Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэты пакет законаў можна назваць „антыкрызісным заканадаўствам“ рэжыму».


У чым сэнс для ўлады прыняцьця драконаўскіх паправак у заканадаўства — запалохаць грамадзтва, прадухіліць магчымыя выступы? Ці новыя нормы будуць даволі актыўна прымяняцца? Чаму ва ўладзе перамагла пазыцыя «ястрабаў»? Што можа зрабіць Захад у адказ на працяг рэпрэсіяў у Беларусі?

На гэтыя пытаньні адказваюць — юрыст і палітоляг Юры Чавусаў і палітычны аглядальнік газэты «Белорусы і рынок» Паўлюк Быкоўскі.

Юры Чавусаў
Паўлюк Быкоўскі
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: У чым сэнс для ўлады гэтых паправак? Ці проста напалохаць, прадухіліць магчымыя пратэсты, ці новыя нормы будуць даволі актыўна прымяняцца? Калі так, то якія папраўкі найбольш важныя для ўлады?

«Пакуль не зьнікла абставінаў, пры якіх уладам лібэралізацыю можна было б добра прадаць»


Чавусаў: Я бы ўсё ж правёў падзел паміж зьменамі ў закон аб КДБ і зьменамі ў законы аб грамадзкіх аб’яднаньнях, палітычных партыях, аб масавых мерапрыемствах. Зьмены ў закон аб КДБ відавочна прымаюцца ў межах той гульні, якая вядзецца паміж рознымі ведамствамі і службамі ўнутры рэжыму. І зьвязана гэта з тым, каб інтарэсы КДБ не пацярпелі ў выніку стварэньня сьледчага камітэту. КДБ робіцца службай, датычнай да адміністрацыі прэзыдэнта.

Што тычыцца іншых заканадаўчых зьменаў, то яны ў значнай ступені накіраваныя на легалізацыю тых практык, мэтадаў, якія і так ужываюцца дзяржаўнымі ўладамі — і ў гэтым сэнсе нагадваюць зьмены ў закон аб масавых мерапрыемствах, — славутае «бязьдзеяньне». Арышты ўдзельнікаў маўклівых пратэстаў рабіліся і без існаваньня заканадаўчай базы, проста постфактум у закон унесьлі зьмены.

Так і тут, фактычна істотна не мяняецца рэгуляваньне атрыманьня замежнай дапамогі, толькі ўстанаўліваецца значна большая мера адказнасьці, крымінальная адказнасьць. Дэ-факта такія крымінальныя артыкулы, напэўна, ня будуць ужывацца для таго, каб пасадзіць людзей за краты, але будуць ужывацца для завядзеньня крымінальных спраў дзеля прадухіленьня атрыманьня замежнага фінансаваньня апазыцыйнымі арганізацыямі. У гэтым сэнсе значэньне гэтых паправак — прадухіліць, павялічыць градус страху ў грамадзтве.

Цыганкоў: Папярэднія «антырэвалюцыйныя» зьмены ў заканадаўства былі прыняты напярэдадні выбараў, у 2005 годзе. Выбары праходзілі, і звычайна пасьля іх была пэўная лібэралізацыя — маўляў, «перамога дасягнута, навошта цяпер змагацца з апазыцыяй?». Зараз іншая матрыца — пасьля выбараў ідзе зацісканьне гаек. Чым гэта можна патлумачыць?

Быкоўскі: Напэўна, упершыню такая сытуацыя назіраецца пасьля 1996 году. Зьмену вэктару, адмову ад лібэралізацыі можна патлумачыць тым, што пакуль ня ўзьнікла абставінаў, пры якіх уладам гэтую лібэралізацыю можна было б добра прадаць. Калі раней узьнікалі ініцыятывы, якія здаваліся кіраўнікам Беларусі карыснымі, то зараз і замежныя ініцыятывы не настолькі прывабныя, і ў самім рэжыме няма гульні ў ястрабаў і галубоў. Зараз усе гуляюць партыю ястрабаў.
У самім рэжыме няма гульні ў ястрабаў і галубоў. Зараз усе гуляюць партыю ястрабаў.

Цыганкоў: Чым гэта можна патлумачыць? Быць голубам нават тактычна нявыгадна, гэта не прынясе ніякіх дывідэндаў?

Быкоўскі: Першым сыгналам зьмены парадыгмы стала тое, што кіраўнік Адміністрацыі Макей напярэдадні выбараў раптам стаў гаварыць пра магчымы пераварот. Я ня ведаю ўнутранай кухні ва ўладзе, але ініцыятывы, што ўзьнікалі ў Адміністрацыі прэзыдэнта, цяпер спыніліся. І нават тое млявае, што было, цяпер зачыненае, як тая ж Грамадзкая рада пры Адміністрацыі. Бо зараз для Макея хутчэй шкодна гуляць у такія гульні.

Цыганкоў: Наколькі пагаршэньне эканамічнай сытуацыі вымушае ўлады абапірацца на сілавыя мэтады і сілавыя структуры?

«Партыяй улады» дэ-факта пасьля 19 сьнежня стала партыя сілавікоў


Чавусаў: Так, іранічна гэты пакет законаў можна назваць «антыкрызісным заканадаўствам» рэжыму. З аднаго боку, заціскаюцца магчымыя асяродкі, на якія можа абаперціся патэнцыйная рэвалюцыя. Зь іншага боку, павялічваецца роля КДБ у будучым працэсе той вялікай прыватызацыі, якая ёсьць непазьбежнай у любым варыянце разьвіцьця эканомікі.

Цыганкоў: З КДБ прыходзяць зьвесткі, нібыта людзі сталі адтуль звальняцца з-за заробкаў, якія сталі не такімі вялікімі пасьля дэвальвацыі, з-за той працы, якую даводзіцца выконваць. Можа, гэтыя папраўкі закліканыя ўзьняць вагу КДБ сярод іншых сілавікоў, зрабіць службу ў гэтым ведамстве зноў больш аўтарытэтнай, не хачу сказаць, прэстыжнай?

Чавусаў: Я думаю, што ўзрасьце роля КДБ у сыстэме ўлады як службы менавіта палітычнага кантролю. Умоўна кажучы, бізнэс па палітычных зьняволеных будзе пасьпяхова працягвацца. Прыняцьцё такога закону дэвальвуе тыя выпадкі вызваленьня, якія былі за апошнія месяцы.

Спадар Быкоўскі слушна заўважыў, што ўсе сталі ястрабамі. Але трэба адрозьніваць тых чыноўнікаў, якія вымушана перафарбоўваюцца ў «партыю ўлады» (якой дэ-факта пасьля 19 сьнежня стала партыя сілавікоў), ад тых , хто сапраўды кіруе партыяй улады. І якраз КДБ — той асяродак, дзе зараз гэтая партыя ўлады, «група памежнікаў» акапалася. Умоўна кажучы, зараз у Беларусі паменшылася роля Адміністрацыі прэзыдэнта і павялічылася роля КДБ. І адпаведным чынам мяняецца заканадаўства — пад гэтае пераразьмеркаваньне, якое ўжо адбылося.

«Дакладны сыгнал Захаду, што Беларусь не зьбіраецца лібэралізавацца ў найбліжэйшай пэрспэктыве»


Цыганкоў: Што Захад можа зрабіць і што зробіць у адказ на зьяўленьне цяперашніх паправак да заканадаўства? У нашым эфіры падчас онлайн-канфэрэнцыі Анатоль Лябедзька заявіў, што Захад меўся б увесьці санкцыі супраць дэпутатаў, якія прынялі гэтыя папраўкі. Гэта толькі адна з прапаноў, але ў цэлым — ці будзе Захад далей ісьці шляхам санкцыяў у адказ на рэпрэсіі?

Быкоўскі: Я ня думаю, што за гэтыя заканадаўчыя зьмены будуць санкцыі да дэпутатаў. Перад мінулымі прэзыдэнцкімі выбарамі адбыліся зьмены ў заканадаўстве, якія давалі магчымасьць прыцягваць да адказнасьці за «дыскрэдытацыю РБ». Пра гэта шмат казалі, выказваліся пратэсты, але санкцый супраць дэпутатаў не было. Так і цяпер, я думаю, што новыя папраўкі атрымаюць асуджэньне, але не канкрэтныя санкцыі.
Беларусь ёсьць краінай, дзе людзей саджаюць за краты паводле палітычных матываў. І ці робіцца гэта паводле заканадаўства, ці паводле нейкіх унутраных інструкцыяў — для ацэнкі гэтых працэсаў гэта мае мінімальнае значэньне.

Іншая рэч, што гэта дакладны сыгнал Захаду, што Беларусь не зьбіраецца лібэралізавацца ў найбліжэйшай пэрспэктыве.

Цыганкоў: У якіх замежнапалітычных умовах беларускі рэжым праводзіць такія папраўкі? Узмацняе свой рэпрэсіўны статус?

Чавусаў: Я ня думаю, што ў гэтым пытаньні замежнапалітычны чыньнік мае нейкае зачэньне. Беларусь ёсьць краінай, дзе людзей саджаюць за краты паводле палітычных матываў. І ці робіцца гэта паводле заканадаўства, ці паводле нейкіх унутраных інструкцыяў — для ацэнкі гэтых працэсаў гэта мае мінімальнае значэньне.

Прыняцьцё новых законаў знаходзіцца ў рэчышчы працэсу гандлю палітвязьнямі і санкцыямі, які распачаўся пасьля выбараў. Калі гандаль палітвязьнямі спыніцца, то спыніцца і пагаршэньне заканадаўства. Зараз улады выкарыстоўваюць гэты пэрыяд як магчымасьць для зацісканьня гаек па ўсіх накірунках. Калі асноўны працэс пяройдзе ў новую стадыю — перамоваў, дыялёгу — адпаведна ў Захаду зноў зьявяцца рычагі для ўплыву на заканадаўчыя працэсы. Празь перакананьне, кансультацыі, выстаўленьне ўмоваў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG