Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр дзеяч беларускай дыяспары ў Амэрыцы Анатоль Лук’янчык


Старадароскі мастацкі музей, Анатоль Крывенка: “Партрэт Анатоля Лук’янчыка”. 1994.
Старадароскі мастацкі музей, Анатоль Крывенка: “Партрэт Анатоля Лук’янчыка”. 1994.
Адышоў у іншы сьвет кіраўнік Беларуска-амэрыканскага грамадзкага цэнтру «Полацак», Стронгсьвіль, ЗША. Яму было 79 гадоў.

У жыцьці Анатоля Лук’янчыка былі даваеннае дзяцінства ў Заходняй Беларусі, вайна, лягер перамешчаных асобаў у заходняй Нямеччыне, эміграцыя ў Амэрыку, вайна ў Карэі, заснаваньне сямейнага бізнэсу, арганізацыя беларускага жыцьця на новым кантынэнце, піша старшыня аддзелу БАЗА ў Агаё і Кліўлэндзе, д-р Сяргей Раманюк.

У ЗША ён дапамагаў царкве, «Полацку», новым эмігрантам, Згуртаваньню беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», беларускім газэтам, манастыру ў Жыровічах, Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў у Канзасе, беларускім мастакам, пісьменьнікам, хворым дзецям, арыштаваным палітыкам, навукоўцам і простым людзям.

Анатоль Лук’янчык быў прэзыдэнтам Беларуска-Амэрыканскага грамадзкага цэнтру «Полацак», уладальнікам «Lukjan Metal Products, Inc.», сябрам Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня (BAZA), актыўным парафіянінам царквы Жыровіцкай Божай Маці, паведамляе Задзіночаньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

Кіраўніца Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская:

«Анатоль Лук’янчык браў удзел у Першым зьезьдзе беларусаў сьвету, я яго ведала асабіста. Я тады толькі дапамагала ў правядзеньні самога зьезду. І пасьля з „Бацькаўшчынай“ яго аб’ядноўвалі даволі цесныя сувязі, ён вельмі спрыяў нашай арганізацыі. Ён з тых людзей, пакаленьне якіх, на жаль, паступова адыходзіць. Сёньня іншы час, прыходзяць больш прагматычныя людзі. А гэта пакаленьне было такіх рамантыкаў, беларусаў, якія самаахвярна дапамагалі беларусам. І тут, на Радзіме, і там у замежжы. Дзякуючы яму было шмат што зроблена, спадар Анатоль дапамагаў нам у правядзеньні зьездаў беларусаў сьвету. На жаль, пазьней ужо ня мог прыехаць у Беларусь.Сьветлая памяць гэтаму чалавеку і вялікія спачуваньні яго родным, блізкім і паплечнікам».

Анатоль Лук’янчык — у вышыванай кашулі — на імпрэзе «Полацку», фота polacak.org
Анатоль Лук’янчык (справа) на імпрэзе «Полацку», фота polacak.org
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG