Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі падчас крызісу многія дзеці адмаўляюцца ад харчаваньня ў школе, бо сьняданкі й абеды каштуюць надта дорага. Нормы дзяржаўнай фінансавай дапамогі на харчаваньне школьнікаў былі зацьверджаныя яшчэ ў лютым 2011 году і з таго часу не зьмяняліся. А бальшыня прадуктаў за гэты час падаражэла ў сярэднім у тры разы. Між тым, школьнае харчаваньне ў Беларусі пераважна платнае.

Праўда, Аляксандар Лукашэнка на нядаўняй сустрэчы з расейскімі журналістамі пахваліўся, што, маўляў, у Беларусі школьнікі харчуюцца бясплатна. Але пры гэтым не ўдакладніў, што бясплатныя сьняданкі атрымліваюць толькі тыя дзеці, якія вучацца ў пачатковых клясах. Праблему дасьледавалі карэспандэнты "Свабоды".

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

Нягледзячы на тое, што бацькі плацяць за харчаваньне ў школьнай сталоўцы, дзеці часта скардзяцца, што галодныя.

Спадарыня, дачка якой вучыцца ў гарадзенскай школе № 10, распавядае, што яшчэ нядаўна ў месяц плаціла 78 тысяч рублёў за школьнае харчаваньне, а на пачатку кастрычніка суму пералічылі, і цяпер трэба плаціць ужо больш за 90 тысяч.

Спадарыня кажа, што сама б за такія грошы не накарміла дзіця, якое вучыцца ў 5-й клясе. Але яе хвалюе, што і ў школе дзецям гэтага не хапае.

Спадарыня: "Дачка скардзіцца, што ў яе пастаянна нешта з абеду крадуць хлопцы, бо ім, вядома, больш трэба есьці…".

А вось другая спадарыня кажа, што яе дзяўчынцы заўсёды нестае школьнага абеду.

Спадарыня: "Калі нехта зь яе сябровак ня есьць, то яна і іх порцыі зьядае. Да прыкладу, катлету пакідаюць, а яна ўсё гэта падбірае, прычым не за аднаго, а яшчэ за некалькі чалавек".

Як пра станоўчае ў школьных сталоўках спадарыня таксама распавядае, што ў гарадзенскіх школах часьцей за ўсё дзецям прапаноўваюць на выбар дзьве стравы, бо інакш дзіця зьесьці ніхто не ўгаворыць.

А вось у адной з слонімскіх школак самі дзеці заўважаюць, што цэны на харчаваньне растуць, а ў талерках у іх нічога не дадаецца. Кажа іх настаўнік:

Спадар: "Вось усё даражэе, а порцыі меншыя і меншыя становяцца. Кінуць нейкую катлетку і макарону па талерцы раскладуць — так дзеці кажуць. Яны асабліва не наядаюцца, бо грошай на ўсё нестае".

Яшчэ адзін спадар зь Вялікае Бераставіцы распавядае, што таннасьць абедаў у школах адпавядае іх якасьці і калярыйнасьці. Ён кажа, што сын у восьмай клясе вырашыў не харчавацца ў сталоўцы, бо ўсё роўна не наядаецца. За гэтыя грошы купляе што-небудзь у буфэце і такім чынам трывае шэсьць урокаў.

Спадар: "Меншая дачка нават кажа, дый хлопец, што не хапае ім гэтай яды, порцыі малыя. Каша альбо макарона, катлета, хлеб — вось такая закуска. Праўда, сын кажа, што да гэтага яшчэ салату даюць — мешаніну з чырвоных буракоў, капусты, але яго кладуць усяго сталовую лыжку".

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


"У маёй клясе ўвогуле ніхто ў школе не харчуецца"

Вучаніца 11-й клясы адной зь берасьцейскіх школаў паведаміла "Свабодзе", што ад школьнага харчаваньня яна адмовілася першай у сваёй клясе. А цяпер і ўся яе кляса не наведвае школьную сталоўку.

Вось што распавяла мне вучаніца Алена:

"Я не харчуюся, таму што дорага. І далёка не заўсёды мне падабаецца тое, што там даюць. У маёй клясе ўвогуле ніхто не харчуецца. Нас спрабавалі прымусіць, але ўжо трэці год мы ўсе разам адмаўляемся… Клясная кіраўніца за гэта атрымлівае, а мы не харчуемся. Дырэктар яе змушае, каб хоць нехта харчаваўся, хаця б пяць чалавек з клясы каб харчаваліся…" — распавяла вучаніца Алена.

Настаўнік кажа, што палова вучняў ягонай школы адмаўляецца ад школьнага харчаваньня

А вось Сяргей, настаўнік адной са школаў Маскоўскага раёну Берасьця, кажа, што каля паловы вучняў ягонай школы адмаўляюцца ад школьных абедаў. Настаўнік кажа, што так ува ўсіх школах:

"Тых, хто не жадае, праз розныя шляхі, у тым ліку праз размовы з бацькамі, заахвочваюць уключацца ў сыстэму харчаваньня. Пачынаючы ўжо з клясы дзявятай, дзясятай, там менш ахвотных ужо гэта рабіць. Існуе плян, паводле якога працэнтаў 70 клясы павінны хадзіць у сталоўку", — кажа настаўнік.

Аднак пляну дасягнуць удаецца далёка не заўсёды. Тых клясных кіраўнікоў, хто пляну не выконвае, чакае пакараньне:

"То бок ці дысцыплінарным пакараньнем, ці зьмяншэньнем прэміі, ці папросту іх прозьвішчы гучаць на нарадах…" — распавёў настаўнік Сяргей.

Спадар Сяргей кажа, што крызіс адбіваецца і на школьным харчаваньні:

"Цяпер зьменшыліся самі порцыі. Прыкладна на чвэрць зьменшылася ўсё. Гэта, у прынцыпе, вынікае з таго шалёнага росту коштаў, што цяпер адбываецца…" — канстатуе берасьцейскі настаўнік.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Цяпер у райцэнтры Калінкавічы нават у пачатковых клясах за харчаваньне трэба плаціць — 20 тысяч рублёў на тыдзень. Падрабязьней пра сытуацыю — карэспандэнт "Свабоды".

Вось што кажа мясцовы грамадзкі актывіст, настаўнік па адукацыі Дзяніс Рабянок:

"У 2003 годзе Калінкавічы сталі "чыстай" зонай і былі адменены ўсе чарнобыльскія ільготы, у тым ліку й на харчаваньне дзяцей у школах. І калі да таго часу бацькі нічога не плацілі, то цяпер трэба крыху больш за 20 тысяч на тыдзень плаціць за харчаваньне, таксама і ў пачатковых клясах".

Суседні Мазыр таксама быў выведзены зь ліку заражаных радыяцыяй гарадоў рэгіёну. Тут бясплатнае харчаваньне таксама адмянілі — за выключэньнем школьнікаў пачатковых клясаў. Мясцовы бюджэт цяпер падтрымлівае гэтую катэгорыю навучэнцаў. Вучняў сярэдніх і старэйшых клясаў — не.

Меркаваньне мазырскага праваабаронцы Ўладзімера Целяпуна, бацькі траіх дзяцей:

"Гэта дрэнна, вядома. Людзі прызвычаіліся: дзеці ідуць у школу, і асабліва тыя, у каго ў сем’ях малы даход, спадзяюцца, што дзеці будуць накормленыя хаця б у школе".

У школках абласнога цэнтру харчаваньне бясплатнае, паколькі Гомель аднесены да тэрыторыяў з узроўнем забруджваньня радыяцыяй 1—5 кюры на квадратны кілямэтар.

Пра якасьць школьнага харчаваньня гаворыць дзесяціклясьніца сярэдняй школы № 5 Кацярына:

"Не заўсёды добра можна пад’есьці, хочацца яшчэ. Часта бывае нясмачна, каша асабліва. Па сутнасьці, любая. Я тады наагул нічога ня ем. Я дома ем — сьнедаю і прыходжу дадому, абедаю. А ў школе купляю толькі булачку ці піражок".

Дзядуля ўнучкі, якая навучаецца ў 11-й школе, лічыць, што ня надта добра, што ў школах не гатуюць абеды, а прывозяць цэнтралізавана з камбінату грамадзкага харчаваньня:

"Абеды прывозяць з камбінату — самі не гатуюць. Гэта кепска, бо трэба падаграваць. Я ведаю, што ў 24-й школе на вуліцы Сялянскай самі гатуюць. Бацькі кажуць, што лепей так. У 21-й школе нібыта гатуюць на месцы і ў 35-й таксама, наколькі я ведаю. Абеды сьвяжэйшыя. А то вязуць у кантэйнэрах — усё халодным робіцца".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG