Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь зацікаўлена ў крэдыце МВФ у памеры 3-7 мільярдаў даляраў


Беларусь у бліжэйшай пэрспэктыве зацікаўлена аднавіць супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам і прыцягнуць крэдыт МВФ у памеры 3-7 мільярдаў даляраў.

У прэс-службе беларускага ўрада Інтэрфаксу таксама паведамілі, што пра гэта было заяўлена 14 кастрычніка падчас сустрэчы прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясьніковіча з экспэртамі місіі МВФ на чале з Крыстаферам Джарвісам.

Экспэрты МВФ адзначылі, што ў фондзе станоўча ацэньваюць крокі ўрада Беларусі і Нацыянальнага банка па выхаду на адзіны раўнаважны курс беларускага рубля.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі напрамкі эканамічнай палітыкі, якія рэалізуюцца ўрадам, прагноз разьвіцьця беларускай эканомікі ў 2012 годзе і пэрспэктывы далейшага супрацоўніцтва з МВФ. Разгледжаны прапановы экспэртаў фонду. Сустрэча прайшла ў канструктыўным, зацікаўленым фармаце, адзначылі ў прэс-службе.

Таксама на сустрэчы бакі адзначылі, што эканамічная палітыка, якая праводзіцца, улічвае рэкамэндацыі МВФ, якія былі выкладзены ў заключнай запісцы місіі па постпраграмнаму маніторынгу. Так, па выніках васьмі месяцаў кансалідаваны бюджэт выкананы на бездэфіцытным узроўні. Аб'ёмы эмісійнага крэдытаваньня дзяржаўных праграм у гэтым годзе не перавысяць 4% валавога ўнутранага прадукту.

Акрамя таго, у Беларусі рэалізуюцца меры па выхаду на адзіны раўнаважны курс беларускага рубля: з сярэдзіны верасьня на біржавым рынку дзейнічае дадатковая гандлёвая сэсія, на якой апэрацыі куплі-продажу замежнай валюты ажыцьцяўляюцца па курсе, які склаўся ў адпаведнасьці з попытам і прапановай.

Экспэрты канстатавалі, што практычна завершана фармаваньне інстытуцыйнай, прававой і апэрацыйнай структуры Банка разьвіцьця, які пачне працу ў бліжэйшы час. Запрацавала Нацыянальнае агенцтва інвэстыцый і прыватызацыі. На прыкладзе васьмі прадпрыемстваў, адабраных экспэртамі Сусьветнага банка ў якасьці пілётных праектаў, будуць укаранёны перадавыя тэхналёгіі ажыцьцяўленьня прыватызацыйных зьдзелак па продажы малых і сярэдніх прадпрыемстваў стратэгічнаму інвэстару.

Удасканальваецца прадстаўленьне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. У наступным годзе ўрад і Нацыянальны банк працягнуць правядзеньне жорсткай грашова-крэдытнай і бюджэтна-падатковай палітыкі.

Эмісійныя рэсурсы, што накіроўваюцца ў эканоміку, будуць рэзка
абмежаваныя ў рамках ўзгодненых міжнародных абавязацельстваў
Беларусі.

У 2012 годзе плянуецца выхад на дадатнае сальда зьнешняга гандлю ў памеры 1,8 мільярда даляраў і бездэфіцытны бюджэт.

Пытаньням далейшай лібэралізацыі эканомікі, яе структурнай перабудовы і разьвіцьцю прыватнай ініцыятывы па-ранейшаму будзе надавацца значная ўвага.

У прэс-службе ўрада таксама паведамілі, што МВФ будзе гатовы афіцыйна апублікаваць вынікі сваёй працы ў Беларусі ў пачатку наступнага тыдня.

Місія МВФ на чале з Крыстаферам Джарвісам працавала ў Беларусі зь 5 па 17 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG