Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавічы: Анжэлу Камбалаву аштрафавалі на 350 тысяч


Старшыня баранавіцкай гарадзкой арганізацыі АГП Анжэла Камбалава пакараная штрафам у 10 базавых велічыняў (350 тысяч рублёў) за распаўсюд улётак Народнага сходу.

Спадарыня Анжэла паведаміла, што судзьдзя Баранавіцкага суду Васіль Петрыеў адмовіў заслухоўваць сьведак зь яе боку, а вось блытаным паказаньням сьведкі з боку абвінавачаньня паверыў:

“Самае сьмешнае, што сьведкай была Алена Андрыюк зь ідэалягічнага аддзелу аднаго прадпрыемства, якая бачыла быццам бы, як я раздаю ўлёткі. Дык яна мяне сёньня нават не пазнала. Судзьдзя пытаецца ў яе, якога колеру была мая машына, а яна адказвае, што прыгожага. Можа гэта і не яна, а нехта іншы запісваў нумар машыны, а яе проста падставілі ў якасьці сьведкі,” – мяркуе актывістка.

Анжэла Камбалава патлумачыла, што суд не захацеў прыняць да ўвагі закон аб мясцовых сходах, якім кіраваліся актывісты. Падчас працэсу судзьдзя спасылаўся толькі на закон аб масавых мерапрыемствах:

“І яны ўсё падводзяць пад гэты закон аб масавых мерапрыемствах. Мы ім пра закон аб мясцовых сходах, а яны – аб масавых мерапрыемствах. І нават у матэрыялах справы не было закону аб сходах. Хаця гэты закон ясны і просты. Сход і масавае мерапрыемства – гэта ж усё такі розныя рэчы,” – распавяла спадарыня Камбалава.

Анжэла Камбалава распаўсюджвала ўлёткі Народнага сходу каля аднаго з прадпрыемстваў. Праз некалькі дзён яе выклікалі ў міліцыю і склалі пратакол за заклік на несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.
XS
SM
MD
LG