Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славаччына ўзьняла бунт у эўразоне


Івэта Радзічава
Івэта Радзічава
Славаччына стала адзінай краінай эўразоны, якая не ўхваліла пашырэньне паўнамоцтваў стабілізацыйнага фонду. Першая славацкая жанчына-прэм’ер Івэта Радзічава зьвязвала галасаваньне ў парлямэнце з даверам да свайго ўраду і заяўляе пра яго адстаўку.

У канцы верасьня славакі адзначылі тысячу дзён, як краіна перайшла на эўра. Людзі ў асноўным задаволеныя, але пэрспэктыва даплачваць за стабільнасьць эўразоны падзяліла ўрадавую кааліцыю. Найбольш выразна пра сваю пазыцыю заявіў лідэр партыі “Свабода і справядлівасьць”, старшыня парляменту Рыхард Сулік:

“Гэта не салідарнасьць, калі славацкі пэнсіянэр з пэнсіяй 400 эўра стаў бы плаціць вышэйшыя падаткі дзеля таго, каб грэцкі пэнсіянэр мог сабе пакінуць у тры разы вышэйшую пэнсію”.

Славаччына лічыцца адной з найбяднейшых краінаў эўразоны. Паводле першапачатковай дамовы, краіна гарантавала свой унёсак 4,5 мільярда эўра ў стабілізацыйны фонд эўразоны. Прыняцьце дамовы аб пашырэньні гэтага фонду азначала б, што краіна павінна гарантаваць унёсак 7,7 мільярда, а гэта прыблізна 10 працэнтаў валавога ўнутранага прадукту краіны. Прэм’ерка Радзічава настойвала на тым, што, уступіўшы ў эўразону, краіна мусіць датрымлівацца калектыўнай адказнасьці і абавязкаў. Менавіта таму галасаваньне аб пашырэньні паўнамоцтваў стабілізацыйнага фонду Радзічава спалучыла з пытаньнем даверу ўраду:

“Таму я інфармавала сваіх партнэраў па кааліцыі, што сёньняшняе галасаваньне пра нашу будучыню ў Эўропе я спалучаю з галасаваньнем пра давер ураду”.

Радзічава прайграла. Толькі 50 са 150 дэпутатаў парлямэнту падтрымалі яе пазыцыю. Далейшая сытуацыя на палітычнай сцэне будзе залежаць ад прэзыдэнта Івана Гашпаравіча, які перапыніў сваё падарожжа па краінах Усходняй Азіі і тэрмінова вяртаецца ў Браціславу. Прэзыдэнт паводле канстытуцыі павінен накіраваць урад у адстаўку. Але выказваньне недаверу ўраду яшчэ не азначае абвяшчэньне датэрміновых выбараў. Да таго ж ня выключана, што партыі ўрадавай кааліцыі яшчэ вернуцца да галасаваньня наконт стабілізацыйнага пакету.

Упэўненасьць у тым, што ён будзе прыняты, выказала нямецкая канцлерка Ангела Мэркель. Міністар замежных спраў Аўстрыі Міхаэль Шпіндэлегер выказаў таксама меркаваньне, што стабілізацыйны фонд можа функцыянаваць і без Славаччыны. Аналітыкі між тым адзначаюць, што ўпершыню ад пазыцыі такой малой краіны, як Славаччына, можа залежаць сытуацыя і каціроўкі на сусьветным валютным рынку. Некаторыя замежныя назіральнікі ў кулюарах славацкага парлямэнту выказвалі меркаваньне, што малая Славаччына таксама стварыла прэцэдэнт “бунту” супраць брусэльскай бюракратыі . На падставе гэтага яны не выключаюць узьнікненьне ў Эўразьвязе эфэкту даміно.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG