Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рубель працягвае імклівае падзеньне на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы — сёньня ён пераадолеў псыхалягічную мяжу ў 9000 за даляр. Кардынальна адрэгулявалі плянку куплі-продажу і камэрцыйныя банкі: упершыню ад пачатку таргоў 14 верасьня абменныя пункты пачалі прымаць даляр па кошце 9000–9200 рублёў.

Пасьля ўчорашняга падзеньня амаль на 500 пунктаў сёньня рубель страціў у вартасьці яшчэ 300. Агулам за тры дні таргоў на гэтым тыдні нацыянальная валюта падзешавела на 1090 рублёў — пры тым, што да канца верасьня рубель толькі ўмацоўваўся. Чаму беларускія грошы так імкліва абясцэньваюцца? Працэсы ў валютнай галіне ацэньвае эканамічны аглядальнік Зьміцер Заяц:

«Беларускі рубель падае з той простай прычыны, што на валютным рынку па-ранейшаму існуе некалькі курсаў. То бок ёсьць афіцыйны курс і ёсьць курс рынкавы. Справа ў тым, што беларускім экспартэрам сёньня зусім ня выгадна прадаваць сваю валюту на асноўнай сэсіі і такім чынам яны заніжаюць сваю валютную выручку. Гэта прыводзіць да таго, што прапанова валюты скарачаецца як на асноўнай, так і на дадатковай сэсіі. У выніку попыт перавышае прапанову валюты, і гэта вядзе да таго, што курс даляра расьце.
Зараз гэты курс насамрэч спэкуляцыйны.
Да якой мяжы гэта можа працягвацца? Я лічу, што гэта найперш будзе залежаць ад паводзінаў уладаў. Таму што калі яны змогуць правесьці нейкія інтэрвэнцыі і паказаць усяму рынку, што найбольш адэкватны курс знаходзіцца паміж 8000 і 9000, то ён такі і будзе. Таму што зараз гэты курс насамрэч спэкуляцыйны».

Разрыў паміж рынкавым і афіцыйным курсамі ўсё больш паглыбляецца. Сёньня Нацыянальны банк прадэманстраваў нечаканую моц беларускага рубля, узьняўшы яго на 34 пункты — у афіцыйнай вэрсіі даляр каштуе ўсяго 5731 рубель. І калі на пачатку кастрычніка розьніца паміж двума паралельнымі курсамі складала 33%, то цяпер яна перавысіла 57%. І гэта пры тым, што ўжо праз тыдзень — 20 кастрычніка — урад і Нацбанк меліся адрапартаваць Аляксандру Лукашэнку пра выхад эканомікі на адзіны курс.

Ці трэба чакаць у гэтых умовах дырэктыўных захадаў з боку дзяржаўных рэгулятараў? Вось што кажа кіраўніца групы аналітыкаў парталу infobank.by Кацярына Сьмірнова:

«Ёсьць два варыянты — дрэнны і вельмі дрэнны. Пад вельмі дрэнным я маю на ўвазе вяртаньне дырэктыўных абмежаваньняў на валютным рынку, асабліва моцны ціск на курс рубля дзеля таго, каб яго зьнізіць — тады гэта, зноў жа, усё будзе весьці да стагнацыі на рынку. Таму зараз нічога не застаецца, як толькі глядзець, якія далей у рэгулятара будуць рухі ў гэтым кірунку. Але ўсё тое, што зараз адбываецца, яно досыць заканамернае. То бок усе паказьнікі досыць аб’ектыўныя. Кіраўніцтва Нацбанку абяцала, што адміністрацыйнага ўмяшаньня ня будзе, таму будзем назіраць. Пэўнае ўмяшаньне, вядома, можа быць, але важна, каб яно не пераходзіла пэўныя рамкі, каб не рабілася па прынцыпе — „цягнік, стой: раз, два“. Вось гэта будзе горш за ўсё».

Урадавыя чыноўнікі не хавалі, што пры намацваньні адзінага курсу ставіцца задача максымальнага набліжэньня рынкавых паказьнікаў да вызначаных Нацбанкам. Аднак, на думку экспэртаў, цяпер відавочна, што без адміністрацыйнага ўмяшаньня вярнуць рубель да 5-тысячнай адзнакі наўрад ці ўдасца — дый нацбанкаўскі курс ужо ніхто не ўспрымае ўсур’ёз. Зь іншага боку, падцягнуць афіцыйныя лічбы нават да 6000 рублёў за даляр замінае заканадаўства — лічбы і без таго ўшчыльную наблізіліся да максымальнай столі валютнага калідора — 12%.
Якой будзе канчатковая ці, прынамсі, прамежкавая лічба — мы ўбачым, я думаю, мінімум празь месяц.

Што застаецца ўраду ды Нацбанку ў сытуацыі, якая яўна выходзіць з-пад кантролю? Эканаміст Георгій Бадзей лічыць, што найбольш разумна было б адпусьціць рубель у вольнае плаваньне і займацца аздараўленьнем эканомікі ўжо пасьля яго канчатковай стабілізацыі:

«Гэта якраз і будзе паказьнікам таго, што ў дадзенай сытуацыі здолеюць прадэманстраваць нашы ўлады. Ці дадуць яны ўстаяцца гэтаму курсу — альбо, наадварот, будуць спрабаваць даць задні ход? Таму якой будзе канчатковая ці, прынамсі, прамежкавая лічба — мы ўбачым, я думаю, мінімум празь месяц. Бо ў прынцыпе ніхто ня хоча ісьці на чорны рынак, рызыкаваць, калі можна прыйсьці ў банкі і афіцыйна, адкрыта зрабіць тое, што хочаш. Як у любой цывілізаванай краіне».

Паводле зьвестак адміністрацыі Беларускай валютна-фондавай біржы, сёньня попыт на валюту больш чым удвая перавысіў прапанову. Каб не абваліць рубель звыш меры, Нацбанк зноў быў вымушаны ажыцьцявіць валютныя інтэрвэнцыі. Маніторынг абменных пунктаў таксама сьведчыць, што людзі намагаюцца канвэртаваць свае ашчаджэньні ў даляры ці эўра нават па цяперашнім высокім курсе, баючыся яшчэ большага абясцэньваньня рубля.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG