Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці забаранілі пікеты кампаніі «Гавары праўду»


Уладзімер Вуек

Уладзімер Вуек

Берасьцейскі гарвыканкам адмовіў актывістам кампаніі «Гавары праўду» Ігару Маслоўскаму, Ганьне Канюс і Ўладзімеру Вуеку ў правядзеньні трох пікетаў.

Грамадзкія актывісты меркавалі правесьці іх у межах праграмы «Крок у Эўропу», каб праінфармаваць берасьцейцаў наконт праблемы вакол беларуска-польскай міжурадавай дамовы аб прымежным руху. Гэтая дамова дае жыхарам 50-кілямэтровай прымежнай тэрыторыі права на бязьвізавае перасячэньне мяжы. На думку актывістаў, гэтая дамова не рэалізуецца зь віны беларускага боку.

Пікеты плянаваліся на пешаходнай вуліцы Савецкай у Берасьці. Гэта і сталася адной з падставаў для адмовы, бо вуліца Савецкая ня ўключаная ўладамі ў сьпіс месцаў для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Акрамя таго, актывісты не заключылі дамовы на абслугоўваньне пікету з камунальнікамі, мэдыкамі і міліцыяй.

Паводле аднаго з заяўнікаў пікету Ўладзімера Вуека, адмовы з такіх прычынаў становяцца ў Берасьці ўжо традыцыяй:

«Нягледзячы на ўсю актуальнасьць праблемы, берасьцейскія ўлады карыстаюцца банальнымі адпіскамі. Забарона правядзеньня пікету нашай ініцыятывы „Крок у Эўропу“ — гэта ўсяго толькі нежаданьне выканаўчай улады ўлічваць меркаваньне ўласных грамадзянаў».
XS
SM
MD
LG