Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра факты перасьледу з боку КДБ актывістаў апазыцыйных партый і арганізацый і пра іх ацэнку небясьпекі для грамадзтва наданьня спэцслужбам надзвычайных паўнамоцтваў расказваюць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


На пошце ў Горадні па месцы жыхарства дэмакратычнай актывісткі Вольгі Камягінай яе чакае позва з КДБ. Дзяўчына ня хоча забіраць позву. Прычына таму — папярэдняе тэлефанаваньне, празь якое запрашалі «паразмаўляць», кажа спадарыня Вольга.

Пасьля настойлівых званкоў з КДБ Вольга Камягіна ў няпэўным стане, яна ня ведае — што будзе далей, чаго чакаць?

«Ёсьць варыянты: ці скончыцца, ці не, ці адкладуць гэтую справу да іншых часоў. Калі б яны сказалі па тэлефоне адразу — што яны ад мяне хочуць. Але ён проста: „Прыдзіце, пагаворым!“, і яшчэ — што гэта з управы КДБ. Я пытаюся: навошта? А ён мне — ва ўпраўленьні вам скажуць. Мне такое не падабаецца. Па цяперашнім законе ён можа мяне выклікаць, а я магу адмовіцца».
Па цяперашнім законе ён можа мяне выклікаць, а я магу адмовіцца.

Таксама ў гэтыя дні іншую гарадзенку — Тацяну Касатую, якая ўдзельнічала ў працы кампаніі «Гавары праўду!», выганяюць з асьпірантуры.

Вольга Камягіна раней удзельнічала ў «Маладым фронце». Яе дадзеныя перапісалі нядаўна міліцыянты, калі на плошчы Савецкай у Горадні міліцыянты чакалі маўклівай акцыі пратэсту, якая не адбылася. Пасьля гэтага яе сталі запрашаць на гутарку ў КДБ:

Гарадзенка Тацяна Касатая ўдзельнічала ў кампаніі «Гавары праўду!» і цяпер мае праблемы. Спачатку ёй не працягнулі кантракт у гісторыка-археалягічным музэі, а цяпер Тацяну выключаюць з асьпірантуры ў Гарадзенскім унівэрсытэце імя Янкі Купалы. Пачалося з таго, што яна не прайшла атэстацыі на катэдры гісторыі славянскіх дзяржаваў:

«У панядзелак будзе паседжаньне рады факультэту, і там будзе дакладна вырашана. Думаю, што там ужо ўсё вырашана».

Перад атэстацыяй з Тацянай Касатай сустракаўся прафэсар Валеры Чарапіца, яе навуковы кіраўнік:

«Ён прапанаваў мне напісаць заяву аб сыходзе з асьпірантуры, розныя прычыны можна было б назваць — па стане здароўя ці па асабістых справах. Але я адмовілася. Ён сказаў, што я атэстацыю не прайду. Пры гэтым казаў, каб я пра гэта нікому не расказвала, але ў цяперашняй сытуацыі я маўчаць пра гэта больш не магу».

Тацяна Касатая кажа, што ў КДБ ці ў міліцыю яе не выклікалі, але ўзьдзейнічаюць іншым чынам: звольнілі з працы, цяпер выганяюць з асьпірантуры.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


На Гомельшчыне, бадай, ня знойдзеш грамадзкага актывіста, якога не перасьледавалі б супрацоўнікі дзяржбясьпекі — за распаўсюд улётак, за сходы, за сяброўства з апазыцыйнымі грамадзкімі арганізацыямі й партыямі, за маўклівыя акцыі пратэсту.

Уладзімера Кацору, напрыклад, двойчы выклікалі ва ўправу КДБ на допыт, праводзілі ператрус у кватэры, у доме бацькоў у пошуках абсталяваньня для вырабу інфармацыйных матэрыялаў.

У заканадаўчым пашырэньні паўнамоцтваў КДБ спадар Кацора бачыць прыкметы ўзмацненьня таталітарнага рэжыму ў краіне:
Калі гэта, скажам, тычылася пошукаў абсталяваньня, то яны рабілі гэта нават такімі бандыцкімі спосабамі: ноччу ўзломвалася кватэра, нехта забіраў абсталяваньне, а потым усе разводзілі рукамі.

«Перашкодаў у іх і раней не было. Калі гэта, скажам, тычылася пошукаў абсталяваньня, то яны рабілі гэта нават такімі бандыцкімі спосабамі: ноччу ўзломвалася кватэра, нехта забіраў абсталяваньне, а потым усе разводзілі рукамі й сьпісвалі гэта на звычайны крымінал. У Гомелі так было некалькі разоў у зьвязку, напрыклад, з пошукамі рызографа. Ламаліся кватэры й офісы, дзе ён раней стаяў. Апэратыўныя зьвесткі да іх, мабыць, даходзілі, і яны гэта рабілі без усялякіх ордэраў. Зараз гэта крыху ўзаконяць, падгоняць пад практыку».

Актывіста больш за ўсё непакоіць, што і ператрусы, і налёты на офісы й кватэры робяцца ад імя дзяржавы:

«Усё гэта робіцца ад імя дзяржавы. І робіць гэта аддзел КДБ, які называецца аддзелам абароны канстытуцыйнага ладу. Не Канстытуцыю бароняць, а бароняць, як яны кажуць, дзяржаву. А на самой справе дзяржава сёньня — гэта Лукашэнка, і яны бароняць гэты рэжым. У рэжыму ёсьць цяпер праблемы, і гэтыя праблемы змушаюць іх ствараць бачнасьць законных дзеяньняў. Таму й прымаюць свае законы пад сытуацыю».

У старшыні абласной арганізацыі АГП Васіля Палякова супрацоўнікі КДБ сёлета ў студзені ўчынілі ператрус у кватэры, забіралі кампутары, іншыя носьбіты інфармацыі — правяралі датычнасьць да мітынгу пратэсту ў Менску, які адбыўся ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў:

«Як грамадзка-палітычны актывіст я меў досьвед кантактаў з КДБ. Яны прыходзілі да мяне дадому, некалькі разоў у офісе праводзілі ператрус. Таксама запрашалі мяне на гутарку ў КДБ. Калі раней яшчэ былі нейкія абмежаваньні, хаця яны й ня стрымлівалі асабліва дзеяньняў, бо знаходзілі патрэбную санкцыю і ўсё астатняе, то зараз, выглядае, мы вяртаемся ў 30-я гады. Тады НКУС меў усе паўнамоцтвы, не было ніякіх абмежаваньняў. Дзейнічала толькі права, каб яны ў любы момант прыходзілі, забіралі, рабілі ператрусы — рабілі што заўгодна».

Праваабаронца Леанід Судаленка, які таксама зазнаў перасьлед з боку супрацоўнікаў КДБ, лічыць, што дапаўненьні ў закон пра органы дзяржаўнай бясьпекі не адпавядаюць дзейным канстытуцыйным нормам:

«Лічу, што прапанаваныя зьмены ў закон пра органы дзяржаўнай бясьпекі супярэчаць артыкулу 23 Канстытуцыі. Любыя абмежаваньні правоў грамадзян павінны быць ня толькі прадугледжаныя законам, але й зьяўляцца неабходнымі. У нас што, у стабільнай Беларусі ўзьнікла надзвычайнае становішча? Не! Гэтыя зьмены толькі ўзаконьваюць перасьлед іншадумцаў, апанэнтаў улады, грамадзкіх ды палітычных актывістаў».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Берасьцейскія актывісты лічаць, што плянаванае пашырэньне функцыяў спэцслужбаў узаконіць той перасьлед, якім КДБ займаўся і дагэтуль.

Каардынатар аргкамітэту па стварэньні партыі БХД па Берасьцейшчыне Зьміцер Шурхай кажа, што яму даводзілася сутыкацца зь перасьледам з боку спэцслужбаў. Неаднойчы палітык заўважаў падчас затрыманьняў, што міліцыянтамі кіруюць асобы ў цывільным:

«Амаль заўсёды, калі мяне затрымлівалі, то заўсёды супрацоўнікамі міліцыі кіравалі супрацоўнікі КДБ. Гэта было відавочна, што паўсюль менавіта палітычнымі справамі займаюцца супрацоўнікі КДБ. Зараз проста гэта будзе аформлена законна, юрыдычна. Можна сказаць, будзе ўзаконена тое беззаконьне, той бандытызм, нават скажу, які тварыўся, творыцца супрацоўнікамі спэцслужбаў».
Пашырэньне паўнамоцтваў спэцслужбаў адкіне Беларусь яшчэ на шмат гадоў назад.

Намесьнік старшыні аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Віктар Чайкоўскі зь Берасьця лічыць, што КДБ і раней займаўся шырокім перасьледам дэмакратычных актывістаў:

«Поўнасьцю ўсе тэлефоны на праслухоўцы, зьвярталіся нават да суседзяў, каб праслухоўвальныя прылады ўсталяваць, распаўсюджвалі ўлёткі, інфармацыю пра мяне розную распаўсюджвалі па рынках, спрабавалі пасварыць мяне з маім сябрам-праваабаронцам… Праслухоўвалі тэлефонныя размовы мае зь сябрам і ягонай жонцы паказалі, што ён кажа пра яе. Сям’я распалася. Пашырэньне паўнамоцтваў спэцслужбаў адкіне Беларусь яшчэ на шмат гадоў назад. Спэцслужбы, па сутнасьці, толькі ахоўваюць рэжым Лукашэнкі. Але ўсё роўна гэта калісьці скончыцца».

Кіраўнік берасьцейскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Віктар Клімус тлумачыць, што дэмакратычнай грамадзкасьці варта яднацца і супрацьстаяць узмацненьню функцыяў КДБ:

«Фашызм у нашай краіне ўжо ўзаконены. Спэцслужбы маюць бязьмежныя паўнамоцтвы нават без надзвычайнага становішча. Але казаць, што трэба панікаваць, уцякаць з краіны і хавацца — я ня думаю… Я думаю, што стрымлівае зараз дзяржслужбы і кіраўніцтва нашай краіны зусім не закон. З законамі яны могуць тварыць усё што заўгодна. Хаця, безумоўна, трэба пачынаць кампанію, трэба прыкладаць усе намаганьні, каб дадзеныя папраўкі ў закон былі спыненыя».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG