Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскі гарвыканкам адмовіў у правядзеньні акцыі салідарнасьці зь Бяляцкім


Заяўнік акцыі

Заяўнік акцыі

Берасьцейскі гарвыканкам адмовіў праваабаронцу Раману Кісьляку ў правядзеньні 16 кастрычніка шэсьця супраць незаконнага ўтрыманьня пад вартай Алеся Бяляцкага. Аднак праваабаронца заявіў, што ня лічыць гэты адказ з гарвыканкаму забаронай шэсьця:

«Я атрымаў адказ з гарвыканкаму, у якім напісана „адмовіць у правядзеньні шэсьця“. Аднак там не напісана „забараніць“ або „дазволіць“. Я лічу фармулёўку „адмовіць у правядзеньні“ неадпаведнай заканадаўству аб масавых мерапрыемствах. Таму я буду праводзіць акцыю, бо лічу, што ніякага адказу я пакуль не атрымаў. Лічу, што шэсьце будзе як не дазволеным, так і не забароненым. Тым больш зараз да мяне зьвяртаюцца і іншыя актывісты, якія таксама хочуць удзельнічаць у акцыі».

Раман Кісьляк лічыць, што паводле Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах пасьля затрыманьня Бяляцкага павінны былі даставіць да судзьдзі, які павінен быў або арыштаваць яго, або вызваліць пад заклад. Праваабаронца кажа, што гэтага зроблена не было, таму ўтрыманьне Алеся Бяляцкага пад вартай — незаконнае.

Шэсьце салідарнасьці зь Бяляцкім плянуецца 16 кастрычніка на пешаходнай частцы бульвару Касманаўтаў у Берасьці. Падчас шэсьця Раман Кісьляк мяркуе праз мэгафон інфармаваць берасьцейцаў пра незаконнасьць утрыманьня Бяляцкага пад вартай.

Алеся Бяляцкага вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах з грошай, якія ішлі на праваабарончую дзейнасьць. Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Банкаўскія дадзеныя Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча. Бяляцкага затрымалі 4 жніўня. Ён цяпер у турме на вуліцы Валадарскага ў Менску. Ня выключана, што пры канцы кастрычніка пачнецца разгляд ягонай справы ў судзе.
XS
SM
MD
LG