Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Пачобут і ex-press.by вылучаныя на атрыманьне журналісцкай прэміі


Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут

Кандыдатамі ад ГА «БАЖ» на атрыманьне сёлетняй прэміі імя Герда Буцэрыюса «Свабодная прэса Ўсходняй Эўропы» (прэмія фонду «Цайт») вылучаныя рэгіянальны інтэрнэт-рэсурс eх-press.by (навіны Барысава) і гарадзенскі журналіст, карэспандэнт польскай «Gazety Wyborczej» Андрэй Пачобут. За такое вылучэньне прагаласавала Праўленьне арганізацыі.

Вылучэньне кандыдатаў ад БАЖ яшчэ не гарантуе атрыманьня імі прэміі фонду «Цайт». Рашэньне будзе прымаць прадстаўнічае міжнароднае журы, грунтуючыся на рэкамэндацыях партнэрскіх арганізацый у розных краінах. Некалькі разоў вылучаныя БАЖ кандыдатуры не былі падтрыманыя камісіяй фонду, паведамляе сайт БАЖ.

Заахвочвальная ўзнагарода імя Герда Буцэрыюса «Свабодная прэса Ўсходняй Эўропы» ставіць за мэту падтрымліваць тых журналістаў, якія, нягледзячы на рэпрэсіі і эканамічныя цяжкасьці, падаюць аб’ектыўную інфармацыю. Праграма разьлічана на прадстаўнікоў Беларусі, Украіны, Грузіі, Расеі і паўднёвага Каўказу. У цэнтры ўвагі фонду — дапамога рэгіянальным СМІ.

5 ліпеня 2011 г. Андрэй Пачобут быў асуджаны на тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады паводле арт. 367 ч. 1 (паклёп на прэзыдэнта). Журналіста, які правёў некалькі месяцаў за кратамі, вызвалілі ў залі суду.

Незалежны барысаўскі сайт навінаў Ex-press.by быў створаны журналістамі закрытай уладамі рэгіянальнай газэты «Курьер из Борисова». Ён ставіць на мэце "распаўсюджваць аб'ектыўную інфармацыю пра сацыяльна-эканамічную і палітычную сытуацыю ў сьвеце, Беларусі і Барысаўскім рэгіёне".
XS
SM
MD
LG