Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцэрн "Белнафтахім" аб'явіў пра чарговае, дзявятае сёлета, падвышэньне цэн на нафтапрадукты. 16 кастрычніка бэнзын падаражэў у сярэднім на 3%, дызэльнае паліва – на 5%.

Паводле інфармацыі канцэрна, якая зьявілася на яго сайце за пяць хвілін да паўночы, кошт бэнзыну Нармаль-80 складае 4.740 рублёў за літар (140, ці 3,04%), Аі-92 – 4.970 (150, ці 3,11% ), Аі-95 – 5.360 (160, ці 3,08%), дызпаліва – таксама 5.360 (260, ці 5,10%).

Цэны павялічаныя "ў мэтах павышэньня эфэктыўнасьці работы нафтаперапрацоўчых заводаў". Акрамя таго, у адпаведнасьці з пастановай праўленьня Нацыянальнага банку ад 7 верасьня 2011 году № 368 "Аб зьдзелках куплі-продажу замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку" набыцьцё валюты для закупкі нафтавай сыравіны нафтаперапрацоўчыя заводы ажыцьцяўляюць на дадатковай гандлёвай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы па рынкавым курсе.

Папярэдняе павелічэньне коштаў адбылося 1 кастрычніка. Тады прычынамі росту называлі куплю валюты на дадатковай сэссіі і неабходнасьць "паэтапнага выраўноўваньня цэн на тавары ў краінах Мытнага зьвязу".

Раней кошт паліва падвышаўся 3 сакавіка (у сярэднім на 5%), 31 сакавіка (на 10%), 24 траўня (на 20%), 7 чэрвеня (на 30%), 21 ліпеня (на 3%), 20 жніўня (на 3%) і 14 верасьня (на 3%). 9 чэрвеня на патрабаваньне Аляксандра Лукашэнкі, якое прагучала на наступны дзень пасьля масавай акцыі менскіх аўтамабілістаў "Стоп-бэнзын", цэны былі зьніжаныя на 13-22%.

З пачатку году Нармаль-80 падаражэў у 2,11 раза, Аі-92 – у 1,73 раза, Аі-95 – у 1,65 раза, дызпаліва – у 2,08 раза.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG