Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У банку была парторгам. А цяпер — заўзятая верніца, сьпявае на клірасе"


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 12 кастрычніка 2011 году

Большая частка лістоў, якія мы атрымліваем у гэтыя кастрычніцкія дні, — на тэму эканамічнага крызісу, які ахапіў Беларусь. Наступствы яго на ўласных кішэнях адчуваюць амаль усе беларускія грамадзяне. Многія нашы слухачы, раcпавядаючы пра заняпад айчыннай гаспадаркі, выказваюць уласныя вэрсіі — чым спрычынены імклівы крах таго, што прыўладныя прапагандысты яшчэ ўчора называлі "беларускім эканамічным цудам".

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога допісу, які даслаў наш даўні слухач і аўтар Ігар Пасноў, дзіцячы доктар зь Віцебску. Спадар Ігар у сваім горадзе даўно і пасьлядоўна змагаецца за тое, каб бюджэтныя грошы накіроўваліся найперш на занядбаную дзяржаўную мэдыцыну, а не на вонкавае аздабленьне гарадзкіх вуліц. У сваім лісьце на "Свабоду" слухач піша:

"Цяпер ужо кожны адчуў: хваля крызісу накрыла Беларусь. Больш як два гады я дамагаюся рэканструкцыі мэдычных устаноў у нашай самай сацыяльна адсталай вобласьці. Пасьля чарговай камісіі зь Менску і крытычнага сюжэту на дзяржаўным тэлебачаньні нарэшце некаторыя бальніцы і паліклінікі зачынілі на рэканструкцыю. Раней усе грошы ішлі на рэстаўрацыю фасадаў, аздабленьне, тратуарную плітку.

Але тут грымнуў крызіс. Грошай на працяг рамонту няма. Вось дзіцячая паліклініка на вуліцы Чкалава: рамонт не завершаны, а кіраўніцтва крычыць: у сьнежні пераяжджаем...

І колькі ж мне яшчэ лемантаваць: не марнуйце грошы на паказуху! Цэнтар Віцебску аж зьзяе ў ілюмінацыі. Два цеплаходы красуюцца на абмялелай рацэ. А гэта — 8 мільярдаў рублёў! На гэтыя грошы можна было завяршыць усе рамонты ў шпіталях ды паліклініках. А пакуль ніводзін дзіцячы садок гораду ня знаў капітальнага рамонту. Большасьць дзіцячых паліклінік і бальніц — у руінах. Галеча і ўбоства! Ці магло б такое здарыцца на Захадзе? Упэўнены, што не. Людзі там плацяць мэдычныя страхоўкі, мэдыцына фінансуецца так, як належыць. Паказушніка-марнатраўцу там адразу б паставілі на месца!

Я верыў прэзыдэнту, што ён пабудуе квітнеючую Беларусь, — піша ў сваім лісьце на "Свабоду" Ігар Пасноў. — А цяпер разумею: гэты лёзунг — толькі фанцік, бліскучы і прыгожы. А вось цукерачка, што ўсярэдзіне, — цьвёрдая ды плесьняй пакрытая. Вельмі шкада. Калі б пачалі рамонты гады два-тры таму — тысячы людзей можна было б ўратаваць ад пакутаў, аказаць ім належную дапамогу.

А пакуль што ў нас працягваецца своеасаблівая алькагольная вайна супраць уласнага народу. Няякаснае "чарніла" каштуе таньней за квас. Людзі труцяцца звычайным пойлам, набытым у краме. За год толькі ў тым доме, дзе я жыву, памерлі ва ўзросьце 40—50 гадоў пяць ці шэсьць чалавек — менавіта ад віна ды піва. П'янымі лягчэй кіраваць. Яны ж ня думаюць пра заўтрашні дзень. Лёзунг пра "чарку ды скварку" вядзе да выміраньня Беларусі, назваць якую "квітнеючай" можна хіба толькі ў двукосьсі"
.

Кіраваць залежнымі ад алькаголю, можа, і лягчэй. Але што за работнік зь пітушчага чалавека? Ці дагледжаныя ягоныя дзеці? Ці здольны ён іх выхаваць і даць добрую адукацыю? Якія ў яго заробкі, а адпаведна — якія падаткі ён заплаціць у бюджэт? Колькі грошай павінна патраціць дзяржаўная мэдыцына на тое, каб лячыць яго ад тых хваробаў, якія спадарожнічаюць алькагалізму і ў яшчэ не старым веку заганяюць алькаголіка на бальнічны ложак, у інвалідны вазок, а то і ў магілу?

Тое, што дзяржава не набывае, а страчвае ў выніку спойваньня насельніцтва танным алькаголем, шматкроць аргумэнтавана і даказана рознымі спэцыялістамі. На працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў у якасьці адметнага нэгатыўнага прыкладу алькагалізацыі грамадзтва звычайна згадвалі 60—70-я гады, пэрыяд кіраваньня Брэжнева. Думаю, што тыя гады не ідуць ні ў якае параўнаньне з эпохай Лукашэнкі. Пры Брэжневу паўлітроўка гарэлкі каштавала 3—5 рублёў і была зусім не агульнадаступнай. Сёньня паўлітра гарэлкі ў пераліку на савецкія рублі таго пэрыяду каштуе 40—50 капеек: ніколі ў гісторыі Беларусі алькаголь ня быў такі танны. Леанід Ільіч на гэтым тле выглядае проста змагаром за цьвярозасьць.

Стан мэдычных устаноў турбуе і другога нашага віцебскага слухача — Аляксандра Яцкевіча. Ён ведае пра змаганьне, якое вядзе ў Віцебску доктар Ігар Пасноў, але заклапочаны галоўным чынам уласнымі праблемамі. Слухач піша:

"Тое, што часам вам паведамляе доктар Пасноў, — гэта амаль нічога... Асабіста мяне найперш турбуе маё ўласнае. Аднойчы як калека я папрасіў, каб мяне паклалі бліжэй да хаты, у абласную бальніцу — падлячыць ногі... Мала таго, што кожны раз я сам вымушаны кантраляваць ціск і працу сэрца, бо за гэтым ня сочаць. Апошнім разам, калі лёг туды, праляжаў трое сутак. За гэты час мне паставілі тры кропельніцы. І нягледзячы на тое, што працэдурная сястра вельмі кваліфікаваная, у мяне пасьля гэтага ўпершыню за ўсё жыцьцё зьявіліся гематомы, якія потым, як мне падаецца, выліліся ў раны на нагах... Самаадчуваньне было вельмі кепскае. Я ўцёк з бальніцы дахаты і самастойна аднаўляў здароўе.

На апэрацыю, хоць бы і ў Бараўлянах, — няма грошай. Ніхто нават не прыедзе пры нашай галечы. Будуць тварыць, што захочуць
".

Цяжка сказаць, спадар Аляксандар, наколькі абгрунтаваныя вашы папрокі, здагадкі і падозраньні. Ня ёсьць адкрыцьцём тое, што хворыя ў беларускіх бальніцах зусім не расьпешчаныя празьмернай увагай і клопатам з боку мэдпэрсаналу. Здараюцца і мэдычныя памылкі — але гэта павінна быць прадметам пільнага прафэсійнага разбору.

А з другога боку, як разьлічваць на абслугоўваньне высокага ўзроўню, калі вядома, што за сваю цяжкую і адказную працу доктар і мэдсястра атрымліваюць меней, чым некваліфікаваны рабочы на будоўлі? Уся сёньняшняя сыстэма аховы здароўя ў Беларусі мае патрэбу ў грунтоўных рэформах.

Аўтар наступнага ліста, Галіна Цялушкіна зь Менску, зьвяртаецца на "Свабоду" з прэтэнзіямі і абвінавачаньнямі — у прыватнасьці, з нагоды асьвятленьня намі апазыцыйных акцый пратэсту. Слухачка піша:

"Усе мы, людзі, шукаем найперш уласную выгаду. І тут розьніцы няма, хто прэзыдэнт. Была б на месцы прэзыдэнта я ці вашы Лябедзькі — усё роўна кожны цягне коўдру на сябе.

Вось адна мая знаёмая ў свой час працавала на адказнай пасадзе ў Нацбанку, цяпер атрымлівае вялізную па нашых мерках пэнсію. Дык вось, у банку яна ўзначальвала партыйную арганізацыю. А цяпер — заўзятая верніца, сьпявае на клірасе. Яе дзеці, зяці — усе ў БРСМ ці ў "Белай Русі". Так што ўсе мы — прыстасаванцы.

А я ж вось трапіла на ваш кручок: наслухалася пра акцыі незадаволеных, далучылася. Але паколькі я пэнсіянэрка, дык да мяне асабліва не чапляліся. Затое праз КДБ за мой "хуліганскі" ўчынак давялося адказваць дачцэ.

У вас таксама свае ўласныя інтарэсы. Праз такіх дурняў, як я, вы выжываеце і цудоўна сябе адчуваеце. Але ўсё гэта — падман, ня больш за тое. Больш вы не спадзявайцеся, што я траплю да вас на кручок"
.

Нават і ня ведаю, што вам параіць, спадарыня Галіна. У БРСМ вас, напэўна, ужо не запішуць. А вось у "Белую Русь" папрасіцца можна — яны якраз ператвараюць гэтую арганізацыю ў палітычную партыю. Праўда, ці падвысяць вам за партыйства пэнсію — пытаньне складанае. Напэўна, трэба зьвяртацца з запытам у райкам ці абкам партыі...

Што да, кажучы вашымі словамі, "закідваньня кручкоў". Ні да якіх палітычных акцый мы не заклікаем. Удзельнічаць ці ня ўдзельнічаць у іх — справа вашага асабістага выбару. А вось інфармаваць пра грамадзкія пратэсты і пра тое, як улада помсьціць іх удзельнікам, мы будзем гэтак жа, як інфармавалі заўсёды. Кожны чалавек мае права на ўласныя палітычныя погляды і на публічнае іх адстойваньне, у тым ліку шляхам мірных пратэстаў і дэманстрацый. Гэтае прызнанае ва ўсім цывілізаваным сьвеце права мы шляхам распаўсюду праўдзівай аб'ектыўнай інфармацыі дапамагаем абараняць тым людзям у Беларусі, якія адрозна ад вас, спадарыня Цялушкіна, ня лічаць прыстасаванства і крывадушнасьць чалавечымі вартасьцямі.

Наступны ліст — таксама ад пэнсіянэркі, але зусім зь іншай жыцьцёвай пазыцыяй і стаўленьнем да тых палітычных і грамадзкіх падзеяў, якія адбываюцца ў сёньняшняй Беларусі. Наша слухачка Яўгенія Карцава зь Віцебску піша:

"Я — пэнсіянэрка, хутка 78 год. На радзіму вярнулася ў 81-м годзе — вось ужо тры дзесяцігодзьдзі таму. А перайсьці на родную мову ніяк не атрымліваецца. Дый зносіны ў мяне — толькі з кнігамі. Атрымліваецца, жыву дагэтуль у ХХ-м стагодзьдзі. Шыю, вяжу. Ёсьць для каго: маю пяцёх унукаў — ад 17 да 30 год. Слухаю "Свабоду", чытаю беларускія кнігі, газэты "Народная воля" і "Наша ніва". Дапамагаю ўнукам.

Я ў курсе ўсіх тых абуральных падзеяў — арыштаў, перасьледу, зьдзеку з палітвязьняў — якія маюць месца сёньня ў Беларусі. Шкада, што сама ўжо нічым у гэтай справе дапамагчы моладзі не магу. Але вельмі хочацца дажыць да таго часу, калі над Беларусьсю будуць лунаць бел-чырвона-белы сьцяг і герб "Пагоня".


Дапамагчы моладзі вы можаце, спадарыня Яўгенія. І я ўпэўнены, што дапамагаеце, найперш сваім дзецям і ўнукам — тым, што даяце жыцьцёвы прыклад, што настаўляеце на правільны шлях сваімі мудрымі парадамі, якія грунтуюцца на шматгадовым досьведзе і мудрасьці папярэдніх пакаленьняў. І гэта ў цяперашнім жыцьці зусім ня мала.

І на заканчэньне — ліст ад нашага даўняга сябра Сяргея Карабача зь Літвы, зь Вільні. Слухач піша:

"Радыё Свабода (а раней, калі не памыляюся, Радыё Вызваленьне) я слухаю з 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Тады рабіць гэта было вельмі складана: глушылі вас бесьперапынна. Нягледзячы на гэта, многія цікавыя перадачы даходзілі да слухача. Асабліва запомніліся выступы на гістарычныя тэмы Язэпа Барэйкі. Усе актуальныя палітычныя і грамадзкія тэмы асьвятляліся з глыбокім беларускім патрыятызмам. Такі ж падыход (і нават у значна большай ступені) культывуецца і цяпер. Дзякуй вам за гэта".

Дзякуй за добрыя словы і вам, спадар Сяргей, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду".

З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.


Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG