Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмовіў віцебскім актывістам


Трое актывістаў, якія цягам гэтага году падавалі заяўкі на правядзеньне пікетаў і мітынгаў у Віцебску, спрабавалі аспрэчыць адмовы, дасланыя за подпісам кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну. Аднак Чыгуначны райсуд адмовіў у задавальненьні іхнай скаргі.

Судзьдзя Алена Грабянчук вырашыла, што кіраўнік раённай адміністрацыі Юры Маскалёў меў рацыю, калі не дазволіў за цэлы год ніводнай апазыцыйнай імпрэзы — бо ён дзейнічаў у адпаведнасьці з рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму № 881 пра парадак падачы заявак на акцыі. Паводле гэтага рашэньня заяўнікі мусяць сьпярша заключыць ды прыкласьці да заяўкі дамовы на абслугоўваньне мерапрыемства мэдыкамі, міліцыянтамі і службай ЖКГ.

Але згаданыя структуры адмаўляліся складаць дамовы з актывістамі без дазволу ўладаў. Таму Аляксей Гаўруцікаў — давераная асоба Мікалая Статкевіча ў часе мінулай прэзыдэнцкай кампаніі, а таксама кіраўнік абласной арганізацыі руху "За свабоду" Хрыстафор Жаляпаў і сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў патрабавалі, каб суд даў ацэнку дзеяньням міліцэйскага кіраўніцтва, адміністрацыі ЖКГ і хуткай дапамогі.

На адрас мэдыкаў, міліцыі і ЖКГ судзьдзя Алена Грабянчук не зрабіла аніякіх высноў, толькі вынесла прыватную пастанову: рэкамэндавала пазоўнікам ініцыяваць судовыя працэсы па кожнай адмове з кожнай канкрэтнай арганізацыі.

Некалькі дзён таму ў Чыгуначным райсудзе разьбіралася падобная скарга, якую падаў праваабаронца Леанід Сьвецік. Яму таксама забаранілі праводзіць пікет у падтрымку зьняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Але судзьдзя Раман Дзягода палічыў аргумэнты Сьвеціка неабгрунтаванымі і пастанавіў, што кіраўнік адміністрацыі Чыгуначнага раёну адмовіў у правядзеньні пікету на законных падставах.

Рашэньне віцебскага гарвыканкаму, якое стварае перашкоды для заяўнікаў, актывісты таксама спрабавалі аспрэчыць колькі месяцаў таму. Але дэмакратычным актывістам паведамілі, што парадак падачы заявак на масавыя акцыі прайшоў юрыдычную экспэртызу і ўнесены ў рэестар дзяржаўных дакумэнтаў. Паўторную экспэртызу прызначыць немагчыма, і ўнесьці зьмены ў рашэньне можа толькі той самы орган, які яго прымаў. Аднак віцебскі гарвыканкам ня бачыць патрэбы ў нейкіх зьменах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG