Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рубель "утаймавалі". Прынамсі, да панядзелка


Па выніках таргоў на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы рынкавы курс рубля застаўся на ўчорашнім узроўні — 9010 за даляр. Пасьля імклівага абясцэньваньня, якое адбывалася ад пачатку тыдня, у абменных пунктах рубель крыху ўмацаваўся — у сярэднім на адзнацы 8900, хоць яшчэ ўчора даляр можна было прадаць за 9200. Экспэрты не выключаюць, што фінансавыя ўлады штучна прытармазілі падзеньне рубля перад анансаваным выхадам на адзіны раўнаважны курс.

Эканамісты не выключаюць, што біржавое зацішша стала наступствам сёньняшніх заяваў намесьніка старшыні Нацыянальнага банку Тараса Надольнага. Чыноўнік пацьвердзіў, што задача ўніфікацыі абменнага курсу да канца кастрычніка застаецца актуальнай. Пры гэтым, па яго словах, дадатковая гандлёвая сэсія стане адзінай для ўсіх суб'ектаў рынку, а асноўная, на якой экспартэраў прымушаюць прадаваць даляры па 5700 рублёў, будзе зачыненая.

Аналітык Віктар Крупскі падобныя захады Нацбанку лічыць апраўданымі. Па-першае, прымушаць тых, хто зарабляе валюту, прадаваць яе за бесцань — няправільна; па-другое, цяперашні курс аб'ектыўна ня можа быць у раёне 5000:

"Тое, што курс вырас да такога паказьніку — гэта ўвогуле заканамерна.
Тое, што курс вырас да такога паказьніку — гэта ўвогуле заканамерна ...

Але, на маё перакананьне, на сёньняшні дзень ён усё ж збольшага спэкуляцыйны і выкліканы перш за ўсё захаваньнем множнасьці курсаў беларускага рубля. Таму што экспартэрам стала абсалютна нявыгадна прадаваць валюту на асноўнай сэсіі — ну хто ж будзе прадаваць за 5700, калі можна на дадатковай сэсіі прадаць па 9000? Ніхто ж з нармальных людзей не прадае даляры ці эўра Нацбанку, калі ў абменьніках можна выйграць амаль палову. Чаму ўлады думаюць, што гэта павінны рабіць прадпрыемствы? Таму склалася такая вось сытуацыя".

Тым часам некаторыя заявы прадстаўнікоў Нацбанку выклікаюць шмат пытаньняў. Прыкладам, спадар Надольны прагназуе, што пасьля пераходу на адзіны курс дзяржаўныя эканамісты чакаюць яго развароту, які будзе стартаваць ад рынкавага паказьніку, у адваротны бок. Па яго словах, няма нічога страшнага ў тым, што цяпер курс слабее — маўляў, дакладна гэтаксама ён можа зноў разьвярнуцца і ўмацоўвацца.

Колішні кіраўнік Інстытуту эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Генадзь Лыч мяркуе, што гэтым улады рыхтуюць насельніцтва да хвалі чарговага росту курсу рубля, хоць, на яго перакананьне, аб'ектыўных падставаў да гэтага няма аніякіх. Ці можна меркаваць, што сёньняшняе прыпыненьне абвалу рубля — пачатак выкананьня гэтых абяцаньняў?

"Цяжка сказаць, у якой ступені там дзейнічаў адміністрацыйны рэсурс, але і выключыць гэта таксама цяжка — тое, што нібыта ня дзейнічаў".

Карэспандэнт: "Няўжо насуперак таму, што ўва ўсім сьвеце даляр умацоўваецца, зноў пачнецца рост курсу рубля?"

"Увогуле трэба сказаць, што ў нас усё ня так, як ува ўсім сьвеце. Вось, напрыклад, як вы можаце сабе адказаць на такое пытаньне: чаму цэны растуць, а рубель умацоўваецца? Ці прынамсі стаіць на месцы? Што такое сам па сабе рост коштаў? Цэны растуць — гэта значыць, што рубель слабее. Гэта калі кіравацца эканамічнай лёгікай. Пры такім раскладзе за 1 рубель можна набыць меншую колькасьць тавараў, то бок вартасьць рубля зьмяншаецца. Значыць, і адносна даляра курс павінен зьмяншацца. А калі ён павялічваецца — гэта папросту парадокс. Таму яшчэ раз кажу: у нас усё ня так, як у людзей".

Улады Беларусі разьлічваюць на ўмацаваньне курсу нацыянальнай валюты коштам зьнешніх пазыкаў. Праўда, гарантый крэдытаваньня пакуль не дае ніводзін патэнцыйны донар — ні Міжнародны валютны фонд, ні нават антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС. Зрэшты, як кажа эканаміст Сяргей Балыкін, практыка "пазычыць, каб праесьці" — абсалютна дэструктыўная:

Сяргей Балыкін

Сяргей Балыкін

"Шчыра кажучы, калі дзяржава возьме крэдыты і за кошт гэтых пазыкаў пачне ажыцьцяўляць нейкія валютныя інтэрвэнцыі, то гэта будзе самае горшае, што можна будзе зрабіць. Пазычаць грошы і траціць іх на бягучае спажываньне — гэта вельмі і вельмі кепска. Бо гэта нішто іншае, як спосаб загнаць краіну канчаткова ў даўгі. Нічога добрага з такога намеру ня будзе. Ну, працягнуць паўгода, дзевяць месяцаў, нават год. А далей што? Усё роўна ж здарыцца тое, што і павінна здарыцца. Беларускі рубель за ўсю гісторыю свайго існаваньня ніколі не ўзмацняўся. І гэткі трэнд захаваецца на дастаткова доўгі пэрыяд, асабліва калі пры ўладзе застануцца тыя, хто цяпер ёсьць".

Кіраўніцтва Нацбанку сёньня запэўніла: не пазьней за 1 лістапада беларуская эканоміка пяройдзе на адзіны абменны курс.
XS
SM
MD
LG