Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Далі па 500 тысяч. Гэта нагадвае костку, якую кінулі, каб закрыць рот"


У Івянцы зьявілася карчма. Заля на некалькі дзясяткаў чалавек, якую ўпрыгожвае ляпны герб "Пагоня", месьціцца ў склепе адрэстаўраванага дамка пры Цэнтры рамёстваў.

"Пагоня" ў Карчме
"Пагоня" ў Карчме

Аднак у гэтай карчме нельга пад'есьці — тут няма кухні, няма бару і няма афіцыянтаў. Гэтую залю здаюць у арэнду на вясельлі ды іншыя ўрачыстасьці. Але ежу і пітво трэба прывозіць свае.


На цэнтральным пляцы 5-тысячнага Івянца нядаўна зьявілася тое, што мясцовыя жыхары сталага веку называюць "Віфі". Падыходжу. Аказваецца, не "Віфі", а Wi-Fi. Менавіта так называецца кавярня, якую адкрыў нейкі замежнік. Кавярня пачынае працаваць з паўдня. Адпаведна, зранку вас тут кавай ці гарбатай ніхто не напоіць. Затое праз кратаваную шыбіну можна прачытаць аб'яву, што ў кавярні "Wi-Fi" падаюць комплексныя абеды. Цана: ад 10 да 15 тысяч.




Кавярні ў Івянцы

Глядзець вялікую мапу

У прыватнай краме "Ганна" набываю пушку цукерак і іду ў госьці да даўняга знаёмага Мікалая Куксо. Пра краму толькі заўважу, што ад майго мінулага візыту ў Івянец пакупнікоў у гандлёвай залі паменела, наведнікаў імправізаванага кафэтэрыю ля касы няма зусім. Праўда, краму абсталявалі сыстэмай відэаназіраньня. Папераджальная цыдулка пра гэта вісіць на ўваходных дзьвярах.

Былы адвакат, былы настаўнік, пэнсіянэр са шматгадовым стажам Мікай Куксо частуе мяне гарбатай, канапкамі, печывам.

Куксо кажа, што раней яны з жонкай куплялі галавізну, рабілі зь яе розныя прысмакі — і то былі асноўныя мясныя стравы на стале. Апошнім часам, кажа, галавізну у мястэчка ня возяць.

"Улада дала падачку ў 500 тысяч. Гэта больш нагадвае костку, якую кінулі, каб закрыць рот. Мяркуйце самі: хлеб каштаваў адну тысячу рублёў, а стаў 3, масла было 2 тысячы, а стала амаль 7", — кажа Мікалай Куксо і дадае: "Рыбу і масла ўжо не купляем. Пашчасьціла набыць 20 кіляў курынага тлушчу. Ён танны, бо з адкідаў. А мяса ў нас тады, калі прыяжджаюць госьці. Яны бываюць раз на квартал ці на паўгодзьдзе".

"Грошы ідуць з плеч у печ, бо цэны шалёныя, у краму ходзіш як на экскурсію", — падсумоўвае Куксо.

Дзед Мікалай таксама распавядае пра тое, у колькі пэнсіянэрам абыходзіцца здароўе: "Калі вока захварэла на катаракту, паставілі ў чаргу на апэрацыю. Пакуль чарга падышла, дык крышталік у вока, які каштаваў 800 тысяч, стаў каштаваць амаль 2 мільёны. Жонка ўстаўляла зубы — прыйшлося заплаціць амаль 680 тысяч рублёў".



Крыніца: апытаньне НІСЭПД

Раней Мікалай Куксо штосуботы хадзіў у лазьню, там пераказваў зьмест праграмаў Радыё Свабода і публікацыяў недзяржаўнага друку суседзям па парылцы. Выступы былога агітатара-прапагандыста выклікалі розную рэакцыю. Было і высьвятленьне стасункаў, і пераход на асобы, але да боек не даходзіла.

Цяпер атмасфэра ў лазьні іншая: "Я стаў болей слухаць, а не распавядаць. І вось калі былі падзеі 19 сьнежня, некаторыя казалі: чаго яны туды пайшлі — бульба ёсьць, і добра. А цяпер, калі крызіс стукнуў — іншая песьня: што рабіць з такімі шалёнымі цэнамі, як далей жыць? Але пакуль вялікіх рэвалюцыйных зрухаў не назіраецца".

Пытаньне пра тое, чаму не назіраецца, як выказаўся Мікалай Куксо, вялікіх рэвалюцыйных зрухаў, я адрасую былому кіраўнік валожынскай суполкі БНФ Вінцэсю Солтану.

Спадар Вінцэсь шмат гадоў ачольваў, бадай што, адзіную апазыцыйную структуру ў Валожынскім раёне Менскай вобласьці. У ягонай хаце неаднойчы праходзілі сходы і сустрэчы зь менскімі апазыцыянэрамі ды кандыдатамі на прэзыдэнта. А ў мясцовай школе супрацоўнікі КДБ нават інструктавалі настаўнікаў: глядзіце, каб Солтан не камунікаваў з вучнямі, каб ня ўцягваў дзяцей у палітыку.

"Грамадзкая і палітычная дзейнасьць патухла. Моладзь зьехала ў Менск, а маё пакаленьне хоча да пэнсіі дапрацаваць. Людзі ня бачаць канкрэтнага лідэра, за якім можна пайсьці. Хоць напярэдадні выбараў быў уздым і спадзяваньне, што нешта зьменіцца", — апісвае палітычныя настроі Солтан. — "Пасьля выбараў людзі гаварылі і пра суды, і пра Плошчу. Цяпер складаней схаваць інфармацыю. Людзі карыстаюцца інтэрнэтам, слухаюць радыё, шмат хто глядзіць "Белсат".

Вінцэсь Солтан кажа, што "вырасла незадаволенасьць уладай у зьвязку з крызісам".



Крыніца: апытаньне НІСЭПД

Вінцэсь Солтан прыводзіць толькі адзін прыклад, як зьмянілася жыцьцё ад пачатку году: "Раней, калі мне трэба было набыць шурупы, я прыходзіў краму і не задумваючыся набываў пакунак. А цяпер адзін шуруп каштуе 450 рублёў. Ужо набываю ня пачак, а ўраздроб. Шмат рэчаў, якія мне неабходныя для працы, падаражэлі нават у пераліку на даляры. А цана маёй працы не зьмянілася".

Апазыцыянэр са стажам Вінцэсь Солтан перакананы, што "толькі эканоміка можа зьмяніць думкі людзей. Калі ў людзей не хапае заробку на самае неабходнае, яны задумваюцца, куды мы ідзем. Праўда, публічна пра гэта не гавораць. Людзі сталі больш запалоханыя ў зьвязку з апошнімі рэпрэсіямі".

Адны людзі думаюць, што пасьля сыходу Лукашэнкі з пасады прэзыдэнта жыцьцё ў Беларусі палепшыцца, іншыя — наадварот, што пагоршыцца. А што думаеце вы?

Крыніца: апытаньне НІСЭПД

У каго ў крызіс салодкае жыцьцё, дык гэта ў сумеснага беларуска-кіпрскага прадпрыемства "Іўкон". Фабрыка, якая месьціцца ў Івянцы, выпускае цукеркі. Асноўныя рынкі збыту — краіны Каўказу і Сярэдняй Азіі. "Ажно да самага Кітаю", — адзначае супрацоўнік "Іўкону" Віктар Пусевіч.

"Прачытаў неяк публікацыю ў часопісе. Там было дасьледаваньне, што ў крызіс чалавек ня можа дазволіць сабе набыць нейкую дарагую рэч, але ад цукерак ніхто не адмаўляецца. І, ведаеце, мы ніколі не працавалі лепш, чым калі быў усясьветны крызіс, не рабілі больш цукерак і не было лепшага збыту. Тады прадукцыя добра ішла. Як толькі ўсясьветны крызіс стаў ісьці на спад, сталі меней браць цукерак", — кажа Прусевіч.

А ў часе беларускага крызісу "Іўкон" набыў новую нямецкую лінію. Раней уся фабрыка за суткі магла вырабляць 800 тонаў цукерак, а цяпер адна толькі новая лінія выпускае 1200 тонаў.

"Грошы вялікія ўкладзеныя, а аддачы пакуль няма. "Напражонка". Пакуль цукеркі прызнаюць, праходзіць 3 гады. Ня ўсё так проста ідзе, бо чалавек выбірае, дзе таньнейшае", — адзначае Прусевіч.

Пра свой дабрабыт спадар Віктар гаворыць зь меншым аптымізмам: "Часам хочацца набыць мяса. Бывае, і грошы ёсьць, а мяса набыць немагчыма. Тое, што на кірмашы ляжыць, мне не па кішэні. Я не магу за 70 тысяч кіляграм набываць. Шмат ад чаго прыйшлося адмовіцца. Рацыён урэзаны напалову. Вось прыклад: злавіў рыбы, жонка зварыла супу — гэта будзе на першае. З другім цяжкавата. На трэцяе... у мяне яблыкаў шмат, кампот зварыць можна. Праўда, я са сваімі ўстаўнымі зубамі не магу есьці кіслыя яблыкі, а кіляграм салодкіх каштуе каля 10 тысяч. Гады 3—4 таму ў Івянцы яшчэ трымалі нейкую жывёлу: сьвінчо, курэй. А сёньня камбікорм каштуе столькі, што мала трымаюць. Няма жывёлы, значыць, няма чаго есьці і мышам. Вось ты і думай, як ката таго карміць".

Дарэчы, пра катоў.

Некалі ў праграме "Абеды ў Івянцы" зь месяца ў месяц мы сачылі, як мяняўся рацыён коткі Марты. Спачатку яна ела тое, што было на стале ў гаспадароў. Пасьля былы настаўнік Іван Вальчэўскі спрабаваў навучыць яе лавіць мышэй (котку ім некалі прывезла дачка зь Менску, а ўсе Марціны паляўнічыя інстынкты атрафаваліся, пакуль яна жыла ў сталіцы...). Спадар Вальчэўскі сам лавіў мышэй, клаў перад коткай. Але асаблівага імпэту ў той не назіралася. Пазьней Марце сталі даваць путасу. Калі рыба падаражэла, путасу сталі чаргаваць з кормам "Кіцікэт".

"Марта перайшла з путасу на мойву. Хоць некалі носам круціла і ад путасу. Як кусаецца цана, дык трэба эканоміць на ўсім. Путасу даем празь дзень. Чаргуем са сьвінымі ныркамі. Кот абыходзіцца пад 60—70 тысяч на месяц. Нашыя дзьве пэнсіі — гэта адзін мільён 700 тысяч. На котку можна і ахвяраваць", — кажа Іван Вальчэўскі.

"У якую краму ні зойдзеш, там ніколі няма людзей. А раней каля касаў стаяла па некалькі чалавек. На рынак прыяжджае шмат машынаў. Але каб была чарга і людзі нешта набывалі, такога няма. Некалі машына яшчэ не прыехала, а па рыбу ўжо чарга 20—30 чалавек. А цяпер няма нікога. Пры мне чалавек набыў 2 селядцы і адразу вярнуў — яны былі жоўтыя ад старасьці, — гэта спадар Вальчэўскі з абмеркаваньня кацінага жыцьця ў крызіс пераключаецца на апісаньне дабрабыту пэнсіянэраў. — "На стале няма болей каўбасы, бо мы яе не купляем. Можна было б ахвяраваць якую сотню на каўбасу, але яе страшна набываць. Невядома, колькі яна ляжала, колькі разоў яе праціралі і чым яе праціралі. Можна ня толькі смачна паабедаць, але і даць дубу — атрымаецца, што гэта была апошняя каўбаса ў маім жыцьці".

Іван Вальчэўскі працаваў настаўнікам матэматыкі. Пасьля яго адправілі на пэнсію. З тых часоў ён ня мае асаблівай ахвоты распавядаць пра школу. Пару год таму Вальчэўскі зьдзівіў мяне заявай, што ў сучаснай школе ў Івянцы паляць дровамі, бо так і не змаглі падвесьці газ да кацельнай, што дах дзіравы і пасьля дажджу на столі і сьценах клясаў праступае вільгаць. У гэтую нашу сустрэчу я пацікавіўся ў спадара Івана, як зьмянілася сытуацыя. Ён толькі адмахнуўся: а як яна магла зьмяніцца, калі на працу ў школу і сёньня патрабуюцца качагары?

"З тых часоў, як школа павярнулася да вучобы тым месцам, якім ня трэба паварочвацца, я там не працую. 134 бюджэтныя месцы ў пэдунівэрсытэце засталіся незапоўненыя. То бок ніхто не прыйшоў, хоць узялі б любога. Чалавек прыходзіць працаваць у школу і нічога ня мае: ён атрымлівае капейкі, у яго няма ніякіх правоў і куча абавязкаў. Маладыя спэцыялісты ня едуць. А калі хто і прыяжджае, дык у школе рады, калі што ён датэрмінова зьедзе. Яны прыяжджаюць такія самыя, як і вучні старэйшых клясаў: усе з голымі жыватамі, яны з тымі дзецьмі ў адной кучы таўкуцца і не пазнаеш, настаўнік гэта ці вучань", — дзеліцца назіраньнямі пэдагога са стажам Іван Вальчэўскі.

І яшчэ адна навіна: з надыходам эканамічнага крызісу Іван Вальчэўскі кінуў пісаць вершы. Вось ягоныя матэматычныя разьлікі: "Для таго каб выдаць кніжку накладам 100 асобнікаў, трэба аддаць 500—600 даляраў. Атрымліваецца, што адна кніга каштуе пад 6 даляраў. Гэта без аплаты вычыткі і набору. Каб праца акупілася, трэба прадаць яе па 10 даляраў. Хто сёньня аддасьць 90 тыс. за кнігу? Толькі пакруцяць пальцам ля скроні і скажуць, што дурны чалавек!"

"Глядзіш на вітрыну і пытаесься ў прадавачкі: гэта нумар мабільнага тэлефону ці цана?" — тое, што ў Менску распавядаюць як показку, былы дырэктар музычнай школы Казімір Бібік напраўду вымавіў у краме.

Эканамічны крызіс спадар Бібік вымярае тым, як памяняўся ягоны заробак: "Да таго як мы ўбухнуліся ў гэтую яму... раней я атрымліваў 300 даляраў. Цяпер — 95. Заробак нядаўна падвысілі, але стаўку зрабілі не 18 гадзін, а 20. Так некалі бальшавікі рабілі. А цэны паўзуць як зьмяя за намі".



Пару гадоў таму ў Казіміра Бібіка была мара: да 50-годзьдзя івянецкай музычнай школы ён хацеў зрабіць касмэтычны рамонт будынку — паставіць эўравокны, абшыць сьцены гіпсакардонам. З плянаванага зьявіліся толькі вокны. Да іх дадаліся добрыя дзьверы ў кожны кляс.

"Атрымаў я за дзьверы! Лаяліся, што ў райвыканкаме няма такіх дзьвярэй, — узгадвае Бібік. — А я хітра зрабіў. Прывезьлі абы-якія дзьверы. Я падумаў, што ўсё адно мяне здымуць з пасады дырэктара. Тыя абы-якія вырашыў ня ставіць і замовіў самыя лепшыя. Прыбег намесьнік кіраўніка райвыканкаму, пачаў лаяцца... Я яму так хітра кажу: Пётра Ёсіфавіч, гэта будзе памяць пра вас — а ён куратар культуры, адукацыі і мэдыцыны. Ну, ён нічога ня змог запярэчыць і зьехаў".

Навучаньне ў школе каштуе 10—14 тысяч. Казімір Бібік кажа, што ў прынцыпе такія сумы пацягне сям'я зь любым дастаткам. Праблема, кажа, ня ў плаце за навучаньне, а ў тым, колькі каштуюць інструмэнты: "Балалайка ў краме "Музыка" каштавала 1,7 мільёна. А цяпер і ўсе 2 будзе. Каб купіць прафэсійны баян для паступленьня ў акадэмію, трэба 10—12 тыс. даляраў. Дзе ўзяць такія грошы? Вось так і ставіцца крыж на кар'еры. А я не магу сказаць бацькам: набывайце інструмэнт, вашае дзіцё стане вялікі музыкам".

Апісваючы жыцьцё ў 5-тысячным мястэчку за 60 кілямэтраў ад Менску, Казімір Бібік кажа, што людзі "выжываюць, як вярблюды — за кошт таго, што назапашана ў гарбе".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG