Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія СМІ: Беларусь вінная «Газпрому» 100 мільёнаў даляраў


Беларусь вінная «Газпрому» за пастаўлены сёлета газ 100 мільёнаў даляраў. Афіцыйны Менск просіць адтэрмінаваць пагашэньне доўгу. Улады Беларусі прапануюць разьмеркаваць суму запазычанасьці на роўныя долі і правесьці выплаты ў 2012 годзе або ўключыць гэтую запазычанасьць у цану на газ на 2012 год.

Пра наяўнасьць стомільённага доўгу паведамляе выданьне «Московские новости» са спасылкай на крыніцу, блізкую да газавых перамоваў паміж Беларусьсю і Расеяй. Паводле гэтай крыніцы, запазычанасьць набралася за гэтае лета: «Менск плаціў менш, чым зафіксавана ў кантракце, матывуючы гэта фінансавымі складанасьцямі з-за дэвальвацыі нацыянальнай валюты».

У «Газпроме» камэнтаваць гэтую інфармацыю БелаПАН адмовіліся. Не камэнтуюць зьвесткі пра доўг і ў Менску.

Цана на газ для Беларусі ў 2012 годзе можа скласьці 288 даляраў за тысячу кубамэтраў, заявіў 3 кастрычніка журналістам кіраўнік сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы Аляксандар Антоненка.

13 кастрычніка па выніках сустрэчы ў Маскве зь віцэ-прэм’ерам Беларусі Сяргеем Румасам і міністрам энэргетыкі Аляксандрам Азярцом старшыня праўленьня «Газпрома» Аляксей Мілер паведаміў: Беларусь і Расея разьлічваюць падпісаць усе неабходныя дакумэнты па пастаўках і транзыце газу ўжо ў лістападзе.
XS
SM
MD
LG