Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упарадкаваць могілкі? Атрымайце санкцыю выканкаму


Папраўкі ў законы аб палітычных партыях і грамадзкіх аб’яднаньнях, а таксама прапанаваныя папраўкі ў Закон аб КДБ многія экспэрты называюць недэмакратычнымі і "антырэвалюцыйнымі".

Праваабаронца грамадзянскай кампаніі "Наш дом" з Талачынскага раёну, у мінулым народны дэпутат СССР Мікалай Петрушэнка кажа, што ўлады яшчэ да таго, як папраўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах пачнуць дзейнічаць, падводзяць пад гэты юрыдычны акт любую грамадзянскую ініцыятыву:


Мікалай Петрушэнка

Мікалай Петрушэнка

"Калі я падаў заяву (нават не заяву, а інфармацыю) ў пасялковы савет пра тое, што трэба ўпарадкаваць габрэйскія могілкі, дзе былі расстраляныя 325 нашых аднавяскоўцаў у гады вайны прыслугачамі фашысцкага рэжыму, дык атрымаў адказ, што калі я хачу гэта зрабіць, дык трэба падаць заяву ў адпаведнасьці з законам аб масавых мерапрыемствах. А гэта значыць — аплаціць прысутнасьць міліцыянтаў, лекараў і нават супрацоўнікаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. І толькі тады можна прыступіць да ўборкі могілак.

Сучаснай уладзе трызьніцца ўсё. Яна ўсяго баіцца. Жыла апазыцыя па яе законах -- перажывем і гэтыя папраўкі".

Былы міліцыянт, а цяпер пэнсіянэр Міністэрства ўнутраных спраў Сяргей Парсюкевіч адзначае, што новыя папраўкі ў закон аб КДБ фактычна перапісаныя з закону аб міліцыі, які ўжо дзейнічае:


Сяргей Парсюкевіч

Сяргей Парсюкевіч

"Кагэбэшнікам" дадалі болей магчымасьцей для сваволі ў пляне зьнявагі грамадзянскіх і агульначалавечых правоў. Такога раней у законе не было. Але ж з улікам таго, што законы ў нас даўно не працуюць, яны і раней працавалі па сваволі. Так што гэтай сваволі крыху ўзаконілі, калі можна так сказаць".

Сяргей Парсюкевіч лічыць: новыя папраўкі — выразная праява страху ўлады, што сілавікі не падтрымаюць яе, калі адбудуцца масавыя выступы насельніцтва:

"Рэйтынг Лукашэнкі цяпер мінімальны. Сілавікі таксама жывуць у той жа краіне. І ўсё, што адбываецца, яны адчуваюць на ўласнай скуры. Радня ж ёсьць у кожнага. А жыцьцёвы ўзровень вельмі моцна зьнізіўся. Ніякай упэўненасьці ў заўтрашнім дні няма".

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі канцэнтруе ўвагу на тым, што папраўкі да дзейных законаў нездарма называюць рэпрэсіўнымі і антырэвалюцыйнымі:


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

"Бо скіраваныя яны сваім вастрыём на магчымае здушэньне сацыяльных пратэстаў. Але гэта недальнабачны падыход. Тыя сілавікі, якія, мабыць пралабіравалі гэтыя навэлы ў заканадаўства, дарэмна думаюць, што схапілі Бога за бараду. Таму што калі ўсе кляпаны заткнутыя, а здараецца сацыяльны выбух, то ўжо ніякія параграфы законаў не ратуюць. Тады сытуацыя ідзе ўразнос. І разумная ўлада, наадварот, адчыняе гэтыя кляпаны, каб зьменшыць сацыяльную напругу. Але, відаць, у беларускай улады на гэта нестае сьмеласьці ці проста дальнабачнасьці".
XS
SM
MD
LG