Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праваабаронцы вінавацяць начальніка турмы ў парушэньні закону


Магілёўская праваабаронца Крысьціна Шацікава абскардзіла адказ начальніка папраўчай калёніі № 4 Аляксандра Ламазы на сваё пісьмовае патрабаваньне паведаміць пра ўмовы ўтрыманьня й стан здароўя былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава.

Скаргу актывістка накіравала ў дэпартамэнт выкананьня пакараньняў па Магілёўскай вобласьці.

Крысьціну Шацікаву не задаволіў адказ турэмшчыка ў адзін сказ: "На ваш зварот паведамляю, што грамадзянін Андрэй Саньнікаў у турме № 4 не знаходзіцца".

Праваабаронца ў сваёй скарзе адзначае, што Аляксандар Ламаза не адказаў на ніводнае з пытаньняў па сутнасьці, чым парушыў "Закон аб зваротах грамадзян". Шацікава патрабуе, каб ёй адказалі на пытаньні яе звароту з магілёўскай турмы па сутнасьці і каб быў прыцягнуты да адказнасьці начальнік калёніі, які парушыў, паводле скаржніцы, закон.

Скаргу ў дэпартамэнт накіравала й яшчэ адна актывістка, Марыя Вайнова.

28 верасьня поштай у адміністрацыю папраўчай калёніі № 4 даслалі свае звароты 19 чалавек. Напярэдадні падчас сустрэчы з праваабаронцамі й журналістамі Аляксандар Ламаза запэўніў, што стан здароўя Андрэя Саньнікава здавальняючы. Пры гэтым ён адмовіўся прыняць з рэгістрацыяй звароты грамадзян — таму іх даслалі поштай.

Андрэй Саньнікаў утрымліваўся ў магілёўскай турме падчас этапу з Наваполацкай папраўчай калёніі ў Бабруйскую ад 26 да 29 верасьня.

Адказ Аляксандар Ламаза падпісаў 30 верасьня.
XS
SM
MD
LG