Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бел-чырвона-белы сьцяг пад забаронай цяпер і ў Польшчы


У часе інцыдэнту ў Быдгашчы.
У часе інцыдэнту ў Быдгашчы.
Беларускія заўзятары ня маюць права ўжываць бел-чырвона-белы сьцяг на міжнародных спартыўных мерапрыемствах у Польшчы. Гэта вынікае з адказу польскай пракуратуры на заяву пра ўчыненьне злачынства адносна групы беларускіх баскетбольных заўзятараў на матчы Беларусь-Літва ў польскім Быдгашчы. Такую заяву ў польскую пракуратуру падаў беларускі заўзятар Ігар Шчакарэвіч.

Паводле супрацоўнікаў польскай пракуратуры, бел-чырвона-белы сьцяг «не зьяўляецца афіцыйна прынятым (obowiązującym) нацыянальным сьцягам Беларусі». Таму беларускія заўзятары ня мелі права ўжываць яго на матчы.

Адмову Шчакарэвіча выйсьці з залі польская пракуратура расцаніла як «актыўны супраціў». Таму супрацоўнікі аховы, маўляў, нічога не парушылі, калі ўжылі супраць Шчакарэвіча сілу.

Сам Шчакарэвіч ня зьдзіўлены такім адказам.

«Яго я атрымаў ад польскай пракуратуры, якая мэтанакіравана выдала Беларусі банкаўскія зьвесткі Алеся Бяляцкага. Гэта тая самая пракуратура, якая ўжо 12 гадоў займаецца перасьледам палітычнага ўцекача Андрэя Жукаўца. Думаю, у польскай пракуратуры яшчэ шмат „беларускіх шкілетаў“ у шафе», заявіў Шчакарэвіч прэс-службе Цэнтру «Супрацоўніцтва бязь межаў».

Інцыдэнт здарыўся 25 чэрвеня 2011 году на матчы Беларус-Літва чэмпіянату Эўропы па баскетболе сярод жанчын у польскім Быдгашчы. Служба аховы стадыёну, дзе праходзіла гульня, не давала групе беларускіх заўзятараў разгарнуць бел-чырвона-белыя сьцягі, а пасьля даволі груба выдаліла беларусаў са стадыёну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG