Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістку «Гавары праўду!» выключылі з асьпірантуры


Belarus - literary excursion in Hrodna, 27Mar2011

Belarus - literary excursion in Hrodna, 27Mar2011

У Горадні выключылі з асьпірантуры ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Тацяну Касатую, якая брала актыўны ўдзел у кампаніі «Гавары праўду». На радзе факультэту гісторыі і сацыялёгіі зь пяці загадчыкаў катэдраў за гэта прагаласавалі тры, два ўстрымаліся.

У Гарадзенскім унівэрсытэце кажуць, што такога выпадку ніколі не было: кіраўнік навуковай працы заўжды падтрымлівае свайго асьпіранта, бо зацікаўлены ў абароне яго дысэртацыі. З Тацянай Касатай выйшла наадварот. Прафэсар Валеры Чарапіца, які таксама прагаласаваў за выключэньне, сказаў, што яму сорамна, што Тацяна Касатая ў яго навучалася, паведаміла былая асьпірантка «Свабодзе». Ён дадаў, што ўзьняў высока «плянку», якой яна не дасягнула, і што яе справаздача не адпавядае ўзроўню асьпіранцкай працы.

Тацяна Касатая прапанавала скласьці камісію, якая б магла бесстаронна прачытаць і прааналізаваць яе працу. Гэтай праблематыкай на факультэце ніхто не займаецца. Яе тэма — «Эвангельскія хрысьціяне-баптысты ў БССР: 1944–1991 гг.» Але гэтую прапанову не пачулі.

Іншых шэсьць асьпірантаў, апроч Тацяны Касатай, атэставалі. Упершыню ў аўдыторыю не запрасілі іх усіх, а выклікалі паасобку. Апошняй была яна. Дэкан факультэту Эдмунд Ярмусік на разьвітаньне прапанаваў Тацяне Касатай працягваць займацца тэмай дысэртацыі і нават сказаў зьвяртацца па дапамогу. Аднак яна адказала, што цяпер ёй сорамна будзе паўторна зьвяртацца «ў асьпірантуру, дзе так ставяцца да чалавека».

На мінулым тыдні Тацяна Касатая не прайшла атэстацыю на катэдры гісторыі славянскіх дзяржаваў. Паводле яе слоў, перад тым прафэсар Чарапіца прапанаваў ёй добраахвотна напісаць заяву і звольніцца з асьпірантуры, папярэдзіўшы, што атэстацыю яна ня пройдзе. Яшчэ раней з Тацянай Касатай не працягнулі кантракт у Гарадзенскім гісторыка-археалягічным музэі, дзе яна працавала.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG