Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск. Актывіста АГП выклікаюць у міліцыю за Народны сход


Старшыню бабруйскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктара Бузінаева выклікаюць у міліцыю як падазраванага ў адміністрацыйным правапарушэньні. Позву яму ўручылі 13 кастрычніка.

Віктар Бузінаеў — сябра аргкамітэту па правядзеньні ў Бабруйску Народнага сходу. Гэта і стала нагодай для выкліку ў міліцыю.

Як паведаміў партыец, да сёньня міліцыя шукала яго чатыры дні. 10 кастрычніка тэлефанавалі й прасілі зайсьці ва Ўпраўленьне ўнутраных спраў Бабруйску. Потым прывезьлі позву, але выпісаную з парушэньнямі:

"Позву прынесьлі 11 кастрычніка. Мяне не было дома. Яе ўзяла дачка. У позьве не было пазначана, для чаго мяне выклікаюць і ў якасьці каго. Я не пайшоў. Сёньня прывезьлі позву, запоўненую паводле закону. У якасьці падазраванага ў адміністрацыйным правапарушэньні — там пазначана. Міліцыянты патлумачылі, што я зачытваў рэзалюцыю на Народным сходзе і ў іх ёсьць відэа гэтага. Позва выпісаная, зьбіраюся ісьці. Альбо сёньня пайду на 18 гадзіну, альбо заўтра на дзявятую раніцы", паведаміў "Свабодзе" Віктар Бузінаеў.

8 кастрычніка на Народным сходзе падчас зачытваньня рэзалюцыі некалькі міліцыянтаў схапілі Віктара Бузінаева й гвалтам зацягнулі ў службовую машыну. Ратаваць актывіста да гарадзкой Управы ўнутраных спраў прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Без складаньня пратаколу Бузінаева выпусьцілі, але прыгразілі, што выклічуць яшчэ раз.

Напярэдадні Народнага сходу Віктара Бузінаева міліцыянты папярэджвалі пра недапушчальнасьць парушэньня закону "Аб масавых мерапрыемствах". Пад дакумэнтам пра гэта актывіст падпісвацца адмовіўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG