Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Барадач: Закон прадугледжвае хутчэй псыхалягічную падтрымку спэцслужбаў


Уладзімер Барадач

Уладзімер Барадач

Былы камандзір брыгады спэцназу ГРУ, палкоўнік Уладзімер Барадач, які цяпер жыве ў Нямеччыне, камэнтуе папраўкі ў законы аб палітычных партыях і грамадзкіх аб’яднаньнях, а таксама прапанаваныя папраўкі ў Закон аб КДБ, які дае гэтай спэцслужбе практычна неабмежаваныя паўнамоцтвы, у тым ліку і па прымяненьні зброі супраць мірных грамадзянаў.

Абламейка: Сёньня адзін з камэнтатараў зьвярнуў ўвагу на такую акалічнасьць. Прапанаваныя папраўкі ў закон аб КДБ закліканыя абараніць супрацоўнікаў КДБ, выклікаць у іх упэўненасьць у правільнасьці іх дзеяньняў. Усе супрацоўнікі КДБ і іншых спэцслужбаў – яны вайскоўцы. А значыць, падпарадкоўваюцца вайсковаму статуту. Гэты статут дазваляе ім не выконваць злачынныя загады. І вось калі цяперашнія папраўкі ў закон будуць прызнаныя неадпаведнымі Канстытуцыі, атрымаецца, што яны выконвалі злачынныя загады і парушалі статут. Гэта так?

Барадач: Асноўным дакумэнтам для вайскоўцаў зьяўляецца статут, такія ж інструкцыі распрацаваныя і ў КДБ. У афіцэраў дастаткова ведаў, каб вызначыць, які з загадаў зьяўляецца злачынным. Калі загад даецца ў інтарэсах народу і дзяржавы, ён будзе выкананы. Але калі ён выканае загад не ў інтарэсах радзімы, а ў інтарэсах прэзыдэнта альбо ягонай сям'і - гэта будзе злачынны загад. І надыдзе час, калі і той, хто выконваў, і той, хто аддаваў гэтыя загады, будзе несьці адказнасьць перад законам.
Перш, чым зарэгістраваць арганізацыю, зь яе кіраўніком вядзецца праца: яму прапануюць супрацоўнічаць з КДБ

Найбольшую небясьпеку, аднак, уяўляюць не КДБ, МУС, а асабістыя спэцслужбы Лукашэнкі, якія маюць яшчэ большыя паўнамоцтвы: цяпер імі кіруе ягоны старшы сын Віктар. Часам інтарэсы розных ведамстваў сутыкаюцца, тады некаторых супрацоўнікаў, якія занадта глыбока "капанулі" за злачынствы - будзь тое эканамічныя, альбо злачынствы супраць грамадзянаў – звальняюць.

Абламейка: А як бы вы пракамэнтавалі ўвядзеньне крымінальнай адказнасьці за атрыманьне партыямі і грамадзкімі арганізацыямі замежнага фінансаваньня?

Барадач: Без фінансаваньня грамадзкія арганізацыі ня змогуць існаваць, і гэтае пытаньне знаходзіцца пад пільнай увагай спэцслужбаў. Перш, чым зарэгістраваць арганізацыю, зь яе кіраўніком вядзецца праца: яму прапануюць супрацоўнічаць з КДБ, і тады - шырокая дарога, але грошы кантралююцца, ім указваецца, на што гэтыя грошы можна выдаткоўваць. Гэта падкантрольныя арганізацыі. Але апошнім часам з-пад кантролю КДБ пачынаюць сыходзіць грашовыя плыні, і яны прымаюць закон, які дае магчымасьць абяскровіць грамадзкія арганізацыі альбо строга пакараць тых, хто будзе карыстацца зьнешняй дапамогай. Гэты закон закрывае грамадзкую ініцыятыву цалкам. Ён фактычна выдае ліцэнзію на адстрэл палітычных апанэнтаў у краіне.

У нас ужо ёсьць закон аб масавых мерапрыемствах, які даведзены да абсурду, пад яго падмінаюць і канстытуцыйныя правы грамадзянаў - я маю на ўвазе народныя сходы. Гэты закон заганяе ў падпольле незарэгістраваныя арганізацыі, рэгістрацыя якіх немагчымая. Атрымліваецца зачараванае кола.

Паводле гэтага закону, можна падвесьці пад "здраду радзіме" любую сустрэчу з замежнікам - цяпер нават палітычную гутарку з замежнікам можна кваліфікаваць як здраду радзіме, калі гэты чалавек будзе некіраваным. Засталося прыняць закон аб сабатажы на прадпрыемствах, і грамадзтва пагрузіцца ў змрок. Але я думаю, ніякія драконаўскія законы не дазволяць выжыць ніякай дыктатуры ў сёньняшніх умовах, якія так хутка мяняюцца.
Нават па напісанай пад сябе канстытуцыі рэжым ня можа ўжо існаваць.

Абламейка: Чаму, на вашу думку, гэтыя папраўкі ў закон прынятыя цяпер?

Барадач: Нават па напісанай пад сябе канстытуцыі рэжым ня можа ўжо існаваць. Тайнае заканадаўства - гэта спроба латаньня дзірак у патанаючым караблі. Гэта можна расцаніць як страх Лукашэнкі перад будучыняй. Ён наіўна думае, што выдадзеныя ім самім законы ахаваюць яго перад адказнасьцю, але ён глядзіць і далей. Паколькі ён мае намер абараняць уладу сям'і да канца, яму патрэбныя перадусім хаўрусьнікі, і гэтыя законы павінны актывізаваць апрычнікаў рэжыму, якія ўжо сумняюцца. Ён адкрыта гаварыць ім: ня бойцеся выконваць любы загад! Цяпер праца спэцслужбаў палегчаная. Але любыя законы, прынятыя супраць цывілізаванага разьвіцьця краіны, супраць людзей - злачынныя. Яны не апраўдваюць дзеяньні ні дыктатара, ні яго памочнікаў. Таму гэты закон прадугледжвае хутчэй псыхалягічную падтрымку прадстаўнікоў спэцслужбаў.

Слухаць гутарку цалкам:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG