Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Эўрапарлямэнту асуджае ціск на грамадзянскую супольнасьць Беларусі


Будынак Эўрапарлямэнту ў Брусэлі

Будынак Эўрапарлямэнту ў Брусэлі

Рычард Фрыдман, прэсавы сакратар старшыні Эўрапарлямэнту Ежы Бузэка, пракамэнтаваў для Радыё Свабода зьмены ў беларускім заканадаўстве, зьвязаныя з замежным фінансаваньнем партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, і пашырэньнем паўнамоцтваў КДБ.

Фрыдман: Старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк цалкам асуджае апошнія захады беларускіх уладаў супраць недзяржаўных арганізацыі і грамадзянскай супольнасьці. Гэтыя зьмены пашыраюць паўнамоцтвы КДБ па-за ўсе разумныя межы. Цяперашні закон аб недзяржаўных арганізацыях адзін зь нямногіх законаў, які можа даць падтрымку грамадзянскай супольнасьці. Любы далейшы ціск на грамадзянскую супольнасьць абсалютна непрымальны, і старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк асуджае такія крокі.

Карэспандэнт: Як вы лічыце, ці будуць новыя захады з боку Эўрапарлямэнту? Ужо быў шэраг рэзалюцыяў з асуджэньнем беларускіх уладаў, ці будуць новыя?

Фрыдман: Так, вядома ж. Эўрапарлямэнт пасьлядоўна асуджае парушэньні правоў чалавека ў Беларусі і заўсёды заклікаў да вызваленьня ўсіх палітвязьняў, якія застаюцца ў зьняволеньні ў Беларусі. Некалькі разоў мы запрашалі прадстаўнікоў беларускай апазыцыі. Я магу прадбачыць, што камітэт у замежных пытаньнях Эўрапарлямэнту і агулам Эўрапарлямэнт будуць разглядаць пытаньне правоў чалавека ў Беларусі і прымуць рэзалюцыі з заклікам да краінаў Эўразьвязу і іх урадаў прыняць далейшыя захады супраць беларускіх уладаў. Іх дзеяньні гэта адназначна крок у няверным кірунку і іх нельга талераваць.

Карэспандэнт: Наколькі верагодна, што ўжо будзе нейкая рэакцыя на наступным пленарным паседжаньні Эўрапарлямэнту ў кастрычніку?

Фрыдман: Гэта залежыць ад палітычных груповак і пытаньняў на парадку дня пленарнага паседжаньня. Але я ўпэўнены, што гэтае пытаньне будзе сярод прыярытэтаў на парадку дня Камітэту ў правах чалавека і Камітэту ў замежных справах Эўрапарлямэнту. Я ўжо казаў, што яны вельмі пасьлядоўна выступаюць з асуджэньнем парушэньні правоў чалавека і недахоп свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі. Мы яшчэ пабачым, ці адбудзецца гэта ў кастрычніку, ці ў лістападзе, але відавочна, што Эўрапарлямэнт зойме жорсткую пазыцыю адносна любога далейшага ціску на грамадзянскую супольнасьць Беларусі, якая абсалютна падставовая для эфэктыўнага функцыянаваньня дэмакратыі.
XS
SM
MD
LG