Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касацыйная скарга Галіны Кавалевіч зь Бярозы не задаволеная


Берасьцейскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу старшыні Бярозаўскай суполкі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Галіны Кавалевіч.

Спадарыня Кавалевіч скардзілася на рашэньне Бярозаўскага суда, які прызнаў яе вінаватай ва ўдзеле ў “маўклівай акцыі” у Бярозе 13 ліпеня. Актывістка прасіла прызнаць яе невінаватай.

Аднак судьдзя абласнога суда Андрэй Лешчанка рашэньне суду Бярозаўскага раёну пакінуў у сіле.

Галіна Кавалевіч кажа, што падчас разгону “маўклівай акцыі” 13 ліпеня яна сядзела на лаўцы ля гарадзкой плошчы і чытала газэту. Міліцыянты запатрабавалі ў жанчыны пашпарт. Галіна Кавалевіч мела пры сабе толькі пэнсійнае пасьведчаньне. Яна адмовілася пад канвоем ісьці дадому па пашпарт. У выніку міліцыянты яе затрымалі, зьбілі і кінулі ў аўтазак. На яе склалі пратакол за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

Судова-мэдычная экспэртыза зафіксавала на целе Галіны Кавалевіч шматлікія кровападцёкі. Аднак сьледчы пракуратуры Міхаіл Селех ня ўбачыў у дзеяньнях міліцыянтаў перавышэньня ўлады і службовых паўнамоцтваў.
XS
SM
MD
LG