Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Трусаў: Адносіны ў міліцыі да беларускай мовы лепшыя, чым у судах


Алег Трусаў
Алег Трусаў
Старшыня Таварыства Беларускай мовы імя Францішка Скарыны, гісторык Алег Трусаў разважае пра становішча беларускамоўнай прэсы пасьля паведамленьняў пра закрыцьцё адзінай беларускай дзіцячай газэты “Раніца” і плянаванае закрыцьцё часопісу “Бярозка”, а таксама пра агульнае становішча беларускай мовы ў краіне.

Абламейка: Пачну здалёк. Стала вядома, што суд у Менску другі раз спыніў справу па артыкуле "Парушэньне заканадаўства аб мовах", якая была распачатая паводле пазову Тацяны Цяцёркінай да прадавачкі менскай крамы нумар 5, якая публічна зьняважыла беларускую мову. Пра што, на вашу думку, гэтае рашэньне сьведчыць?

Трусаў: Па-першае, на жаль, такіх выпадкаў у Беларусі нямала, але да суду даходзяць толькі адзінкі, бо большасьць людзей баяцца зьвяртацца ў суды. Лепшы варыянт, на маю думку, тут жа напісаць скаргу ў "Кнігу скаргаў і прапановаў" і ліст у мясцовую пракуратуру. Часта вынікі скаргі бываюць лепшымі, чым судовыя. Бо ў судах нават некаторыя судзьдзі, якія абавязаныя ведаць дзьве дзяржаўныя мовы, наймаюць перакладчыка. Ці не зьяўляецца нонсэнсам, што з адной дзяржаўнай мовы перакладаюць на другую за грошы мае, падаткаплацельшчыка? Сыстэму трэба мяняць і праводзіць з судзьдзямі хаця б курсы беларускай мовы.

У супрацоўнікаў міліцыі, дарэчы, адносіны да беларускай мовы намнога лепшыя, чым у судах. Нават на мітынгах абвяшчаюць на дзьвюх мовах, каб народ разыходзіўся. Пратаколы яны могуць па-беларуску скласьці. То бок, сярод гэтых структураў - МУС і суд - адносіны да мовы ў МУС лепшыя, чым у судах. Чым гэта растлумачыць? Адна дзяржава, адны і тыя ж людзі... Значыць, Міністэрства юстыцыі не займаецца гэтымі пытаньнямі, а МУС, відаць, займаецца.
Хай тысяча слухачоў Свабоды зробіць грамадзянскі ўчынак – і беларушчыны паболее!

Абламейка: Сёньня стала вядома, што адзіная беларускамоўная дзіцячая газэта “Раніца” ня ўключаная ў падпісны каталёг на наступны год. Апошні яе нумар выйшаў у верасьні. Цяпер яна стане ўкладзенем у газэце “Переходный возраст”. Ня ўключаны ў падпісны каталёг налета і часопіс “Бярозка”. Мяркуецца, што ён стане дадаткам да часопісу “Маладосьць”. Раней, як вядома, зачынілі “Чырвоную зьмену”. Чыноўнікі тлумачаць усё эканамічнымі прычынамі, маўляў, не хапае грошай. Пытаньне да вас: чаму эканомяць на беларушчыне?

Трусаў: Таму што беларусы гэта дазваляюць, гэта дазваляем мы з вамі. Я прывяду прыклад: колькі разоў хацелі зачыніць "Бярозку", але ТБМ дайшло да адміністрацыі прэзыдэнта, і "Бярозка" выжыла. І мы будзем змагацца і за "Раніцу" - адпаведны ліст я ўжо напісаў і заўтра пашлю. І было б добра, каб хаця б пару соцень слухачоў свабоды літаральна сёньня ўзялі асадку і напісалі лісты ў Міністэрства адукацыі, адміністрацыю прэзыдэнта, у Саўмін: што мы, падаткаплацельшчыкі, патрабуем захаваць для нашых дзяцей і ўнукаў адзіную беларускамоўную газэту. А калі няма грошай - закрыйце "Знамя юности" і зрабіце яго дадаткам да СБ. Альбо перадайце "Раніцу" ў холдынг "ЛіМ", і будзе эканомія. Але газэта будзе ў каталёгу! І калі гэтых лістоў будуць тысячы - улады адступяць. А калі мы будзем маўчаць, і скуголіць на кухні, то і далей будзе так працягвацца. Хай тысяча слухачоў Свабоды зробіць грамадзянскі ўчынак – і беларушчыны паболее!

Абламейка: Вы адсочваеце сытуацыю зь беларускай мовай па ўсёй краіне. Не маглі б вы прывесьці нейкія станоўчыя прыклады зь беларускай мовай?

Трусаў: Напрыклад, мы дамагліся зьменаў у новы закон аб зваротах грамадзян. Там чотка запісана: на якой мове зьвяртаецца грамадзянін, на такой павінен чыноўнік адказваць. З канца году закон уступае ў сілу, і мы заклікаем усіх слухачоў пісаць звароты толькі па-беларску і прыпісваць, што ў адпаведнасьці з артыкулам 18 вышэйзгаданага закону просім даць адказ на дзяржаўнай беларускай мове. І калі чыноўнік адмовіцца - суд прыме меры, бо гэта парушэньне закону. Змагаліся мы за гэта гадоў 5-6. Зараз ТБМ рыхтуе правілы дарожнага руху па-беларуску: каб кожны аўтааматар мог мець правілы на роднай мове. Гэта таксама 5 год працы. Можна прывесьці і іншыя прыклады.

Слухаць гутарку цалкам:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG