Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прызнаваць бабруйскіх анархістаў палітвязьнямі?


У Менску сустрэліся праваабаронцы і бацькі трох бабруйскіх анархістаў, асуджаных за напад на будынак КДБ да 7 гадоў зьняволеньня. Бацькі просяць прызнаць іх сыноў палітвязьнямі, спадзеючыся, што гэта дазволіць дамагчыся вызваленьня.

На сустрэчы праваабаронцаў і палітыкаў 5 кастрычніка быў узгоднены сьпіс палітвязьняў, вызваленьня якіх дамагаецца грамадзянская супольнасьць Беларусі. Гэты сьпіс, ужо накіраваны ў эўрапейскія структуры, пабудаваны паводле формулы 11+3. У першую частку формулы ўключаныя зьняволеныя экс-кандыдаты на прэзыдэнта, іншыя вязьні Плошчы, Аўтуховіч, Бяляцкі, Дашкевіч, Лобаў, а таксама тры засуджаныя ў Менску анархісты. Тры зьняволеныя, якія застаюцца па-за дужкамі, — гэта Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павал Сырамолатаў, якім прысудзілі за спробу падпалу бабруйскага КДБ сямігадовыя тэрміны. Гаворыць бабуля аднаго з асуджаных, Тамара Васьковіч:

Тамара Васьковіч

Тамара Васьковіч

«Я разьлічваю на дапамогу ўсёй грамадзкасьці, бо ён палітвязень. Ён, выступаючы на судзе, не прасіў літасьці, а сказаў, што адстойвае свой пункт гледжаньня: «Жыцьцё кароткае, а радзіма адна, і я павінен яе абараняць».

У калёніі Яўген Васьковіч адмовіўся «працаваць на рэжым» і большую частку часу праводзіць у штрафным ізалятары з-за адмовы падпарадкавацца адміністрацыі калёніі.

Адзін зь менскіх анархістаў, якія ўжо прызнаныя палітвязьнямі, Ігар Аліневіч 11 кастрычніка ўпершыню за час зьняволеньня патэлефанаваў маці. Валянціна Аліневіч паведаміла, што першым было пытаньне сына: а чаму бабруйскіх хлопцаў не прызналі палітвязьнямі?

Маці палітвязьня Валянціна Аліневіч, праваабаронцы Алег Мацкевіч і Валянцін Стэфановіч

Маці палітвязьня Валянціна Аліневіч, праваабаронцы Алег Мацкевіч і Валянцін Стэфановіч

Беларускія праваабаронцы тлумачаць, што бачаць ва ўчынку бабруйскіх анархістаў, у іхнай спробе кінуць дзьве бутэлькі з запальнай сумесьсю ў будынак КДБ нямірны характар. Старшыня БХК Алег Гулак:

«Усё ж казаць пра яўна незаконныя выракі, як гэта было па ўдзельніках падзей 19 сьнежня, па менскай справе анархістаў, пакуль мы ня можам, зыходзячы з выраку і з той інфармацыі па бабруйскай справе, — гэта два прынцыпова розныя выпадкі».

Другая прычына таго, што пра бабруйскіх актывістаў забыліся, — тое, што іх бацькі да апошняга часу маўчалі, амаль не зьвярталіся ў прэсу і да праваабаронцаў. Маці Паўла Сырамолатава Галіна кажа, што іх запалохвала сьледзтва:

«Мы падавалі ўсе скаргі, як і Пракапенкі, але сюды зьвяртацца баяліся. Бо нас папярэджвалі, што гэта можа кепска адбіцца на дзецях».

Маці асуджанага анархіста Паўла Сырамолатава Галіна, бацькі Арцёма Пракапенкі Віялета і Анатоль

Маці асуджанага анархіста Паўла Сырамолатава Галіна, бацькі Арцёма Пракапенкі Віялета і Анатоль

Бацька Арцёма Пракапенкі кажа, што дзяржава сама зрабіла іх дзяцей палітвязьнямі, сурова засудзіўшы іх за пратэстны ўчынак, які нанёс шкоду каля 30 даляраў. Анатоль Пракапенка:

«Гэта ж дзеці яшчэ, ім па 19–20 гадоў. Так, у іх юнацкі максымалізм, свае погляды, якія яны выказалі не зусім прымальным спосабам... Мы будзем выкарыстоўваць усе даступныя мэтады для таго, каб вызваліць нашага сына. Дапаможа гэта ці не — паглядзім».

Палітыкі Ўладзімер Раманоўскі з АГП і Віталь Рымашэўскі з БХД заявілі, што іх партыі адназначна прызнаюць віцебскіх анархістаў палітвязьнямі:

«Цяперашняя ўлада ўвесь час правакуе грамадзтва на супраціў у той ці іншай форме. І ў гэтым палягае палітычны фактар, палітычная аснова гэтай праблемы», — зазначыў Уладзімер Раманоўскі.

«Самае галоўнае ў тым, што гэта палітычная справа і што іх трэба вызваліць, і мы павінны быць салідарныя ў гэтым, павінны быць разам, — лічыць Віталь Рымашэўскі. — Калі мы будзем зараз гаварыць пра тое, мелі яны намер ці не, была гэта падрыхтаваная група ці не, калі будзем па літары закону разьбіраць, то я баюся, што гэтым хлопцам па гэтай літары, грунтуючыся на іх жа паказаньнях, можна дабавіць тэрмін».

Бацькі бабруйскіх анархістаў, палітыкі, актывісты грамадзянскай супольнасьці шмат казалі пра парушэньні падчас суду над анархістамі, ціск і запалохваньні з боку сьледчага, пра празьмерна суровую кваліфікацыю іхнага ўчынку і неапраўдана суровы вырак, пра дасудовую перадузятую ацэнку іх дзеяньняў у дзяржаўных СМІ, пра тое, што ў іх не было намеру спаліць будынак, а толькі выказаць пратэст, нарэшце — пра палітычную адказнасьць тых, хто заклікае суграмадзян да барацьбы з дыктатурай.

Праваабаронцы заявілі, што праз тыдзень змогуць зрабіць нейкія высновы.

«Мы зараз будзем вывучаць тыя дакумэнты, якія ёсьць па гэтай справе: прысуд, касацыйныя скаргі, сьведчаньні, якія зможам атрымаць, — кажа Алег Гулак. — З гэтага будзем рабіць высновы. Але ўжо сёньня зразумела, што справа безумоўна палітызаваная, а з другога боку — хлопцы відавочна рабілі нямірныя дзеяньні. Падпалы мы ўсё ж ня можам абараняць як сродкі палітычнай барацьбы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG