Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Паплаўнага: пракуратура ня згледзела ў дзеяньнях судзьдзі прыкметаў злачынства


Анатоль Паплаўны

Анатоль Паплаўны

Старшы сьледчы Гомельскай абласной пракуратуры Сяргей Кузьмянкоў адмовіўся распачынаць крымінальную справу ў дачыненьні да судзьдзі Цэнтральнага раёну Алены Цалковай на заяву праваабаронцы Анатоля Паплаўнага. І хаця судзьдзя адмовілася даваць сьледчаму нейкія пісьмовыя тлумачэньні, ён палічыў, што Цалкова ня мела намеру выносіць заведама неправасудную пастанову на арышт Анатоля Паплаўнага.

Паплаўны: «Гэта звычайная фармальная адпіска, таму я й абскарджваю пастанову сьледчага пракурору вобласьці. Калі ў сьледчага не хапае паўнамоцтваў, каб узяць тлумачэньні ў судзьдзі, то так і трэба было напісаць».

Сёлета 4 ліпеня, на другі дзень пасьля акцыі «маўклівага» пратэсту, судзьдзя Алена Цалкова на падставе паўпустога міліцэйскага пратаколу пакарала Анатоля Паплаўнага 15-сутачным арыштам нібыта за лаянку. Насамрэч Анатоль пасьля акцыі фатаграфаваў беспадстаўныя затрыманьні міліцыяй пратэстантаў.

Анатоль адседзеў паўмесяца за кратамі і абскардзіў пастанову на свой арышт. Абласны суд адмяніў яе, згледзеўшы шматлікія парушэньні працэсуальна-выканаўчага кодэксу. Праваабаронца лічыць, што неправасудная пастанова цалкам падпадае пад прыкметы артыкулу 392 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасць судзьдзі за злоўжыванне законам.

Пра гэта Анатоль і напісаў у заяве генэральнаму пракурору. Аднак Генэральная пракуратура перанакіравала заяву праваабаронцы ў Гомель, на яе і адказаў следчы Кузьмянкоў.

Дарэчы, супраць праваабаронцы ў міліцыі склалі новы адміністрацыйны пратакол, дзе яму прыпісалі лаянку 3 ліпеня. І 20 верасьня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Марына Дамненка нанова асудзіла праваабаронцу Анатоля Паплаўнага на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Гэты факт сьледчы абласной пракуратуры таксама згадвае ў пастанове на адмову распачаць крымінальную справу супраць судзьдзі Цалковай.
XS
SM
MD
LG