяцей! Мы хочам пабудаваць кватэру. Але ў банку нам прапануюць браць пад нейкія шалёныя 35%. Ну што гэта такое? Калі дзяржава ня можа зрабіць аднолькавы працэнт для ўсіх, дапусьцім, пад 5%, дапусьцім, эканамічная сытуацыя не дазваляе, то чаму тады не зрабіць аднолькавыя 10%, няхай 15% для ўсіх? Чаму дзяржава кагосьці льгатуе больш, кагосьці менш? Таму я — за спыненьне гэтага ільготнага крэдытаваньня».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG