Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвята на радзіме Алеся Адамовіча


Глуша, Бабруйскі раён.

Пасёлак Глуша ўзьнік у 1887-м годзе, калі тут быў пабудаваны вялікі шклозавод. За сто гадоў мястэчка актыўна разьвівалася і прыканцы 80-х мінулага стагодзьдзя тут пражывала пад тры тысячы жыхароў. Але напачатку 90-х глушаўская гута падзяліла лёс іншых шклозаводаў. Плястыкавая бутэлька і кардонны пакет пахавалі шкляную тару і разам зь ёю шматлікія прадпрыемствы, які яе выраблялі. На сёньняшні дзень у Глушы жыве крыху больш за тысячу чалавек. І тут, па ідэі, павінна панаваць знакамітая «млявасць і абыякавасць да жыцьця». Але, калі вы завітаеце ў Глушу ў сярэдзіне верасьня, на фэстываль «Глушанскі хутарок», дык трапіце на сапраўднае сьвята беларускага жыцьцялюбства.

На велізарнай паляне, дзе некалі быў стадыён, выступаюць дзясяткі фальклёрных ансамбляў з усёй Беларусі. Дзясяткі майстэрскіх панадворкаў прапаноўваюць свае вырабы — ад лялек да керамікі.

Некалькі шынкоў спаборнічаюць у кухарскім майтэрстве. Можна па-рознаму ставіцца да падобных сьвятаў «дазволенай беларушчыны». Але на маю думку, такія фэсты вельмі патрэбныя. І ня дзеля таго, каб расквеціць шэрыя будні.

Часам толькі на іх і можна пачуць хай псэўдафальклёрную, але беларускую песьню. Што праўда, пачуць жывую беларускую мову з вуснаў вяскоўцаў становіцца ўсё цяжэй.

«Глушанскі хутарок» нарадзіўся дзякуючы старшыні Глушанскага пасялковага Савету дэпутатаў Марыне Сушчанцы. Маладой, актыўнай і прыемнай жанчыне.

— Я ведаю, што па Глушы вельмі ўдарыла закрыццё заводу…

— Уяўляеце псыхалягічны стан, адчуваньне, што яны нікому не патрэбныя? Мы трапілі пад праграму разьвіцьця малых гарадоў і пасёлкаў, і дзякуючы гэтай праграме справа пайшла. Але псыхалягічны стан яшчэ не рэабілітанваны. І мне такімі мерапрыемствамі хочацца паказаць, што можна прадпрымаць нейкія дзеяньні па рашэньні сваіх праблем. Я бачу пасёлак Глушу як маленькі турыстычны комплекс пад Бабруйскам. Чым не цудоўнае месца для адпачынку? Я спадзяюся, што дзякуючы такім СМІ, як «Свабода», як «Звязда», зможам асьвятліць наш пасёлак.

— А Алесь Адамовіч?

— Гэта адзін з брэндаў нашага пасёлку. І калі зафункцыянуе турыстычны комплекс — і, канечне, музэй «Вайна пад стрэхамі». То зразумела трэба гэта ўзносіць на высокую прыступку. Бо кожны павінен ганарыцца сваімі знакамітымі людзьмі, такімі, як Алесь Адамовіч.

У Глушы я лішні раз пераканаўся, што самы страшны эканамічны крызіс абсалютна ня страшны людзям творчым. Такім, як Аляксандар Арлоў. Гэты падцягнуты мужчына сярэдняга веку нарадзіўся і жыў у Казахстане. Затым вярнуўся на радзіму сваёй маці. Прыжыўся. І адрадзіў у Глушы ганчарнае майстэрства. Глушанскія дзеці яго дужа любяць.

— Зараз мы зрабілі гэтую базу па ганчарстве.

— Наколькі ганчарства мае шанцы выжыць у 21-м стагодзьдзі?

— Яно выжыве. Бо столькі складанасьцяў у гэтай рабоце. Сёньня сьвістулька, заўтра гаршчок ці ваза. Яно разьвіваецца. Задумаў столькі, што не пасьпяваеш. Надакучыць гэта ня можа, як усё новае. Гэта самая лепшая работа, якая ў мяне ёсьць.

— Але плацяць за яе мала.

— Мы бюджэтнікі.

— І не было думкі паехаць шабашыць?

— Была. Але лепш быць на радзіме і есьці наш кавалак хлебу беларускі. Я тут ужо прыжыўся, дзеці тут нарадзіліся. Гэта ўжо іх радзіма. Нам на хлеб плацяць, а на масла мы самі заробім. У мяне тры сыны, і яны ўсе лепяць. Ня ведаю, ці будуць яны керамістамі, але ўсё тое добрае, што мы даём ім, усё роўна недзе праявіцца. Акуратнасьць у працы застанецца. Нават калі стане будаўніком, ён з такой акуратнасьцю будзе рабіць… Вучні мае, выпускнікі глушанскія, ня сталі керамістамі, але сталі добрымі людзьмі. Усё найлепшае, што мы можам даць, мы даём ім.

Даўніны ў Глушы амаль не засталося. Цудам ацалеў будынак старой аптэкі. Дзе ў вайну працавала Ганна Мітрафанаўна Адамовіч, маці пісьменьніка.

Падчас акупацыі аптэка выкновала ролю сувязнога пункту падпольля. Пасьля вайны сям’я тут жыла. Галава сям’і Міхаіл Восіпавіч Адамовіч быў адзіным доктарам на ўсё навакольле.

Ён памёр у росквіце сіл, праз тры гады пасьля Перамогі. Але меў такі аўтарытэт, што яго імя і па сёньня выклікае ў старых людзей захапленьне. Як у старой Любові Іванаўны, зь якой я пагаварыў у царкве.

Царква, дарэчы, перавезеная сюды з далёкай нежылой вёскі. І хоць упісалася ў краявід вельмі ўдала, прыхаджан тут мала.

— Прызнацца, мала ходзяць. На сьвяты. Пасха, Тройца. А так лічаныя адзінкі. Хрысьціць прывозяць.

— А Алеся Адамовіча ня памятаеце, пісьменьніка?

— Канечне. Як жа ня памятаць? Памятаю сям’ю. Ганна Мітрафанаўна, маці. Бацька, цар быў. Я ў сёмай клясе вучылася, а яны жылі ў аптэцы, аптэка стаіць. А мы ў гэтай школе глядзім. Ага, ужо прыехаў духавы аркестар. Урок гісторыі пакінулі і пабеглі на провады.

Гэта старая Любоў згадвае пра пахаваньне Міхаіла Адамовіча. На якое сабраліся вяскоўцы з усяго навакольля.

— Гэта быў сьвяціла. Сьвяціла! Адамовіч… Мне было тры годзікі, я памятаю, ён роды прымаў у маёй мамы. Выкідыш. Дома ў нас. Ой, быў урач. «Галубка, трэба табе бабка? Шукай. Я доктар, чым змагу, тым дапамагу. А ты шукай. Калі ты хочаш, калі ты верыш. Шукай». Вось такі быў.

Філёляг Галіна Адамовіч, пляменьніца Алеся, даглядае за домам, дзе жыла сям’я ад 50-х гадоў.

Сваімі вокнамі ён выходзіць на маленькую вуліцу Алеся Адамовіча, былую Школьную.

Гэта адзінае, што пакуль зрабілі для ўвекавечаньня памяці аўтара «Карнікаў».

— Заўсёды ўсё ажывала, калі ён прыязджаў. Пачныалася, як кажуць маладыя людзі, дзьвіжуха. Заўсёды людзі прыходзілі, размаўлялі. Тыя людзі, зь якімі яны сябравалі да вайны, зь кім былі ў вайну. Бо партызан вельмі шмат было. І заўсёды застольле было. А любіў ён гэтыя бярозы. У нас з тых часоў застаўся гамак. Паміж гэтымі бярозамі нацягвалі гамак. Ён клаўся і глядзеў на бярозы.

Дом напоўнены пісьменьніцкай аўрай.

Шмат кніг, радавыя партрэты, старая мэбля, якая таксама ўдзельнічала ў падпольнай барацьбе. У буфэце ёсьць другое дно для хаваньня антыфашысцкіх ўлётак.

— Любіў вось гэтае крэсла. Бо ў гэтым крэсьле сядзела яго маці. Каб глядзець на дарогу, на Варшаўку. Па гэтай варшаўцы некалі ішлі варожыя войскі, потым свае. Гэтае крэсла, гэтыя рэчы — даваенныя. Гэтая вялізная шафа, яе ня зрушыць. Гэта не сучаснае дрэва. Вазьміце, пакратайце рукою. Там падвойнае дно. Там захоўваліся ўлёткі. Бо на Першае мая трэба было вывесіць.

У былых пасялковых уладаў была думка зрабіць у будынку былой аптэкі начную дыскатэку. Але хапіла мазгоў ці сумленьня задуму не зьдзяйсьняць. Думаю, у Марыі Сушчанкі пры дапамозе Натальлі і Галіны Адамовіч, пры ўдзеле Антона Астаповіча атрымаецца стварыць дастойны музэй пісьменьніка. Але будзе несправядліва не згадаць імя чалавека, дзякуючы якому хата да гэтае пары не развалілся. Там, дзе трэба, ён дошчачку прыб’е, дзе трэба, шыбу ўставіць. Гэта Ільхам Джафараў, які зараз на свяце разьлівае гасьцям юшку. Ільхам — прыгажун-азэрбайджанец, які трыццаць гадоў таму ажаніўся на беларусцы і застаўся ў Глушы. І падобна на тое, ані пра гэта не шкадуе.
— Самае галоўнае: за час, які я тут жыву, ні ад аднаго чалавека, ні ад аднаго начальніка, колькі я тут працаваў, — ня быў уціснуты, ці пакрыўджаны, ці неацэнены. У свой час быў ударнікам. Партрэт вісеў на шклозаводзе. 23 гады адпрацаваў на шклозаводзе. Пасьля яго развалу прыйшлося засвойваць іншую спэцыяльнасьць.

— Калі не сакрэт, якую?

— Трактарны завод у Бабруйску, дзе я рэжу мэтал.

— Я ведаю, што на шклозаводзе працавала многа людзей. І куды яны ўсе падаліся?

— Частка людзей пайшлі на пэнсію, бо ў нас былі шкодныя ўмовы працы. Частка людзей перабралася ў саўгасы, частка людзей у Бабруйск.

Вось толькі адну беларускую загадку ніяк ня можа зразумець усходні чалавек.

— Няведаньне сваёй мовы. Не перадаць сваім нашчадкам — гэта сапраўды мінус. Трэба над гэтым працаваць і моладзі, і старэйшаму пакаленьню. Толькі ў гэтым мінус. А так можна ганарыцца, можна жыць доўга і шчасьліва.


Падарожжы Свабоды

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG