Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія экспэрты асудзілі папраўкі ў закон аб НДА


Кансультанты Рады Эўропы ў канстытуцыйных пытаньнях рэзка скрытыкавалі Беларусь за яе стаўленьне да няўрадавых арганізацыяў.

У часе пленарнай сэсіі ў Вэнэцыі Камісія адзначыла, што цягам апошніх дзесяці гадоў амаль усе праваабарончыя арганізацыі ў Беларусі былі пазбаўленыя рэгістрацыі. Вэнэцыянская камісія таксама выказала шкадаваньне з нагоды зьменаў у Крымінальным кодэксе, якія душаць свабоду асацыяцыяў. “Беларускія заканадаўцы ўхвалілі пакет паправак, якія значна пашыраюць паўнамоцтвы КДБ, дазваляючы ў тым ліку ўварваньне ў дамы, у дадатак да забароны замежнага фінансаваньня НДА. Як толькі законапраект будзе прыняты, службы бясьпекі атрымаюць права ўрывацца ў офісы арганізацыяў, а таксама ў жылыя памяшканьні, калі будуць лічыць, што там зьдзяйсьняецца злачынства альбо хаваецца падазраваны,” – нагадваецца ў прэс-рэлізе Камісіі.

Камісія таксама далучаецца да крытыкі Беларусі, як адзінай эўрапейскай краіны, якая выкарыстоўвае сьмяротнае пакараньне.

Вэнэцыянская камісія – кансультатыўны орган па канстытуцыйнаму праву, створаны пры Радзе Эўропы ў 1990 годзе. Асноўная форма працы Камісіі – аналіз законаў і законапраектаў, якія закранаюць праблемы канстытуцыйнага права, у тым ліку стандарты выбараў, правы меншасьцяў і г.д. Высновы камісіі шырока выкарыстоўваюцца ПАРЭ як адлюстраваньне “эўрапейскіх стандартаў у галіне дэмакратыі”.

Беларусь зьящляецца асацыяваным сябрам Вэнэцыянскай камісіі.
XS
SM
MD
LG