Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы кіраўнік ураду Ўкраіны Юлія Цімашэнка асуджаная Пячэрскім судом Кіева на сем гадоў турмы. Экс-прэм’ера прызналі вінаватай у перавышэньні службовых паўнамоцтваў пры заключэньні газавых кантрактаў з Расеяй у 2009 годзе. Ці дае падставу такі прысуд казаць пра «беларусізацыю» ўкраінскай улады — перайманьне тых мэтадаў, якімі ўжо на працягу сямнаццаці год карыстаецца Аляксандар Лукашэнка дзеля ўмацаваньня рэжыму асабістай улады?

Прысудзіўшы Юліі Цімашэнцы сем гадоў за кратамі, суд адначасова забараніў ёй тры гады займаць дзяржаўныя пасады. Таксама суд абавязаў яе выплаціць кампаніі «Нафтагаз» кампэнсацыю ў памеры 187 мільёнаў даляраў.

Кандыдат у прэзыдэнты Беларусі ў 2001-м годзе Ўладзімер Ганчарык лічыць, што гэтыя дзеяньні найвышэйшай улады Ўкраіны шмат чым нагадваюць паводзіны Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненьні да сваіх палітычных апанэнтаў:

«Я думаю, што гэта так. Учора я слухаў выступ Юліі Цімашэнкі. І, лічу, яна сказала праўду, што Ўкраіна ідзе па шляху аўтарытарызму.

Гэты працэс былога прэм’ера, вядома, палітычны. Па-першае, з унутраных украінскіх абставін, калі выразна бачна, што ўмацоўваецца аўтарытарызм. А па-другое, такім працэсам Украіна паказвае канфрантацыю альбо намёк на сваю асаблівую пазыцыю ў дачыненьнях з Расеяй».

А вось Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі, лічыць, што параўноўваць беларускі і ўкраінскі рэжымы пакуль заўчасна:
Рабіць высновы пра „беларусізацыю“ ўкраінскіх уладаў трошкі заўчасна.

«Асуджэньне Цімашэнкі, канечне, вельмі падобнае да таго, што адбывалася ў Беларусі. І з боку Януковіча гэта такі сымбалічны ход. Але сёньня ў Кіеве Нацыянальная рада разглядае пытаньне аб дэкрыміналізацыі таго артыкула, па якім асудзілі Цімашэнку. І гэта сьведчыць, што на Ўкраіне, у адрозьненьне ад Беларусі, больш адчувальныя да ціску з боку Эўрапейскага Зьвязу. Асабліва ў працэсе падпісаньня пагадненьня пра асацыяцыю з ЭЗ. Таму рабіць высновы пра „беларусізацыю“ ўкраінскіх уладаў трошкі заўчасна».

Юрыст, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Павал Знавец лічыць, што адназначнага адказу на такое пытаньне няма:

«Вядома, што гэтым прысудам вельмі зьдзіўлены і занепакоены расейскі прэм’ер Пуцін. Бо такі вырак кідае цень і на ягоны імідж, і на газавыя дамовы паміж Расеяй і Ўкраінай. І гэта выглядае вельмі неадназначна.

Я штогод бываю ва Ўкраіне. І там некаторыя людзі кажуць, што Цімашэнка скрала значна болей за 200 мільёнаў. Ва Ўкраіне, на мой погляд, будуецца бандыцкі капіталізм. І там нечым сацыяльным, як у нас, нічога і ня пахне. Там цяпер кіруе данецкая групоўка з жахлівым крымінальным мінулым. Кажуць, гэтыя людзі і абурыліся, што Цімашэнка пачала няхіла зарабляць на газе, на іншых актывах. І таму параўноўваць беларускія і ўкраінскія працэсы я б перасьцярогся».

З асуджэньнем прысуду Цімашэнцы выступіў расейскі МЗС, які ўбачыў у ім «відавочны антырасейскі падтэкст». Кіраўнік дыпляматычнага ведамства Эўразьвязу Кэтрын Эштан таксама выказала шкадаваньне з прычыны рашэньня кіеўскага суду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG