Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль замест крэдыту – толькі рэкамэндацыі


Крыс Джарвіс (зьлева), Натальля Калядзіна

Крыс Джарвіс (зьлева), Натальля Калядзіна

З 5 па 17 кастрычніка ў Менску працавала місія МВФ, якая абмеркавала з кіраўніцтвам ураду і Нацбанку Беларусі эканамічную сытуацыю ў краіне, а таксама магчымыя крокі ў адказ на запыт беларускага боку аб шматмільярдным крэдыце МВФ. Перамовы, аднак, не наблізілі атрыманьне гэтай пазыкі. Затое беларускі ўрад атрымаў ад МВФ шэраг рэкамэндацыяў.

Беларускі ўрад спадзяецца атрымаць ад Міжнароднага валютнага фонду да 7 мільярдаў даляраў крэдыту. Аднак цягам двух тыдняў, што місія МВФ прабыла ў Менску, не было размовы нават пра магчымую суму крэдыту, паведаміў кіраўнік місіі МВФ Крыс Джарвіс:

"Пакуль што мы не падышлі да такога этапу, каб абмяркоўваць, якую суму можа складаць магчымы крэдыт МВФ. Мы будзем разглядаць гэтае пытаньне ў рамках наступнай місіі для вядзеньня перамоваў, калі такая адбудзецца".

У беларускім урадзе спадзяюцца, што наступная перамоўная місія МВФ прыбудзе ў Менск ужо ў сьнежні, але Крыс Джарвіс не падтрымаў такога аптымізму:

"Цяпер мы чакаем, каб пабачыць пэўныя дзеяньні з боку ўраду і Нацыянальнага банку, у прыватнасьці — якую эканамічную палітыку яны прапануюць на наступны год у рамках асноўных напрамкаў эканамічнай палітыкі, бюджэту і асноўных макраэканамічных паказчыкаў на 2012 год. І мы хочам убачыць, ці будуць гэтыя рэкамэндацыі падтрыманыя прэзыдэнтам".

Адказваючы на пытаньне, як паўплывае на магчымае крэдытаваньне наяўнасьць у Беларусі палітвязьняў, Крыс Джарвіс зазначыў:

МВФ не вылучае палітычных умоваў на выдачу сваіх крэдытаў...

"Я хацеў бы сказаць вельмі ясна: МВФ не вылучае палітычных умоваў на выдачу сваіх крэдытаў. Але перш чым мы прапануем праграму, мы маем праверыць, ці гатовыя нашыя выканаўчыя дырэктары яе падтрымаць. Яны прадстаўляюць краіны-сябры МВФ — больш за 180 краін. Але ў ходзе нашых перамоваў мы канцэнтруем увагу выключна на эканамічных пытаньнях".

Спадар Джарвіс пазытыўна ацаніў палітыку стрымліваньня дзяржаўных выдаткаў, намер беларускіх уладаў выйсьці на адзіны рынкавы курс нацыянальнай валюты і выказаў упэўненасьць у платаздольнасьці Беларусі па зьнешніх пазыках. Разам з тым місія МВФ вылучыла шэраг рэкамэндацыяў беларускаму боку. Першая зь іх — зьмяншэньне інфляцыі, якая падрывае зьнешнюю і ўнутраную стабільнасьць беларускай эканомікі. Апрача таго, МВФ заклікае Менск далей стрымліваць выдаткі і крэдытаваньне дзяржпраграм, а таксама прыпыніць рост заробкаў. Паводле заявы місіі МВФ, менавіта падвышэньне заробкаў перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2010 году спрыяла ўзьнікненьню крызісу ў сакавіку гэтага году. Місія рэкамэндавала не падвышаць тарыфную стаўку першага разраду працаўнікам бюджэтнай сфэры і дзяржаўных прадпрыемстваў. Крыс Джарвіс:

"Улады, апрача таго, павінны працягваць і ўзмацняць структурныя рэформы, у прыватнасьці — рэфармаваньне прадпрыемстваў, прыватызацыю, лібэралізацыю цэнаў і рэформу банкаўскага сэктару. Глыбокія структурныя рэформы неабходныя Беларусі, каб дасягнуць моцнага і доўгатэрміновага росту эканомікі і ўстойлівага падвышэньня ўзроўню жыцьця насельніцтва".


Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Вынікі місіі МВФ несуцяшальныя для беларускага ўраду, мяркуе эканаміст Барыс Жаліба. Гэта і чакалася, бо краіна яшчэ ня выйшла на адзіны курс нацыянальнай валюты, замаруджаная прыватызацыя і іншыя рэформы:

"Толькі ідуць размовы… Працэс марудзіцца, і гэта ніяк не задавальняе МВФ. Таму і вынік адмоўны".

Камэнтуючы заяву Джарвіса пра тое, што МВФ не вылучае палітычных умоваў, але мусіць спраўджваць, ці гатовыя выканаўчыя дырэктары ад краін-сябраў арганізацыі падтрымаць праграму дапамогі Беларусі, Барыс Жаліба зазначыў, што рашэньне МВФ залежыць ад палітычнай пазыцыі ЗША і Эўразьвязу:

"Ёсьць жа заснавальнікі фонду, ёсьць галоўныя донары, а гэта ЗША і Эўразьвяз, і, канечне, іх урады ўплываюць на рашэньне МВФ. Хоць афіцыйна кіраўнік фонду кажа, што МВФ па-за палітыкай, думаю, што гэта ўплывае на сытуацыю ў цэлым".

Паводле спадара Жалібы, пагаршэньне адносін Беларусі з Эўразьвязам, у прыватнасьці скандал, зьвязаны з адмовай Беларусі ад удзелу ў саміце "Ўсходняга партнэрства", таксама нэгатыўна ўплывае на пэрспэктывы атрыманьня грашовай падтрымкі ад МВФ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG