Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звароты да грамадзянаў, распаўсюджаныя ў зьвязку з правядзеньнем гей-фэстывалю, — фальшыўка. Пра гэта карэспандэнту «Свабоды» паведамілі ў аддзеле ідэалягічнай працы адміністрацыі Ленінскага раёну Менску:

«Да гэтых улётак адміністрацыя Ленінскага раёну ня мае ніякага дачыненьня. Цяпер праводзяцца апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы для выяўленьня асобаў, якія займаюцца вось гэтай дзейнасьцю з мэтай падрыву аўтарытэту дзяржаўнай улады і органаў мясцовага кіраваньня. У выпадку затрыманьня гэтыя асобы будуць прыцягнутыя да адказнасьці згодна з законам».

У зваротах, якія выкананыя на гербавым блянку, паведамляецца, што з 11 па 23 кастрычніка ў Менску праходзіць «Фэстываль гомасэксуалістаў і лесьбіянак «Гей-прайд-2011», і зазначаецца:

«Раней падчас правядзеньня такіх мерапрыемстваў былі адзначаныя выпадкі зьдзяйсьненьня іх удзельнікамі, якія знаходзіліся ў стане алькагольнага і наркатычнага ап’яненьня, супрацьпраўных дзеяньняў, у тым ліку сэксуальнага характару, ахвярамі якіх станавіліся непаўналетнія і малалетнія».

Далей у лістоўках напісана, што адміністрацыя заклікае жыхароў раёну да пільнасьці: «не пакідаць без нагляду дзяцей, выключыць іх знаходжаньне па-за жыльлём у цёмны час сутак».

Тут жа прыведзеныя кантактныя тэлефоны ідэалягічных службаў Менгарвыканкаму і раённай адміністрацыі.
XS
SM
MD
LG