Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Велапрабег пратэсту ў Баранавічах


Прадпрымальнік Мікола Чарнавус з Баранавічаў падаў заяўку ў гарвыканкам на правядзеньне акцыі пратэсту ў форме велапрабегу.

Мікола Чарнавус лічыць абразьлівымі выказваньні Аляксандра Лукашэнкі на адрас прадпрымальнікаў, якія прагучалі падчас нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі расейскім журналістам. Ён кажа, што гэта ды іншыя бюракратычныя чыньнікі змушаюць яго пратэставаць:

"Ну няўжо я вінаваты, што я — спэкулянт, калі займаўся кустарнай вытворчасьцю, сыравіны для якой я не магу знайсьці? Яна ў Беларусі не выпускаецца. Таму я й перайшоў на "купі-прадай". А нас жа ў Баранавічах каля 7 тысяч прадпрымальнікаў. Такіх аднадумцаў, як я — сотні…

Нядаўна пайшоў на прыём да старшыні райвыканкаму са сваімі прапановамі здачы фэрмаў прадпрымальнікам. Акрамя таго, я там і іншыя дзевяць пытаньняў уздымаў. Дык што? Мяне не пачулі…

Яшчэ ў красавіку я прасіўся запісаць мяне да старшыні аблвыканкаму на прыём. Ужо кастрычнік, а мяне ніхто ня чуе…

Яны ўзялі ўсё ў свае рукі, і ты цяпер непатрэбны нікому. Таму я й вырашыў пратэставаць велапрабегам, бо пікет жа яны не дазволяць. Я гэта ведаю", — кажа Мікола Чарнавус.

Прадпрымальнік плянуе праехаць на ровары 5 кілямэтраў па Баранавічах да вёскі Малая Таўпеніца 27 кастрычніка з 13.00 да 13.20. Да ровара Мікола Чарнавус плянуе прымацаваць плякаты з надпісамі: "Прэзыдэнт абражае", "Старшыня райвыканкаму на просьбы не зважае", "Старшыня аблвыканкаму не прымае".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG