Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"След матылька. Освальд у Менску" у кнігарні "логвінаЎ"


Аляксандар Лукашук

Аляксандар Лукашук

У сталічнай у кнігарні "логвінаЎ" адбылася прэзэнтацыя новай кнігі "Сьлед матылька. Освальд у Менску", якая вышла ў сэрыі "Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе". Яе аўтар – дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.

Кнігарня "логвінаЎ сёньняшнім вечарам была перапоўненая – на прэзэнтацыю прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек удзельнікаў і гасьцей імпрэзы. Яшчэ да пачатку творчай вечарыны выстраілася чарга ахвочых атрымаць кнігу з рук аўтара і зь ягоным аўтографам. Распачынаючы прэзэнтацыю, Аляксандр Лукашук колькі слоў сказаў пра гісторыю напісаньня кнігі:



"На старонцы 11 пачынаецца першы радок гэтай кнігі. Ён даволі даўгі: "7 студзеня 1960 году ў 8 гадзін 23 хвіліны раніцы, з купэйнага вагона маскоўскага цягніка №9 на пэрон менскага вакзалу ступіў 20-гадовы амэрыканскі грамадзянін". Самае складанае тут было напісаць першы радок "7 студзеня 1960 году ў 8 гадзін 23 хвіліны раніцы". Гэтым летам неяк позна ўвечары я пазваніў свайму рэдактару Сяргею Дубаўцу, каб падзяліцца вялікай радасьцю: нарэшце пасьля году спробаў мне ўдалося напісаць першы радок гэтай кнігі".

«Сьлед матылька. Освальд у Менску» -- гэта гісторыя двух гадоў жыцьця ў беларускай сталіцы Лі Гарві Освальда – амэрыканскага грамадзяніна, які стаў забойцам 35-прэзыдэнта ЗША Джона Кэнэдзі. Але гэта ня толькі дакумэнтальнае гістарычнае дасьледаваньне, а твор мастацтва, які стаўся сапраўднай зьявай у беларускім літаратурным працэсе. Пра гэта казалі многія літаратары, якія бралі слова, і, ў прыватнасьці, пісьменьнік Уладзімер Арлоў:



"Кніга ня проста напісаная – я б сказаў, што гэта кніга створаная. Кніга створаная літаратарам, які бліскуча – як кожны з чытачоў гэтай кнігі ўпэўніцца – валодае стылем і сюжэтам, вобразамі і фактамі. У арсэнале якога – іронія і самаіронія, сарказм і гумар, бліскучыя і нярэдка нават парадаксальныя мэтафары, фразы, якія часта гучаць, як афарызмы. Усё гэта робіць кнігу «Сьлед матылька. Освальд у Менску» падзеяй ня толькі і ня столькі "Бібліятэкі Свабоды", а яскравай падзеяй усёй нашай беларускай літаратуры".

На прэзэнтацыю кнігі дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука ў кнігарню "логвінаЎ" прыйшлі многія прадстаўнікі беларускай творчай інтэлігенцыі – Генадзь Бураўкін, Пётра Садоўскі, Валянцін Акудовіч, Анатоль Вярцінскі і многія іншыя. Кінарэжысэр Віктар Асьлюк, у прыватнасьці сказаў, што мае на мэце экранізаваць "Сьлед матылька. Освальд у Менску".

"Чытаючы гэтую кнігу, я падумаў: а чаму б ня зьняць дакумэнтальны фільм? Канечне, можна было б зрабіць і мастацкі фільм, бо такіх вось гісторый, якія хоць гэтакім чынам, але зьвязваюць нас са сьветам, ня так і шмат у Беларусі. І чым я займаюся зараз – дык гэта шукаю грошы на тое, каб зрабіць фільм. На аснове гэтай кнігі будзе напісаны сцэнарый і зробім гэты фільм", - сказаў Віктар Асьлюк.

Сярод гасьцей таксама быў Сяргей Ханжонкаў, які ў часы Освальда спрабаваў узарваць у Менску антэны радыёперашкод для глушэньня трансьляцыi заходнiх радыёстанцый. Прыйшла на прэзэнтацыю і Інэса Яхліель, якая была знаёмая з сям'ёй Освальдаў у Менску. Пра кнігу яна сказала гэтак:

"Цудоўная, выдатная кніга. Я нібыта пабыла ў тым часе, нават пах ягоны адчула. Я вельмі ўдзячна за гэтую кнігу".

Многія ўдзельнікі і госьці імпрэзы былі знаёмыя са зьместам кнігі, бо праслухалі яе ў эфіры Радыё Свабода. Таму прыйшлі, каб прывітаць аўтара і сярод іншых Галіна Сіўчык – маці вядомага грамадзка-палітычнага актывіста Вячаслава Сіўчыка:

"Мне цікавая гісторыя, выкладзеная ў кнізе, падзеі таго часу, яго атмасфэра. А таксама я хачу падтрымаць аўтара, Аляксандра Лукашука, які падтрымліваў майго сына Вячаслава ў цяжкіх для яго абставінах".

На завяршэньне імпрэзы кожны з гасьцей атрымаў у падарунак кнігу «Сьлед матылька. Освальд у Менску» з асабістым подпісам Аляксандра Лукашука.

Аляксандар Лукашук. Паляваньне на пустату
З выступу на прэзэнтацыі кнігі "Сьлед матылька"



Рэдактар кнігі Сяргей Дубавец

Рэдактар кнігі Сяргей Дубавец



Пасьля прэзэнтацыі кожны ўдзельнік атрымаў кнігу ў падарунак з аўтографам аўтара

Пасьля прэзэнтацыі кожны ўдзельнік атрымаў кнігу ў падарунак з аўтографам аўтара



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG